Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 сакавіка 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня супрацоўнікамі спэцслужбаў быў затрыманы Міхаіл Чыгір. На гэты момант ён усё яшчэ знаходзіцца ў сьледчым упраўленьні Міністэрства Ўнутраных Справаў. Дагэтуль незразумела на якіх падставах ён затрыманы — у якасьці сьведкі або абвінавачанага.

Ранішнія няўдалыя спробы спэцслужбаў затрымаць Міхаіла Чыгіра каля штаб-кватэры завершыліся посьпехам а 12 гадзіне дня. Машына, на якой выехаў Чыгір, была спыненая У машыне знаходзіўся каардынатар штабу Чыгіра Ўладзімер Барадач, які а 8 гадзіне вечара быў вызвалены. Ён паведаміў нашаму радыё:

(Барадач:) «Пасьля таго, як мы выехалі з штаб-кватэры на праспэкт — гэта было недзе а 12 гадзіне — нас фактычна абкружыла некалькі машынаў. Мы паспрабавалі ад іх адарвацца, і ў раёне мэтро «Усход», у раёне Ўручча нас ізноў абкружылі некалькі машынаў, у тым ліку мікрааўтобус. Адтуль выскачылі сямёра ўзброеных людзей і накіравалі на нас пісталеты. Мяне кінулі на капот, Чыгіра ўвялі ў аўтобус. Потым была каманда мяне кінуць у іншую машыну.

Нас абодвух даставілі на вуліцу Рэвалюцыйную — гэта сьледчае ўпраўленьне Міністэрства Ўнутраных Справаў — і пачалі паасобку дапытваць. Я даведаўся, што Чыгіру імкнуцца інкрымінаваць артыкул 94 крымінальнага кодэксу — крадзеж у асабліва буйных памерах — каля 35 мільёнаў даляраў».

На 21.30 паводле менскага часу Міхаіл Чыгір усё яшчэ знаходзіўся ў сьледчым ўпраўленьні Міністэрства Ўнутраных Справаў. Афіцыйнай інфармацыі адносна таго — зьяўляецца Чыгір сьведкам ці абвінавачаным — пакуль няма. А 19 гадзіне прэсавая служба Міністэрства Ўнутраных Справаў яшчэ распаўсюджвала інфармацыю, што Чыгір затрыманы ў якасьці сьведкі ў крымінальнай справе, узбуджанай паводле фактаў выдаткаваньня нявернутых крэдытаў Белаграпрамбанкам.

Затрыманьне Чыгіра адбылося напярэдадні заўтрашняй афіцыйнай рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты. Пра тое, што цырымонія адбудзецца менавіта заўтра, як і заплянавана, нашаму радыё паведаміў старшыня Цэнтральнай Выбарчай Камісіі Віктар Ганчар. Ён пакуль устрымаўся ад камэнтароў адносна таго, ці можа цырымонія рэгістрацыі адбыцца ў выпадку, калі Чыгіра ня вызваляць.

XS
SM
MD
LG