Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 красавіка 1999 г.


Галіна Айзэнштат, Менск

«Малюнак канчаткова праясьніцца дні за два да выбараў», - неаднаразова адказвалі нашаму карэспандэнту ў Цэнтральнай Выбарчай Камісіі краіны, калі ставілася пытаньне — колькі міжнародных назіральнікаў будзе прысутнічаць на мясцовых выбарах, якія пройдуць 4 красавіка. І вось гэты час настаў. І што ж высьвятляецца?

У папярэдніх рэпартажах мы перадавалі, што згоду даслаць назіральнікаў выказалі місія АБСЭ ў Менску, расейскае пасольсыва ў Беларусі, прадстаўніцтва ААН у Менску і Асацыяцыя Арганізатараў Выбараў Краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, што месьціцца ў Будапэшце, хоць ЦВК праз МЗС даслала запрашэньні ва ўсе вядучыя міжнародныя арганізацыі, улучна з Эўрасаюзам і Эўрапарлямэнтам.

У гутарцы з карэспандэнтам Радыё Свабода намесьнік старшыні «камісіі па дзяржаўнаму будаўніцтву і мясцоваму самакіраваньню» «палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу» Мікалай Лазавік дадаў да сьціплага сьпісу арганізацыяў, што ўжо далі згоду прыслаць назіральнікаў, яшчэ і Дзяржаўную Думу Расеі. Аднак кіраўнік аддзелу зьнешніх сувязяў ЦВК Андрэй Вільчынскі ўдакладніў: «Дзярждума заяўку на назіральнікаў не давала. Яе зрабіла ЦВК Расеі». Акрамя таго заяўка паступіла ад пасольства Чэхіі ў Беларусі.

Агульная колькасьць усіх міжнародных назіральнікаў складае 34 чалавекі. Зь іх каля 20 — ад АБСЭ, астатнія прыпадаюць на іншыя пералічаныя вышэй установы. А выбары ж пройдуць у амаль 25 тысячах выбарчых акругаў. У ЦВК выказваюць намер працягваць акрэдытацыю міжнародных назіральнікаў нават у дзень выбараў, калі тыя прыедуць, але наўрад ці нешта кардынальна зьменіцца ў агульным малюнку зь імі.

Галоўную скрыпку будзе іграць кансультацыйна-маніторынгавая група АБСЭ, якая працуе ў Менску. Яна нават асобна, без Усебеларускага Клюбу Выбаршчыкаў, які прапаноўваў зрабіць гэта супольна, з улікам асаблівасьцяў беларускіх умоваў і заканадаўства, выдала даведнік выбаршчыка, аддрукаваўшы яго ўва Ўкраіне. «Халтурны зборнік, - такую жорсткую ацэнку даў яму старшыня клюбу Ўладзімер Гудзееў. - Група АБСЭ, адмаўляючыся выдаваць яго разам з намі, абяцала тым ня менш улічыць і нашыя прапановы. І што ж? Ніводнай не ўлічыла! Напрыклад: мы прасілі ўключыць у даведнік вытрымкі з артыкулаў крымінальнага кодэксу пра тое, што за фальсыфікацыю вынікаў выбараў прадугледжанае пакараньне — але гэта ня зроблена. Нам патлумачылі, што і нельга было рабіць — бо, маўляў, выбарчыя камісіі ўспрынялі б такія вытрымкі як пагрозу сабе. Таксама, - працягваў Гудзееў, - мы прасілі ўключыць у даведнік параду — як складаць пратакол у выпадку выяўленьня парушэньняў пры галасаваньні. І гэта не было зроблена. Адным словам, падсумаваў старшыня Ўсебеларускага Клюбу Выбаршчыкаў, мы вымушаныя былі ў пажарнай сьпешцы за адзін тыдзень падрыхтаваць і выдаць свой даведнік. Сёньня мы пачалі рассылаць яго нашым актывістам у рэгіёнах».

Гудзееў павеедаміў, што ад клюбу ў ролі назіральнікаў будзе задзейнічана каля 500 чалавек. Лічба ўнушальная — у параўнаньні з колькасьцю міжнародных назіральнікаў. Але і яна невялікая з улікам тысячаў выбарчых акругаў. Так што вынік гэтых выбараў цалкам прадказальны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG