Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сакавіка 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Вайна ў Югаславіі ўжо прынесла пэўныя палітычныя дывідэнды цяперашняму кіраўніцтву Беларусі. Паглыбленьне супярэчнасьцяў паміж Масквою й Захадам, як лічаць назіральнікі, цешыць Аляксандра Лукашэнку яшчэ і з той прычыны, што гэтэ можа яму прынесьці і дывідэнды эканамічныя. Напрыклад — калі Расея адмовіцца ад выдзяленьня ёй Захадам гуманітарнай харчовай дапамогі.

Як сталася вядома зь неафіцыйных крыніцаў, Беларусь апошнім часам вымушаная кожны тыдзень увозіць у краіну 15 тысячаў тонаў фуражнага збожжа. Такі завоз выкліканы неабходнасьцю прадухіленьня ў калгасах і саўгасах масавай гібелі галодных жывёлагадоўчых статкаў. За кожную тону збожжа яго пастаўнікам плоціцца ў сярэднім па 130 амэрыканскіх даляраў, у выніку чаго дзяржава вымушаная штомесяц выдаткоўваць на гэты імпарт непрадугледжаныя бюджэтам мільённыя сумы валютных рэсурсаў.

Адметнасьцю згаданага імпарту зьяўляецца тая акалічнасьць, што сярод краінаў, адкуль завозіцца ў Беларусь фуражнае збожжа, адсутнічае Расея. Факт сам па сабе неардынарны. Расея вось ужо на працягу многіх гадоў выступала ў якасьці галоўнага партнёра ў пастаўках для беларускага АПК фуражнага збожжа. Беларусаў збожжавы гандаль з партнэрам па саюзе, трэба сказаць, вельмі задавальняў. Рэч у тым, што ў адрозьненьне ад іншых пастаўнікоў збожжа расейцы пагаджаліся на ўзаемаразьлікі ня толькі ў форме бартэраў, але й не настойвалі на своечасовасьці выплатаў. І вось сёлета сытуацыя карэнным чынам зьмянілася. Расея сёньня ня можа пастаўляць у Беларусь такі тавар, як збожжа.

Як цяпер высьвятляецца, гэта сталася вынікам нядаўніх міжнародных дамоўленасьцяў Масквы з Захадам. Нагадаю, напрыканцы мінулага году Захад у асобе Злучаных Штатаў Амэрыкі і Эўрапейскага Зьвязу заключыў дамовы з Расеяй аб аказаньні ёй харчовай гуманітарнай дапамогі, у тым ліку і ў выглядзе паставак замежнага гуманітарнага збожжа. Дык вось, згаданая дапамога Маскве была рэглямэнтаваная шэрагам жорсткіх умоваў. Адна з такіх умоваў — забарона вывазу збожжа з Расеі, каб выключыць збожжавы рээкспарт.

Цяпер беларускае кіраўніцтва не хавае свайго рэзка нэгатыўнага стаўленьня да такіх дамоўленасьцяў Масквы з Захадам. Камэнтуючы на мінулым тыдні іх уплыў на беларуска-расейскія дачыненьні, міністар сельскай гаспадаркі й харчаваньня Беларусі Юры Мароз у інтэрвію сродкам масавай інфармацыі выказаў сваё абурэньне забаронай збожжавага імпарту з Расеі, бо ў выніку «усе нашы дамовы і кантракты лопнулі, як мыльная бурбалка. Ніводзін губэрнатар сёньня не дазволіць вывозіць сваё збожжа. Ня можам мы закупіць яго й праз бартэр».

Падзеі ў Югаславіі, што выклікалі рост антызаходніцкіх настрояў у Расейскай Фэдэрацыі, паводле меркаваньня маскоўскіх сродкаў масавай інфармацыі, могуць прывесьці да байкоту заходняй гуманітарнай дапамогі. Як патлумачыў мне адзін з чыноўнікаў беларускага дзяржапарату, на такі паварот ва ўзаемадачыненьнях Расеі з Захадам вельмі спадзяецца каманда Аляксандра Лукашэнкі. Рэч у тым, што да атрыманьня новага ўраджаю ёй неабходна набыць для ўнутраных патрэбаў Беларусі дадаткова каля 1 мільёну тонаў збожжа. гэты імпарт будзе каштаваць дзяржаве ня менш за 130 мільёнаў даляраў. Зразумела, што ва ўмовах крызысу адшукаць іх у спустошанай казьне беларускія ўлады цяпер ня ў стане.

XS
SM
MD
LG