Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 красавіка 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі выказала сумнеў адносна колькасьці сабраных подпісаў, абвешчаных учора Цэнтральнай Выбарчай Камісіяй. Таксама былом заяўлена, што выбары ў траўні могуць не адбыцца, калі Вярхоўны Савет не даможацца прысутнасьці міжнародных назіральнікаў.

Сёньняшнія заявы кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту могуць значна паўплываць на хаду выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі. Учора старшыня ЦВК Віктар Ганчар падчас рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты паведаміў, што штаб Зянона Пазьняка сабраў 137 тысячаў подпісаў, а штаб Міхаіла Чыгіра — 120 тысячаў.

Сёньня выканаўца абавязкаў старшыні БНФ Лявон Баршчэўскі заявіў на прэсавай канфэрэнцыі:

(Баршчэўскі:) «Лічбы Цэнтральнай Выбарчай Камісіі мы разглядаем як вельмі папярэднія, бо праверка подпісаў тэрытарыяльнымі камісіямі ў адпаведнасьці з законам будзе працягвацца да 5 красавіка, і яны гэтую працу робяць. Сёньня мы можам ручацца за адпаведнасьць закону і несумненную сапраўднасьць ня менш як 114 тысячаў подпісаў у падтрымку Зянона Пазьняка.

Ініцыятыўная група Міхаіла Чыгіра, на наш погляд, можа сёньня ручацца ня больш як за 90 тысячаў подпісаў. Гэта ня значыць, што астатнія 23 тысячы з нашага боку і прыблізна 33 тысячы з боку групы Міхаіла Чыгіра абавязкова несапраўдныя, але яны мусяць правярацца і правярацца. Таму рэгістрацыю кандыдатаў з боку ЦВК 31 сакавіка мы лічым хоць і абсалютна законнай акцыяй, але пасьля праверкі ўсіх пратаколаў і падпісных лістоў, на наш погляд, яе вынікі могуць зьмяніцца і зьмяніцца істотна».

Лявон Баршчэўскі заявіў, што пасьля рэгістрацыі Зянона Пазьняка кандыдатам у прэзыдэнты ён пакуль ня вернецца ў Беларусь. Выканаўца абавязкаў старшыні БНФ паведаміў таксама, што пэрспэктыва саміх выбараў у траўні выклікае ў кіраўніцтва фронту шмат пытаньняў, галоўнае зь якіх — прысутнасьць міжнародных назіральнікаў. У сувязі з гэтым фронт выставіў умову:

(Баршчэўскі:) «Калі Вярхоўны Савет не даможацца ад Арганізацыі Бясьпекі й Супрацоўніцтва ў Эўропе, іншых эўрапейскіх структураў карэкцыі свайго стаўленьня да выбараў 16 траўня, дасыланьня ў масавым парадку тысячаў іхных назіральнікаў на выбары, калі ня будзе такім чынам гарантаваная мінімальная бясьпека сябрам выбарчых камісіяў усіх узроўняў і выбаршчыкам — найперш па-за межамі Менску і буйных гарадоў — выбары адбыцца наўрад ці змогуць».

Матывуючы гэтую заяву, Лявон Баршчэўскі патлумачыў, што толькі на першым этапе збору подпісаў 100 зьбіральнікаў подпісаў за Пазьняка былі арыштаваныя і 1000 сяброў БНФ, якія ўвайшлі ў выбарчыя камісіі, адчувалі ціск з боку ўладных структураў.

Цяпер пачынаецца фармаваньне ўчастковых камісіяў, якія запатрабуюць каля 12 тысячаў чалавек. Фронт не жадае пакласьці ўсе свае структуры і рупіцца пра бясьпеку і міжнародныя гарантыі, якія здольныя зьмякчыць рэпрэсіі.

Камэнтуючы заяву пра недакладнасьць агучаных учора вынікаў збору подпісаў, старшыня Цэнтральнай Выбарчай Камісіі Віктар Ганчар заявіў:

(Ганчар:) «Вынікі, якія адлюстраваныя ў нашым выніковым пратаколе адзін у адзін супадаюць з вынікамі, якія бездакорна аформленыя ў пратаколах адпаведных абласных і менскай гарадзкой камісіі. Таму такія заявы для мяне з фактычнага і зь юрыдычнага боку незразумелыя. Вынікі бездакорныя і абсалютна чыстыя».

Віктар Ганчар цалкам пагаджаецца з тым, што міжнародныя назіральнікі павінны прысутнічаць на прэзыдэнцкіх выбарах. Разам з тым ён лічыць:

(Ганчар:) «Мы, зразумела, зробім усё, каб міжнародныя наглядальнікі прысутнічалі. Але гэта паўплывае не на вынікі галасаваньня, а на магчымае міжнароднае прызнаньне гэтых вынікаў. Я ўпэўнены, што для гэтага ёсьць усе ўмовы і падставы».

Зразумела, што правакуючы Вярхоўны Савет і ЦВК на больш актыўныя дзеяньні ў прыцягненьні міжнародных назіральнікаў, БНФ імкнецца атрымаць ня толькі гарантыі бясьпекі для сяброў фронту, якія ўвойдуць у склад выбарчых камісіяў, але і гарантыі справядлівага падліку галасоў. У сувязі з гэтым Віктар Ганчар паведаміў:

(Ганчар:) «Мы дамовіліся, што ва ўчастковых камісіях будзе балянс, гэта значыць — у кожнай камісіі тры ўмоўныя прадстаўнікі ад Чыгіра і тры ўмоўныя прадстаўнікі ад Пазьняка, каб зьвязкі сяброў участковых камісіяў пры галасаваньні якраз складалі вось такі палітычны балянс. І галоўны кірунак нашай дзейнасьці цяпер зводзіцца да таго, каб забясьпечыць якраз міжнародныя гарантыі дзейнасьці адпаведных тэрытарыяльных і ўчастковых камісіяў».

Паводле апошняй інфармацыі, сёньня ўвечары павінна адбыцца закрытая нарада старшыні ЦэнтарВыбарКаму зь лідэрамі Беларускага Народнага Фронту, прадстаўнікамі штабу Чыгіра і Вярхоўнага Савету.

XS
SM
MD
LG