Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 31 сакавіка 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Былы міністар унутраных справаў Юры Захаранка сьцьвярджае, што ў сьледчых, якія вядуць справу Міхаіла Чыгіра, няма аніякіх доказаў, каб выставіць былому прэм'еру абвінавачаньні ў крадзяжы дзяржаўнай маёмасьці. Перасьлед Чыгіра, паводле Юрыя Захаранкі, вядзецца незаконна на загад з адміністрацыі прэзыдэнта.

Супрацоўнікі сьледчага камітэту Міністэрства Ўнутраных Справаў пад пагрозай звальненьня і арышту вымушаныя займацца справай Міхаіла Чыгіра. Пра гэта заявіў сёньня журналістам былы міністар унутраных справаў Юры Захаранка. Захаранка спаслаўся на шчырыя прызнаньні саміх сьледчых. Паводле словаў Захаранкі, учора, скарыстаўшыся сувязямі ў сьледчым камітэце, які ён узначальваў 5 гадоў таму, яму ўдалося прагледзець матэрыялы, што сабраныя сьледчымі на Міхаіла Чыгіра. Захаранка зрабіў наступную выснову:

(Захаранка:) «Ніякай справы яшчэ няма. Я вывучыў матэрыялы — у гэтых матэрыялах складу злачынства няма. Паводле службовых асобаў, якія маюць да гэтага дачыненьне — у мяне былі сустрэчы зь імі — яны кажуць, «можа, як-небудзь нацягнем фармальна артыкул 167 крымінальнага кодэксу — перавышэньне ўлады». Аднак юрыдычных падставаў для гэтага няма. Для гэтага яшчэ трэба праводзіць дадатковую праверку».

(Грузьдзіловіч:) А што значыць — «можа быць, нацягнем»? Яны што — прымушаныя гэта рабіць, ці што?

(Захаранка:) «Службовым асобам, якія маюць да гэтага дачыненьне, сказана — калі не выдадуць пастановы аб арышце, дык самі будуць арыштаваныя. І ў якасьці пудзіла выступае старшыня камісіі заканадаўства «палаты» сп. Глухоўскі. Ён выступае пасярэднікам паміж Лукашэнкам-Шэйманам і службовымі асобамі з праваахоўчых ворганаў, якія ходзяць і запалохваюць службовых асобаў, каб прымалі гэтыя незаконныя рашэньні».

(Грузьдзіловіч:) Гэтыя Вашыя крыніцы пацьвярджаюць, што галоўныя загады йдуць ад прэзыдэнцкай адміністрацыі?

(Захаранка:) «Так, усе службовыя асобы, супрацоўнікі сілавых структураў і праваахоўчых ворганаў, з кім я сустракаўся за гэтую ноч, адназначна сказалі, што Лукашэнка вельмі напалоханы гэтай палітычнай сытуацыяй. Асабіста ён даў устаноўку на распачацьце крымінальнай справы ў дачыненьні да Чыгіра, на ягоны арышт, а таксама на правядзеньне вялікай кампаніі дыскрэдытацыі гэтага чалавека».

Юры Захаранка не бярэцца прагназаваць далейшыя паводзіны сваіх былых падначаленых зь сьледчага камітэту і адказаць дакладна на пытаньне — ці выйдзе Міхаіл Чыгір на волю праз тры дні, калі скончыцца тэрмін папярэдняга затрыманьня:

(Захаранка:) «Я ўбачыў, што ў сьледчым камітэце цяпер вельмі складанае становішча. Я думаю, у душах сьледчых ідзе барацьба з сумленьнем. Яны разумеюць, што іх прымушаюць зрабіць злачынства, абвінаваціўшы невінаватага чалавека, але я не ўпэўнены, што і ў кіраўніка камітэту Лаўрынюка, якога я добра ведаю, і ў ягоных падначаленых хопіць мужнасьці, нягледзячы на ціск, адысьці ўбок і не рабіць злачынства».

Я вырашыў праверыць заяву Юрыя Захаранкі наконт ціску на сьледчых з боку ўладаў. Выканаўца абавязкаў кіраўніка сьледчага камітэту Міністэрства Ўнутраных Справаў Аляксей Лаўрынюк адмовіўся камэнтаваць справу Міхаіла Чыгіра і адказваць на пытаньне — ці робіцца на яго нейкі ціск. «Я Вам буду вельмі ўдзячны, калі Вы паведаміце, што я адмаўляюся ад любых камэнтароў», - заявіў мне Аляксей Лаўрынюк.

Між тым варта нагадаць, што пра ціск уладаў на сьледчых ужо заявіла і жонка былога прэм'ера Юлія Чыгір. Яна спаслалася менавіта на Лаўрынюка, які нібыта казаў ёй учора: «Вы ж зразумейце — мне трэба працаваць і карміць сваіх дзетак». гэтыя словы сьледчага прыводзіла Юлія Чыгір.

XS
SM
MD
LG