Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 красавіка 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня ў загарадным доме экс-прэм'ера Міхаіла Чыгіра быў праведзены ператрус.

Як паведаміў Радыё Свабода сын Чыгіра Аляксандар, сёньня ў першай палове дня ў загарадным доме экс-прэм'ера зьявіліся прадстаўнікі праваахоўчых ворганаў, якія прад'явілі ордэр на вобыск, выдадзены ў рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы, распачатай паводле артыкулу 91 крымінальнага кодэксу — крадзеж у асабліва буйных памерах.

Падчас ператрусу быў канфіскаваны кампутар, складзены пратакол аб накладаньні арышту на маёмасьць. Пасьля гэтага наведнікі затрымалі Аляксандра Чыгіра, які быў у доме, і павезьлі ў сьледчае ўпраўленьне.

Паводле ягоных словаў, яго пэўны час пратрымалі ва ўпраўленьні, не задаючы ніякіх пытаньняў, а пасьля павезьлі на гарадзкую кватэру Міхаіла Чыгіра, маючы намер правесьці ператрус і там. Але дзверы ў кватэру былі зачыненыя, Аляксандар заявіў, што ён ключэй ад бацькавай хаты ня мае. Тады міліцыя адпусьціла яго і зьехала.

Адначасна сёньня раніцай была зробленая спроба правесьці ператрус у офісе перадвыбарчага штабу экс-прэм'ера, але тыя, хто быў у памяшканьні, не адчынілі дзьверы міліцыі.

XS
SM
MD
LG