Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 сакавіка 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Спробай затрымаць Міхаіла Чыгіра пачалася 30 сакавіка апэрацыя супрацоўнікаў спэцслужбаў Беларусі каля штаб-кватэры кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь.

Раніцаю 30 сакавіка, прыблізна а палове адзінаццатай з штаб-кватэры Чыгіра — а яна месьціцца на першым паверсе — убачылі, што да дома пад'ехаў мікрааўтобус і срэбнага колеру мэрсэдэс. Зь іх выскачылі людзі ў спартовых гарнітурах і скураных куртках. Паводле словаў супрацоўнікаў штабу, іх было каля 15 чалавек. Яны імкнуліся выламаць уваходныя дзьверы ў кватэру і спачатку пасьпяхова справіліся зь першымі дзьвярыма. Але другія — жалезныя — яны адчыніць ня здолелі. Тады пачаліся перамовы празь дзьверы. Незнаёмыя патрабавалі ўпусьціць іх у кватэру і казалі, што яны прывезьлі позву для Міхаіла Чыгіра, каб ён зьявіўся на допыт у якасьці сьведкі. Але ў якой справе — яны не патлумачылі. Былы прэм'ер запрапанаваў перадаць позву праз закратаванае акно, але незнаёмыя адмовіліся.

Супрацоўнікі штабу спрабавалі патэлефанаваць у міліцыю і журналістам, але два іхныя тэлефоны былі адключаныя. Ужо пасьля высьветлілася, што супрацоўнікі спэцслужбаў, як толькі ўвайшлі ў пад'езд, абрэзалі тэлефонны кабэль. Аднак са зьяўленьнем прадстаўнікоў мас-мэдыя, да якіх удалося датэлефанавацца праз мабільную сувязь, апэрацыя захопу была спыненая. На месца здарэньня ў гэты час зьявіўся і прадстаўнік місіі АБСЭ ў Менску Крыстофэр Паніка.

Паколькі некалькі супрацоўнікаў спэцслужбаў засталіся ў пад'езьдзе, Чыгір быў вымушаны кантактаваць з журналістамі праз акно. Ён заявіў, што для афіцыйных уладаў...

(Чыгір:) «... найлепшы варыянт быў бы, калі б Чыгір напалохаўся, або Ганчар, і мы зьехалі ў Расею альбо яшчэ куды-небудзь. Але мы вырашылі, што справу трэба даводзіць да завяршэньня. Таму мы без засьцярогі выконвалі грамадзянскі абавязак. Нават пры арышце Ганчара й Чыгіра выбары павінны працягвацца. Але калі пойдуць масавыя арышты, рэпрэсіі, запалохваньні, звальненьні — прэзыдэнт можа сарваць выбары. Але для кожнага юрыста зразумела, што тады Лукашэнка становіцца крымінальнікам, і прыйдзе час, калі ён адкажа за ўсе свае дзеяньні».

Пасьля размовы з журналістамі Чыгір скарыстаў момант, каб бесьперашкодна выйсьці з сваёй штаб-кватэры. Ён сеў у машыну, за рулём якой быў былы афганец Уладзімер Барадач, і зьехаў у невядомым напрамку.

Як пазьней паведаміў журналістам Юры Захаранка, у цяперашні момант Чыгір знаходзіцца ў бясьпечным месцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG