Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 сакавіка 1999 г.


Алена Радкевіч, Прага

Калі глядзіш разьвязаную расейскім, а заадно й беларускім тэлебачаньнем антынатаўскую істэрыю — бачыш, што ўпушчанае самае галоўнае: з-за чаго ўласна распачатае бамбаваньне? Ні камэнтары, ні рэпартажы апанаваных славянскім патрыятызмам палітыкаў і журналістаў ня згадваюць аднаго: з-за чаго заходні монстар і агрэсар напусьціў на маленькую безабаронную Сэрбію бамбавікі і зьнішчальнікі?

Слова «генацыд» савецкая прапаганда звыкла асацыюе з фашыстоўскім рэжымам трэцяга райху, які паліў у печках гэбраяў: аднак, ад таго, што славянскі саюзьнік і партнэр Сэрбія робіць тое самае з альбанцамі Косава — прапагандысты ў Расеі і Беларусі адмахваюцца, як ад неістотнага: ня гэта, маўляў, галоўнае. Галоўнае — гэта агрэсія НАТО.

Авіяцыя НАТО пашырыла маштабы бамбаваньня і наносіць удары ня толькі па аб'ектах супрацьпаветранай абароны, але — галоўным чынам — па сэрбскіх вайсковых адзінках у Косаве. Прадстаўнік Пэнтагону Бэйкан паведаміў, што для ўдзелу ў ваеннай акцыі НАТО ЗША накіроўваюць у Югаславію яшчэ 5 бамбавікоў «Б-1» і 5 адмысловых самалётаў, прызначаных для дэзарыентацыі радараў супраціўніка. Назіральнікі адзначаюць, што "Б-1" асабліва эфэктыўныя для ўдараў па танках і бронетранспарцёрах.

Прадстаўніца Дзярждэпартамэнту ЗША Джулія Тафт заявіла, што міжнародным арганізацыям усё цяжэй прадстаўляць гуманітарную дапамогу косаўскім уцекачам, колькасьць якіх ад пачатку году дасягнула 500 тысячаў чалавек. У сувязі з гэтым Арганізацыя Аб'еднаных Нацыяў зьбіраецца шукаць дадатковыя сродкі для дапамогі людзям, якія пакідаюць свае дамы. Аднак варта нагадаць: ратуюцца ўцекачы не ад бамбаваньня натаўскіх самалётаў, а ад карных апэрацыяў сэрбскіх войскаў.

Сэрбскія ваенныя сілы, паводле паведамленьня заходніх крыніцаў, працягваюць этнічныя чысткі ў Косаве, выкарыстоўваючы тактыку «спаленых тэрыторыяў». Гаворыць прадстаўнік Дзярждэпартаманту ЗША Джэймс Рубін:

(Рубін:) «Сэрбскія сілы далей атакуюць ваяўнікоў Арміі Вызваленьня Косава і цывільнае насельніцтва. Буйнамаштабная вайсковая і паліцэйская апэрацыя зьдзейсьненая вакол Падуева і на Паўднёвым Захадзе Косава недалёка ад альбанскай мяжы. Уцекачы далей бягуць у Альбанію. За апошнія 48 гадзінаў, паводле ААН, каля 60 тысячаў чалавек уцяклі ў Альбанію, яны накіроўваюцца таксама ў Чарнагорыю і Македонію. Усё часьцей і часьцей паведамляецца пра забойствы і масавыя этнічныя чысткі косаўскіх альбанцаў».

Джэймс Рубін, як і іншыя заходнія публічныя палітыкі, перасталі ўжо вагацца, ужываючы тэрмін «генацыд»: «Мы можам адкрыта заявіць, што ў Косаве зьдзяйсьняюцца злачынствы супраць чалавечнасьці», - сьцьвярджае Рубін.

Міністар замежных справаў Вялікабрытаніі Робін Кук паведаміў, што сэрбскія войскі ў Косаве сагналі 20 тысячаў тамтэйшых альбанцаў у канцэнтрацыйны лягер ля Сэрбіцы. «Мы памятаем, што гэткім самым чынам сэрбскія сілы зьбіралі разам уцекачоў у вялікія групы і потым забівалі іх у Босьніі», - нагадаў Робін Кук. Паводле сьведчаньняў відавочцаў і прадстаўнікоў АБСЭ, альбанскія вёскі ў Косаве выпальваюцца дашчэнту і ідзе масавая расправа зь мірным насельніцтвам. Альбанцы, якія засталіся ў Косаве — у адчаі: сэрбскія вайскоўцы выкарыстоўваюць супраць цывільнага насельніцтва гелікоптары. Ваенізаваная паліцыя ўваходзіць у вёскі, наводзячы жах на жыхароў.

Ідзе сапраўднае паляваньне на настаўнікаў. Паводле інфармацыі Дзярждэпартамэнту ЗША, якую немагчыма было пакуль спраўдзіць на месцы, школьныя настаўнікі-альбанцы амаль з 20 вёсак былі сабраныя і расстраляныя перад шарэнгай іхных вучняў у мясцовасьці Годэн.

І ЗША, І НАТАО паведамілі пра забойства сэрбамі пяці альбанскіх лідэраў, сярод якіх — удзельнік мірных лютаўскіх перамоваў у Рамбуе Фэхмі Агані і рэдактар галоўнай альбанскай газэты «Koha Ditore» — Батан Хаджыу.

Каля паўмільёну этнічных альбанцаў — пятая частка насельніцтва правінцыі — пакінулі ад пачатку году свае дамы. Плынь уцекачоў нарастае: празь мяжу з Альбаніяй, паводле сьведчаньняў камісара ААН у справе ўцекачоў, пераходзіць кожную гадзіну каля дзьвюх тысячаў чалавек. Тым альбанцам, каму дазваляюць перасячы мяжу Югаславіі, даводзіцца плаціць хабар сэрбам, у іх адбіраюць дакумэнты і наогул любыя пасьведчаньні асобы — каб як мага больш ускладніць, а тое і ўвогуле зрабіць немагчымым вяртаньне калі-небудзь у будучым дахаты. Сілы сэрбскай паліцыі паводзяць сябе з уцекачамі, як «узброеныя бандыты ў цывільным», — так іх апісваюць прадстаўнікі НАТО. У Македонію перайшло каля 22 тысячаў уцекачоў, каля 28 тысячаў зьбегла ў Чарнагорыю з гораду Печ, які, паводле паведамленьня Дзярждэпартамэнту, быў блякаваны і спалены сэрбскімі сіламі. Увогуле ж у Косаве цяпер сканцэнтравана каля 40 тысячаў жаўнераў сэрбскай арміі.

Прэм'ер-міністар Вялікабрытаніі Тоні Блэйр у інтэрвію радыёстанцыі «Бі-Бі-Сі» падкрэсьліў, што Мілошавічу давядзецца дорага заплаціць за зьверствы, якія адбываюцца ў Косаве. «За кожны акт варварства, за кожнае забойства мірнага чалавека прэзыдэнт Мілошавіч павінен плаціць вышэйшую і вышэйшую цану. Я спадзяюся, што кожны, хто назіраў за яўнай жахлівай лютасьцяй, зь якой сутыкнуліся косаўскія альбанцы, ня будзе мець далейшых ілюзіяў адносна характару сэрбскага рэжыму», - сказаў Тоні Блэйр.

Адміністрацыя НАТО і Белы Дом сур'ёзна папярэдзілі, што будзе праводзіцца дасьледаваньне ваенных злачынстваў, зьдзейсьненых сэрбскай арміяй, незалежна ад чыну — зьверху данізу. «Мы можам прасачыць увесь ланцуг, па якім перадаюцца злачынныя каманды — пачынаючы ад палітыкаў у Бялградзе», - сказаў міністар замежных справаў Вялікабрытаніі Кук.

Увогуле ж у камандваньня НАТО складаецца ўражаньне, што мэта Мілошавіча — яшчэ да заканчэньня бомбавых удараў, прыкрыўшыся ваеннымі дзеяньнямі, цалкам выразаць альбанскае насельніцтва Косава і стварыць у Югаславіі чыста сэрбскі анклаў, — такое меркаваньне натаўскіх палітыкаў прыводзіць сёньняшняя «New York Times».

Сам Мілошавіч катэгарычна адмаўляе, што сэрбскія ваенныя сілы праводзяць тактыку «выпаленай зямлі» ў Косаўскім краі, які яны пазбавілі аўтаноміі 10 гадоў таму. Дэкляруецца, што «Косава, дзе этнічныя альбанцы складалі дзевяць дзясятых насельніцтва, зьяўляецца «сьвяшчэннай зямлёй сэрбаў», і захаваць яе для сэрбаў — зьяўляецца асновай ультранацыяналістычнай палітыкі Мілошавіча», - піша «New York Times».

Сёньня для перамоваў зь Мілошавічам у Бялград вылецеў прэм'ер-міністар Расеі Яўген Прымакоў. Гэтая паездка зьдзяйсьняецца паводле распараджэньня Барыса Ельцына. «Цяпер нельга губляць часу. Усе ўказаньні Прымакоў ад мяне атрымаў. Думаю, нашае слова ў гэтым канфлікце можа многае вырашыць», - сказаў прэзыдэнт Расеі.

Кіраўнік прэсавай службы расейскага ўраду Шчогалеў заявіў, што мэта паездкі — пошук магчымых шляхоў дзеля неадкладнага спыненьня натаўскіага бамбаваньня Югаславіі. Паводле назіральнікаў, Захад не ўскладае вялікіх спадзяваньняў на перамовы Прымакова зь Мілошавічам, але будзе ўважліва сачыць за хадой сустрэчы. Заходні погляд на магчымасьць вырашэньня балькансага крызысу — гэта аўтаномія Косава пад абаронай сілаў НАТО. Сёньняшняя «Washington Post», у прыватнасьці, піша: «Калі расейцы змогуць пераканаць Мілошавіча — гэта будзе цудоўна». Іншыя альянты, уключаючы Францыю, Вялікабрытанію, Італію і Турцыю, паводле газэты, таксама «асьцярожна ўхваляюць місію Прымакова».

ІТАР-ТАСС паведамляе, што «ў залежнасьці ад вынікаў перамоваў у Бялградзе, расейскай урадавай дэлегацыяй разглядаецца магчымасьць палёту Яўгена Прымакова ў Бон, Парыж, альбо Брусэль. У адной з гэтых эўрапейскіх сталіцаў, паводле інфармацыі ІТАР-ТАСС, магчымая сустрэча расейскага прэм'ера ня толькі з канцлерам ФРГ, але і з кіраўнікамі іншых эўрапейскіх дзяржаваў, а таксама генэральным сакратаром НАТО. Пры гэтым падкрэсьліваецца, што такая магчымасьць ставіцца «ў выключную залежнасьць ад вынікаў перамоваў у Бялградзе».

XS
SM
MD
LG