Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 сакавіка 1999 г.


Хто такі Слабадан Мілошавіч? У апошнім нумары часопіс Newsweek робіць спробу разгледзець гэтага чалавека праз гісторыю яго жыцьця. Сэрбскі лідэр — сын нешчасьлівай сям'і, ён вырас у хаосе і апантаны прагай самаўладзьдзя. «Балканскі задзірака», артыкул у часопісе Newsweek.

Хлопчык, чыё імя азначае Свабода, меў цяжкое дзяцінства. Неўзабаве пасьля Другой сусьветнай вайны ягоны бацька, выкладчык унівэрсытэту, спэцыяліст у галіне праваслаўнай тэалёгіі, пакінуў сям'ю. Слабадану было 5 гадоў. Бацька застрэліўся, калі будучы прэзыдэнт меў 21 год. Гэткім самым чынам зьвёў рахункі з жыцьцём і яго любімы дзядзька, армейскі афіцэр. Маці Мілошавіча, настаўніца і актывістка кампартыі, у 1974 годзе павесілася ў сваёй спальні.

З болю гэтага цяжкога сталеньня вырасла і ягоная прага мець пэўнасьць і кантроль над сабою, не ўпусьціць свой шанец. Таму Мілошавіч шукаў апору па-першае — у жанчыне, па -другое — у настаўніку, па-трэцяе — у камунізме і, нарэшце, — у нацыяналізме, які ахапіў Балканы пасьля краху камунізму. Усё гэта сталася яго трамплінам да ўлады, адзінай канстанты Мілошавічавага жыцьця. Прага ўлады — яго пастаянны рухавік.

Мілошавіч ніколі ня меў асабістых сяброў, яго цяжка пераканаць і цяжка дабіцца ад яго адкрытасьці . У дачыненьні да супраціўніка ён не цураецца падману: аж да мінулага тыдня Мілошавіч сьцьвярджаў, што косаўскія альбанцы забіваюць самі сябе, каб справакаваць удары НАТО.

Адзіная блізкая Мілошавічу асоба — ягоная жонка. Яны пазнаёміліся зь Мірыянай Маркавіч ва ўнівэрсытэце, і з таго часу сталі непадзельнымі.

Як партапаратчык Мілошавіч трымаўся цьвёрдых камуністычных прынцыпаў і субардынацыі. Так, ён ніколі не садзіўся ў прысутнасьці свайго кампартыйнага шэфа Стамболіча, пакуль той яму не прапаноўваў. Калі ж Мілошавіч сам стаў сакратаром Сэрбскай Камуністычнай Партыі, яму прыдумалі мянушку — «маленькі Ленін».

Пазней, кіруючыся нацыяналістычным падыходам, ён правёў чыстку партыі. Звольніў і свайго папярэдняга шэфа. Па ўсім Бялградзе разьвесіў свае партрэты. Так, адзначае Newsweek, пачынаўся рэжым, які асацыюецца з басьнійскім генацыдам і развалам Югаславіі. Менавіта Мілошавіч пасылаў сэрбскую міліцыю на карныя апэрацыі ў Босьнію, сам застаючыся ў ценю. За восем гадоў з часу распаду Югаславіі тысячы сэрбаў загінулі або былі выгнаныя са сваіх дамоў, аднак Мілошавіч ніводнага разу не сустрэўся са звычайным уцекачом, не адведаў параненага салдата.

Супраціўнікі Мілошавіча даўно прадказваюць, што ён ня зможа утрымаць стратэгію, якая базуецца на пастаянным крызысе. І цяпер, заключае Newsweek, верагодна ён стварыў крызіс, зь якім справіцца ня здолее.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG