Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 сакавіка 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ня выключана, што Беларусь разам з Расеяй і Казахстанам ужо ўдзельнічае ў пастаўках зброі ў Югаславію. На такую вэрсію наводзяць зьвесткі, якія атрымаў наш карэспандэнт.

У Азэрбайджане насьпявае міжнародны скандал з удзелам расейскіх, казахстанскіх ды беларускіх вайсковых спэцыялістаў. Другі тыдзень у аэрапорце Біна бліз Баку пад арыштам знаходзіцца расейскі транспартны самалёт «Руслан», на борце якога азэрбайджанскія мытнікі знайшлі шэсьць зьнішчальнікаў-бамбавікоў МіГ-21. Згодна з дакумэнтамі, «Руслан» вёз гаспадарчы груз з Казахстану ў Славаччыну. Між тым азэрбайджанская прэса сьцьвярджае, што «МіГі» маглі перапраўляцца ў Югаславію. Не выключаюць гэтага і дзяржаўнікі чыноўнікі Азэрбайджану. Прынамсі, дарадца ў пытаньнях міжнароднай палітыкі азэрбайджанскага прэзыдэнта Вафа Гулус-задэ, размаўляючы са мной па тэлефоне, пацьвердзіў, што існуе такая вэрсія, і паведаміў, што сярод затрыманых пасажыраў «Руслана» ёсьць вайсковыя спэцыялісты зь Беларусі.

Цікава, што паводле першых дадзеных азэрбайджанскай прэсы, «Руслан» сам запрасіў пасадкі ў бакінскім аэрапорце. Паводле дакумэнтаў, самалёт ляцеў у Братыславу, але калі азэрбайджанцы даведаліся пра «МіГі» і апыталі лётчыкаў, тыя сказалі, што «Руслан» вязе самалёты ў Паўночную Карэю — у якасьці мэталалому. Мытнікаў уразіла відавочнае несупадзеньне гэтых словаў з дакумэнтамі.

Самалёт быў затрыманы, пачалося сьледзтва. Спачатку яго вяла пракуратура Азэрбайджану, а цяпер справай займаецца Міністэрства Нацыянальнай Бясьпекі. Расея спрабуе замяць інцыдэнт. У Баку ўжо прыяжджаў намесьнік міністра замежных справаў Расеі Леанід Драчэўскі. Але на ягоную просьбу адпусьціць «Руслан», азэрбайджанцы не адрэагавалі. Днямі ўжо мэр Масквы Юры Лужкоў размаўляў на гэтую тэму з прэзыдэнтам Азэрбайджану Гейдарам Аліевым, і зноў заступніцтва не дапамагло. Пагатоў таго — азэрбайджанцы ўжо не выключаюць магчымасьці канфіскацыі самалёта разам з усім яго начыньнем, спасылаючыся на тое, што былі парушаныя мясцовыя законы і ажно тры міжнародныя канвэнцыі.

Міністар абароны краіны Сафар Абіеў «падкінуў» яшчэ адну сэнсацыю. Пазаўчора ён заявіў, што «Руслан» не прасіў пасадкі, а яго прымусілі сесьці азэрбайджанскія самалёты-перахопнікі. Карацей кажучы, інцыдэнт набывае рысы міжнароднага злачынства з удзелам расейскіх, казахстанскіх і беларускіх грамадзянаў. Паводле розных дадзеных, на борце «Руслана» знаходзілася ад 4 да 14 беларускіх грамадзянаў. Усе яны — спэцыялісты ў абслугоўваньні «МіГаў», а магчыма і лётчыкі-настаўнікі. Цікава, што беларусы не былі заяўленыя ў лётных дакумэнтах, знойдзеных на «Руслане». Гэта пацьвердзіў мне кіраўнік прэсавай службы азэрбайджанскага ўраду Атыф Мамраеў. Паводле ягоных словаў цяпер беларусы разам з сваімі расейскімі ды казахстанскімі спадарожнікамі сядзяць у гатэлі аэрапорту, але статус гасьцей для іх можа зьмяніцца на статус затрыманых.

Які можа быць удзел Беларусі ў гэтай гісторыі? Назіральнікі не выключаюць, што шырэйшы, чым проста дапамога камусьці авіяцыйнай тэхнікай альбо спэцыялістамі. Нагадаем, што паводле леташніх вынікаў Беларусь заняла 9-е месца ў сьвеце ў продажы зброі і аказаньні вайскова-тэхнічных паслугаў. Нашыя ваўсю гандлююць ня толькі танкамі, машынамі пяхоты, прыцэламі, але й крылатай тэхнікай. Найбуйнейшая зьдзелка гэтакага кшталту была заключаная летась з Пэру. Дзяржаўная фірма «Белтэхэкспарт» абавязалася паставіць туды «МіГі» і рухавікі на суму больш чым некалькі сотняў мільёнаў даляраў. Паводле дасьведчаных крыніцаў, на рахунку Беларусі зьявіліся і іншыя выгадныя кантракты на пастаўкі самалётаў, таму ня выключана, што зь цягам часу нашыя «МіГі» могуць апынуцца ў гарачых кропках, у тым ліку і ў небе над Югаславіяй. Гэта ва ўсялякім разе не супярэчыць заявам прэзыдэнта Лукашэнкі, які ня раз ужо казаў, што Беларусь акажа Югаславіі ўсю неабходную дапамогу, аднак будзе супярэчыць санкцыянаванаму ААН эмбарга на пастаўкі ў Югаславію зброі, заўважаюць назіральнікі.

Дарэчы, расейцы ўжо ўскосна пацьвердзілі тое, што затрыманыя ў Баку «МіГі» накіроўваліся менавіта ў Бялград. Ва ўсялякім разе Ўладзімер Жырыноўскі, выступаючы ў мінулую суботу ў Дзяржаўнай Думе Расеі, паскардзіўся думцам на тое, што «былы хаўрусьнік Азэрбайджан перашкаджае нашым пастаўкам у Югаславію».

Беларускія афіцыйныя крыніцы з нагоды інцыдэнту з «Русланам» пакуль маўчаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG