Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 красавіка 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Ужо вядомае адно з абвінавачаньняў, якое можа быць бліжэйшым часам выстаўленае Міхаілу Чыгіру. Як заявіў для сродкаў масавай інфармацыі прэсавы сакратар Міністэрства Ўнутраных Справаў Беларусі Дзьмітры Партон, затрыманы кандыдат у прэзыдэнты падазраецца ў справе крадзяжу зь «Белаграпрамбанку» 1 мільёну даляраў. Гэты крадзеж нібыта быў учынены празь невяртаньне так званага «канадзкага крэдыту».

Няма сумневу, што для Міхаіла Чыгіра падазрэньне прадстаўнікоў сьледчага камітэту Міністэрства Ўнутраных Справаў у ягоных нібыта незаконных дзеяньняў пры выдачы «Белаграпрамбанкам» так званага «канадзкага крэдыту» не было нечаканасьцю. Рэч у тым, што яшчэ да свайго затрыманьня кандыдат у прэзыдэнты меў магчымасьць азнаёміцца з патэнцыйнымі абвінавачаньнямі фінансавага характару.

У падтрыхтаванай нядаўна для Аляксандра Лукашэнкі даведцы паводле вынікаў праверкі фінансава-гаспадарчай дзейнасьці «Белаграпрамбанку» фігуравала справаздача прэзыдэнцкіх кантралёраў аб невяртаньні банку 1 мільёну даляраў пры крэдытаваньні ім аднаго будаўнічага праекту. Гэты праект тычыўся будаўніцтва новага вытворчага будынку «Белаграпрамбанку» ў раёне менскіх вуліцаў Апанскага і Ціміразева. Дык вось, гэты банк, які ўзначальваў тады Міхаіл Чыгір, ад 1991 году ажыцьцяўляў фінансаваньне праектных плянаў такога будаўніцтва.

У 1993 годзе менскі гарвыканкам выдаў афіцыйны дазвол на ўзьвядзеньне ў згаданым вышэй раёне новага офісу банку. На пачатку 1994-га «Белаграпрамбанк» заключае кантракт на правядзеньне будаўнічых апэрацыяў з адной канадзкай фірмай. Зь беларускага боку гэты кантракт падпісаў Міхаіл Чыгір, з канадзкага — прэзыдэнт замежнай кампаніі Ісак Майзэльс. Кантрактам быў прадугледжаны авансавы плацёж будаўнічаму падрадчыку, у адпаведнасьці зь якім «Белаграпрамбанк» 24 сакавіка 1994 году перавёў канадзкай фірме 1 мільён даляраў ЗША. Аднак, як выявілі прэзыдэнцкія кантралёры, у «Белаграпрамбанку» адсутнічаюпць дакумэнты, якія б пацьвердзілі выкананьне кантрактнага пагадненьня з боку замежнага партнэра.

Пасьля таго, як Міхаілу Чыгіру стаўся вядомы гэты дакумэнт беларускіх уладаў і іх відавочны намер інкрымінаваць яму ўчыненьне фінансавага злачынства, палітычны апанэнт Лукашэнкі сабраў журналістаў і давёў да іх ведама свой пункт гледжаньня на падзеі 5-гадовай даўніны, зьвязаныя з выдачай і невяртаньнем «канадзкага крэдыту». Былы банкір пракамэнтаваў справу, у якой ён падазраецца, так:

(Чыгір:) «Так, я падпісаў дамову і хацеў збудаваць прыгожы будынак у вельмі зручным і прыгожым месцы. Тут быў некалі невялікі населены пункт, які складаўся з 5-6 дамкоў. Практычна была маленькая вёсачка. Я гэтым людзям пабудаваў кватэры, вызваліў пляцоўку для будаўніцтва і пералічыў аванс пад будаўніцтва будынку. Была распрацаваная дакумэнтацыя...»

Але літаральна празь некалькі месяцаў, як адзначыў былы кіраўнік «Белаграпрамбанку», ён сышоў з банку на пасаду старшыні ўраду краіны.

(Чыгір:) «Што там далей адбылося — мне цяжка сказаць. Тут напісалі, што перапіскі з канадзкай фірмай у пытаньні вяртаньня авансу няма. Але ў мяне ёсьць перапіска. Там вызначыць, хто вінаваты — ціто банк, ціто канадзкая фірма — цяжка. Аднак у такім выпадку робіцца ўсё проста. Варта зьезьдзіць у Канаду і на месцы разабрацца з усім гэтым».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG