Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 сакавіка 1999 г.


Жана Ліцьвіна, Віталь Тарас, Менск

Ад панядзелка да панядзелка

Вядуць Жана Ліцьвіна і Віталь Тарас

Падзеі ў Югаславіі на мінулым тыдні сталі тэмаю нумар адзін для міжнародных інфармацыйных агенцтваў. Не засталася гэтая тэма і па-за ўвагаю беларускіх СМІ.

«Бомба ў цэнтры Эўропы выбухнула?» - пюад гэткім загалоўкам зьмясьціла «Народная Воля» артыкул Міхаіла Падалякі. «Зьдзіўляе пазыцыя афіцыйнага Менску, - піша аўтар. - Шэраг рэзкіх выказваньняў прэзыдэнта на адрас НАТО, а таксама імкненьне прадаставіць ваенную і палітычную дапамогу Мілошавічу могуць скончыцца для Беларусі сур'ёзнымі эканамічнымі санкцыямі, абвастрэньнем унутрыэканамічнага становішча і закрыцьцём заходніх межаў». У публікацыі «Ядзерны шантаж» газэта «Навіны» нагадвае чытачам, што яшчэ раніцай 24 сакавіка інфармацыйныя агенцтвы распаўсюдзілі навіну, што на нарадзе ў расейскага міністра абароны Ігара Сяргеева было прынятае рашэньне аб рэкамэндацыі вярнуць ядзерную зброю ў Беларусь — так бы мовіць, у адказ на магчымае бамбардаваньне НАТО Югаславіі. У выступе па БТ намесьнік дзяржсакратара Рады Бясьпекі Віктар Навільскі заявіў, што не выключае магчымасьці разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі. І толькі 25 сакавіка афіцыйныя структуры пачалі рабіць заявы аб бязьядзерным статусе Беларусі. Аўтар артыкулу на гэтую тэму ў штотыднёвіку «Свободные Новости» Уладзімер Лукьянаў напісаў: «У палітыкаў Расеі і Беларусі такое самае кароткае замыканьне, як і ў натаўцаў. У іх страта памяці. Яны больш ня памятаюць, як Савецкі Саюз «дапамагаў» Афганістану, і чым гэтая дапамога абярнулася». Аўтар лічыць, што нельга дапусьціць, каб з-за канфлікту на Балканах было разьвязанае новае ваеннае супрацьстаяньне.

•••

Апошнія падзеі ў Югаславіі былі ўспрынятыя камуністычнымі сіламі ды іхнымі хаўрусьнікамі як свайго роду індульгенцыя на адкрытую прапаганду пад выглядам «абароны братоў-славянаў» ксэнафобскіх альбо нават расысцкіх поглядаў. Афіцыйная прэса, трэба адзначыць, з гатовасьцю прадаставіла магчымасьць для прапаганды гэтых поглядаў. Падобная прапаганда вялася задоўга да пачатку баявых дзеяньняў на Балканах і, фактычна, не спынялася ніколі. Вось што, напрыклад, гаварыў у сваім інтэрвію для «Народнай Газэты» акурат тыдзень таму першы сакратар Менскага гаркаму БПСМ Герман Маскаленка: «Усе гэтыя прабэнээфаўскія суполкі, прыкрываючыся беларусізацыяй, выступаюць супраць саюзу з Расеяй. Я іншы раз назіраю за тымі, хто хоча ў Эўропу, — дык вось, нават зьнешне яны падобныя на сучасны маладзёвы заходні прадукт, а не на славянаў. У іхным абліччы бачныя чужая мода, манера паводзінаў, а не беларускія шчырасьць, сьціпласьць, дабрыня». Ці варта зьдзіўляцца падобным выпадам, калі лідэр кампартыі (а па сумяшчэньні і віцэ-мэр Менску) Чыкін публічна называе «маладафронтаўцаў» штурмавікамі, а беларускія нацыянальныя сымбалі — фашыстоўскімі.

З другога боку, выданьні кшталту «Славянскага Набату» шукаюць ворагаў ня толькі сярод палітычных апанэнтаў прэзыдэнта Лукашэнкі ці нацыянальна сьведамай беларускай моладзі, а і сярод іншых народаў.

Гэбрайскі народ, напрыклад, які стаў ахвяраю гітлераўскага Галакосту, на старонках гэтае газэты фактычна абвінавачваецца ў супрацоўніцтве з Гітлерам. І выказваюць гэтыя абвінавачваньні не журналісты, а афіцыйныя асобы — дэпутаты «нацыянальнага сходу» спсп. Драко і Касьцян.

Чым можна патлумачыць зьяўленьне падобных публікацыяў у друку Рэспублікі Беларусь? Вось вэрсія палітыка, намесьніка Старшыні БНФ Юрася Хадыкі:

(Хадыка:) «Нічога дзіўнага ў тым, што антысэмітызм, які не ўласьцівы беларускай традыцыі, беларускай культуры, у нас экспартуецца сёньня з-за мяжы, з Расеі найперш. Таму што ўся лукашэнкаўская кліка — гэта ёсьць усяго толькі беларускі варыянт тых чырвона-карычневых сілаў, якія цяпер пагражаюць самому існаваньню расейскае дзяржавы. І гэта рэальная небясьпека ўзмацненьня левых у Расеі, і гэта ўсё, безумоўна, натхняе іхных прыхільнікаў у Беларусі».

Адразу пасьля бомбавых удараў у Югаславіі антызаходніцкая рыторыка дасягнула эпагею. У прыватнасьці, у лёзунгах лідэраў партыяў, якія называюць сябе «патрыятычнымі», апублікаваных на старонках тае самае «Народнай Газэты». Гэта — заклікі не купляць амэрыканскія тавары, забараніць надпісы на ангельскай мове і нават трансьляцыю песень на ангельскай мове. Зьвяртае на сябе ўвагу, што барацьбіты за «славянскую еднасьць» ніколі не перажываюць за лёс беларускай мовы ў айчынным эфіры і ў друку. Мы папрасілі падзяліцца назіраньнямі на гэты конт незалежнага журналіста Уладзімера Дзюбу.

(Дзюба:) «На вялікі жаль, мова ў афіцыйным беларускім радыё зьнікае. На дзяржаўным беларускім тэлебачаньні дыктары працуюць не на ўзроўні. Нічога ня робіцца дзеля таго, каб беларуская мова дыктараў удасканальвалася. У інфармацыйных выпусках мова яшчэ прысутнічае, але мінімальна. Магчыма, працэнтаў 10-15 — гэта падводкі ці голас за кадрам, і вельмі часта з памылкамі, што проста недаравальна для дзяржаўнага тэлеэфіру. Ну а становішча зь беларускай мовай пагаршаецца, у Менску засталося ўсяго некалькі клясаў, дзе прадметы выкладаюцца па-беларуску. А што тычыцца выдавецтва падручнікаў, кніг, навукова-папулярнай і мастацкай літаратуры на беларускай мове, дык таксама скарацілася іхняя колькасьць».

•••

На мінулым тыдні споўнілася 81-я гадавіна абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Стаўленьне да гэтай падзеі і выказваньні ў друку не вызначаліся чымсьці адметным. І калі недзяржаўная прэса шырока асьвятляла шэсьце «Вясна. Незалежнасьць. Свабода», дык пазыцыя дзяржаўнае прэсы была традыцыйная — замоўчваньне.

Толькі газэта «Звязда» зьмясьціла два пункты гледжаньня на гэтую гістарычную падзею — Віктара Чыкіна («У нашай гісторыі Беларуская Народная Рэспубліка не адыграла практычна ніякай ролі. Па вялікім рахунку, не было і самой рэспублікі, была звычайная дэклярацыя аб намерах») і доктара гістарычных навук Міхася Біча: «Я лічу, што гэта была вельмі значная падзея ў гісторыі беларускага народу. Спраўдзілася, хоць і далёка ня ў поўнай меры, спрадвечная мара беларусаў аб стварэньні нацыянальнае дзяржавы». На пытаньне карэспандэнта «Зьвязды» — які досьвед БНР карысна было б пераняць цяпер, Міхась Біч адказаў: «Перш за ўсё, я лічу вартаю перайманьня сыстэму нацыянальнае адукацыі, выданьня беларускіх газэтаў, кніг, падручнікаў, арганізацыі беларускіх школаў».

Адмысловы артыкул 81-ай гадавіне прысьвяціў сьпікер Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня Сямён Шарэцкі. Зьмешчаны ён у газэце «Народная Воля» пад загалоўкам «Вясна надзеяў і трывогаў». «На вялікае шчасьце, — піша аўтар, — прыйшла зноў вясна спадзяваньняў, вясна 1999 году». І гэтыя надзеі Шарэцкі зьвязвае з прызначанымі на 16 траўня выбарамі прэзыдэнта.

•••

Хоць падзеі ў Югаславіі не маглі не адсунуць тэму прэзыдэнцкіх выбараў, яна ўсё ж застаецца пад увагаю прэсы. Тым болей, што да правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі заклікаў Эўрапарлямэнт.

Газэта «Навіны» 23 сакавіка надрукавала вытрымкі з рэзалюцыі Эўрапарлямэнту пра сытуацыю ў Беларусі, дзе парлямэнтары заклікаюць «спыніць крымінальны перасьлед апазыцыйных сілаў, якія займаюцца законнай кампаніяй па выбарах прэзыдэнта, і неадкладна забясьпечыць апазыцыі доступ да дзяржаўных СМІ».

А вось афіцыйны пункт погляду, выкладзены ў інтэрвію агенцтву БЕЛТА дырэктарам інстытута сацыяльна-палітычных дасьледаваньняў пры адміністрацыі прэзыдэнта Яўгенам Матусевічам: «Задума з прэзыдэнцкімі выбарамі лішні раз даказвае маргінальнасьць, штучнасьць апазыцыйнага руху ў Беларусі».

«Як бы ні было непрыемна ўладам, але ў палітычным жыцьці краіны з упартай незваротнасьцю пасяліўся прывід прэзыдэнцкіх выбараў, быццам запозьненае рэха канстытуцыйнага крызысу 1996 году» — напісала на мінулым тыдні газэта «Свободные Новости». Лістападаўскі рэфэрэндум аўтар параўнаў зь ценем бацькі Гамлета.

А тым часам на мінулым тыдні СМІ паведамілі, што стотысячны рубеж пераадолены ініцыятыўнымі групамі па збору подпісаў за вылучэньне кандыдатамі ў прэзыдэнты Міхаіла Чыгіра і Зянона Пазьняка. На гэтым тыдні павінна адбыцца рэгістрацыя ў Цэнтарвыбаркаме абодвух кандыдатаў.

Сустрэчы зь беларускай апазыцыяй дапамаглі разьвітацца зь некаторымі мітамі і стэрэатыпамі расейскім журналістам, якія гэтымі днямі былі ў Менску на запрашэньне Беларускай Асацыяцыі Журналістаў. Перад ад'ездам інтэрвію нашай праграме далі Віктар Фанайлаў, журналіст Варонескай тэлекампаніі, і Алена Байбакова, супрацоўніца газэты «Курский Вестник».

(Фанайлаў:) «За гэты тыдзень мы разьвіталіся з шмат якімі расейскімі комплексамі і шмат якімі мітамі. Усё-такі хворая эканоміка і, як сьледства, хворая палітыка — яна разводзіць народы, нават братэрскія. Па-другое, я сваім калегам паабяцаў патлумачыць: у мяне ёсьць любімы рэжысэр, Олівэр Стоўн, і ён зьняў аднойчы фільм «Сальвадор». Дык вось, тое, што адбываецца ў Беларусі, — гэта такі мяккі варыянт Сальвадору. Тое, што мы ня ўбачылі тут ваеннай тэхнікі на вуліцах — дык гэта, на мой пагляд, часовая зьява. І яшчэ гэтая паездка мне асабіста паказала, наколькі крохкая мяжа паміж быццам бы нармальным станам рэчаў і ненармальным. Расейскія журналісты наіўна лічаць, што ім нельга заткнуць рот, што свабода слова перамагла назаўжды. Аказваецца — не. Мы бачым, наколькі слабая гэтая свабода, і колькі за яе трэба штодзённа, кожную хвініну, змагацца. Знойдзецца шмат людзей сёньня, якія пажадаюць падпарадкаваць сабе прэсу».

(Байбакова:) «Я раней казала сваім сябрам-журналістам, якія плакаліся — як дрэнна журналістам у Расеі, як іх ціснуць з усіх бакоў, я ім казала: едзьце ва Ўкраіну, набярыцеся там уражаньняў і зразумееце, як цудоўна быць расейскім журналістам, таму што там яшчэ горш. А цяпер я зразумела, што тое самае можна сказаць і пра Беларусь. Едзьце ў Беларусь, паглядзіце, як там жывецца журналістам, і радуйцеся, што вы — расейскі журналіст. Як ні дрэнна са свабодай слова, са свабодай друку ў Расеі — у Беларусі яшчэ горш. Тут складана быць сумленным чалавекам. Сумленным чалавекам наогул быць складана, але тут — яшчэ складаней. Моцна зьмяніліся нашыя ўяўленьні пра сытуацыю ў Беларусі і ў параўнаньні з тым, як мы яе бачым з Расеі. Насамрэч, усё далёка ня так выглядае ў Расеі, як яно ёсьць у Беларусі — што тычыцца эканомікі, палітыкі і дачыненьняў прэсы з уладаю і ўсенароднай любові да прэзыдэнта, а таксама таго, на чым яна трымаецца, і за што змагаецца апазыцыя. І вельмі шкада, што не было магчымасьці раней убачыць гэта вачыма беларусаў. Напэўна, для мяне самым вялікім узрушэньнем была сустрэча з прадстаўніком тэлевізійнай журналістыкі, кіраўніком службы навінаў дзяржаўнага тэлебачаньня. Як я разумею, гэта журналіст, які шмат гадоў працаваў, і я чула пра яго добрыя водгукі. Як моцна ўлада ламае журналіста! Гэта больш за ўсё мяне ўразіла менавіта на ягоным прыкладзе. Якімі б тэндэнцыйнымі ні атрымліваліся нашыя размовы з апазыцыйнымі палітыкамі, гэта былі разумныя людзі, якія казалі лягічныя рэчы. А калі журналіст раптам нічога наогул сказаць ня можа, — гэта вельмі красамоўны факт. Напэўна, ён і маніць ня хоча, як я зразумела, але і праўду сказаць ня можа. І слова ня выціснуць з журналіста — гэта вельмі рэдкая сытуацыя».

(Фанайлаў:) «Вернемся ў эканамічную сфэру. Для мяне было вялікім узрушэньнем наведаньне заводу «Гарызонт». Я бачу нармальнага гаспадарніка, я бачу нармальны канкурэнтназдольны тэлевізар, якога няма ў Расеі цяпер. І я разумею, што гэты гаспадарнік пастаўлены ў ненармальныя эканамічныя ўмовы з прычыны няправільнай палітыкі. І зразумела, што свабода слова, свабода друку зьвязаная з эканамічнымі свабодамі».

•••

На мінулым тыдні адбылася яшчэ адна падзея — Сойм Беларускага Народнага Фронту. Адметным гэты Сойм быў яшчэ і тым, што на яго не пусьцілі журналістаў. Мы запрасілі выказаць свае погляды на гэтае здарэньне сакратара Ўправы БНФ Анатоля Крыварота і карэспандэнта агенцтва БелаПАН Генадзя Барбарыча.

(Крыварот:) «Адбылося чарговае пасяджэньне Сойму ў сувязі з другім этапам кампаніі і ў сувязі зь сьвяткаваньнем Дня БНР. Рашэньне было прынятае Соймам у сувязі з тым, што абмяркоўваліся чыста ўнутрыфронтаўскія справы. Прысутнічалі сябры Сойму, сябры рэвізійнае камісіі, сябры Ўправы і сябры Фронту. Але гэта тычылася толькі абмеркаваньня першага пытаньня, і мы проста ветліва папрасілі журналістаў пачакаць. Будзе прэс-рэліз, будзе і прэсавая канфэрэнцыя па выніках Сойму. У прынцыпе, інфармацыя пра нашую дзейнасьць носіць адкрыты характар, але ёсьць пэўныя пытаньні, і мы б не жадалі, каб выпрацоўкі пэўнага рашэньня выносіліся, і нас паказвалі ня ў тым выглядзе, як гэта ёсьць на самой справе. Таму што ёсьць розныя думкі, і сяброў Сойму, і сяброў Фронту».

(Літвіна:) «Я ня ведаю ніводнага палітыка, які б быў задаволены работай журналістаў і работай прэсы. Вашая асабістая думка?»

(Крыварот:) «Мы вельмі паважаем журналістаў, і вось сп. Барбарыч у нас бывае. Даем яму інфармацыю, якая ў нас ёсьць, звонім і ўдзень, і нават уначы. Спадзяюся, празь некаторы час усё ўкладзецца, і ніякіх праблемаў тут ня будзе. Мы робім агульную справу дзеля Беларусі, каб Беларусь была дэмакратычнай дзяржавай».

(Барбарыч:) «Я лічу, што, канечне, арганізацыя мае права на нейкае сваё жыцьцё, на нейкія таямніцы, але ўсё ж хацелася б болей адкрытасьці. Каб людзі ведалі, што робіцца ў партыях. Таму што калі арганізацыя зачыняецца, дык гэта прыкмета, што яна перажывае застой. Усім апазыцыйным партыям трэба гэтаксама вучыцца працаваць паводле эўрапейскіх нормаў і стандартаў. А да гэтага, на мой погляд, пакуль не дайшлі. Калі прэса выступае з крытыкай кіраўніцтва БНФ, можа, занадта рэзкай, дык гэта адразу выклікае для мяне нейкую незразумелую рэакцыю. Крытыка — гэта нармальная зьява ва ўсіх краінах. Калі памятаеце, гадоў 15-20 назад у СССР крытыка ўспрымалася ў штыкі, але ж адзін з прынцыпаў дэмакратыі — гэта права крытыкі. Таму незразумела, калі чалавек, які кіруе партыяй, якая называе сябе дэмакратычнай, такім чынам рэагуе на крытыку».

Гэтую калізію мы пакідаем пакуль без камеэнтароў.

•••

Абмяркоўваецца пытаньне стварэньня музэю беларускай журналістыкі, пра што паведамляе газэта «Літаратура і Мастацтва». Першую чаргу музэю плянуецца адкрыць ужо сёлета ў Дзень друку, які паводле традыцыі будзе сьвяткавацца 5 траўня. Цікава, канечне, якое мейсца зоймуць у экспазыцыі ўзоры творчасьці сучасных публіцыстаў ленінскай школы, што-небудзь кшталту Дошкі гонару за асабістыя заслугі перад выканаўчаю ўладаю.

«Правільным шляхам ідзеце, таварышы!» — гэтая фраза ўжо з публікацыі, зьмешчанай у «Белорусской Деловой Газете» пад загалоўкам «Ідзем шляхам Леніна». У ёй пра тое, як скончылася сямігадовае змаганьне журналістаў асіповіцкай раённай газэты «Запаветы Леніна» за магчымасьць зьмяніць назву выданьня на «Асіповіцкія Навіны». На сваёй апошняй сэсіі дэпутаты Асіповіцкага раённага савету такога рашэньня не прынялі. У нашай праграме прымае ўдзел Анатоль Тамашэўскі, рэдактар газэты на працягу 18 апошніх гадоў.

(Тамашэўскі:) «Большая частка насельніцтва — за перайменаваньне. Абмяркоўвалі на старонках газэты, дый калектыў — за перайменаваньне. Райвыканкам таксама выказаўся за перайменаваньне. На сэсіі давялося мне выступіць, растлумачыць гэтую сытуацыю. Некалькі дэпутатаў пажылога ўзросту выступілі супраць, былыя камуністы і сёньняшнія. Ну і атрымалася так, што пры галасаваньні прыхільнікі і супраціўнікі перайменаваньня падзяліліся напалову».

(Ліцьвіна:) «Ну а з пункту гледжаньня здаровага сэнсу, як Вы самі тлумачыце, чаму ўсё ж гэтак адбываецца?»

(Тамашэўскі:) «Шмат хто з дэпутатаў — сталага ўзроосту, якія падтрымлівалі і падтрымліваюць Леніна. І калі гэтае пытаньне абмяркоўвалі ў райвыканкаме, там гэтаксама казалі, што, магчыма, трэба было б пачакаць наступнага скліканьня дэпутатаў. Аналягічная сытуацыя ў нас была сем гадоў назад. Тады, праўда, быў гарадзкі савет і раённы савет. Гарадзкі савет выступіў за перайменаваньне, раённы — адмовіў. Сабралі супольную сэсію — нашая прапанова не прайшла».

(Ліцьвіна:) «І што далей будзе рабіць рэдакцыйны калектыў?»

(Тамашэўскі:) «Пакуль чакаем выбараў чарговых. А там — паглядзім».

(Ліцьвіна:) «Як Вам падаецца, як усё ж пройдуць выбары ў мясцовыя саветы, і ці патрапяць туды людзі, якія дазволяць зьмяніць назву вашага выданьня?»

(Тамашэўскі:) «Вялікая частка дэпутатаў зьменіцца, застаюцца людзі з рознымі поглядамі, я ж добра ўсіх ведаю, ну а як яно будзе — цяжка сказаць».

(Ліцьвіна:) «Як Вашае выданьне асьвятляла гэтую перадвыбарчую кампанію?»

(Тамашэўскі:) «Ну, апісаньне выбарчых участкаў, акругаў, камісіяў, і гэтак далей. Ніхто пакуль з нашых кандыдатаў у дэпутаты са сваёй праграмай ці плятформай ня выступіў. Адзінае — нас папрасіла раённая выбарчая камісія, каб мы выдалі біяграфіі кандыдатаў у дэпутаты нашага раённага савету».

(Ліцьвіна:) «А нейкія недахопы, вострыя моманты асьвятляла газэта?»

(Тамашэўскі:) «Не, такога не было».

XS
SM
MD
LG