Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сакавіка 1999 г.


Валянціна Аксак, Менск

Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны прыняло заяву паводле фактаў грубага парушэньня правоў чалавека ды законаў краіны, дапушчаных у часе праведзенага нядаўна ўрадам Беларусі перапісу насельніцтва. Сакратарыят таварыства зрабіў маніторынг зафіксаваных парушэньняў.

Зразумела, што гэты маніторынг утрымвае толькі нязначную частку парушэньняў, бо далёка ня ўсе грамадзяне змаглі паведаміць пра гэта ў ТБМ, а бальшыня насельніцтва проста ня ведала, куды трэба было зьвяртацца. Асабліва ў рэгіёнах, дзе практычна адсутнічае незалежная прэса, якая паведамляла пра русыфікацыйныя мэтады перапісу.

Зафіксаваныя ТБМ факты можна умоўна абагульніць у 6 спосабаў парушэньня дзяржаваю правоў чалавека ды дзейных у краіне законаў.

Першы — самы масавы: адсутнасьць у падлікоўцаў перапісных лістоў на дзяржаўнай беларускай мове. На патрабаваньне такіх лістоў падлікоўцы адказвалі, што ім не даюць іх у камісіях. Пра гэта паведамілі ў ТБМ з Барысава, вёскі Запольле Пінскага раёну, Маладэчна, Смаргоні, шмат якіх іншых рэгіёнаў Беларусі.

На адмову сп-ні Гурэцкай зь Менску праходзіць перапіс па-расейску падлікоўцы абяцалі прыйсьці яшчэ раз зь міліцыяй. Многія грамадзяне з-за адсутнасьці беларускіх блянкаў засталіся неапытаныя. Масава такія факты зафіксаваныя ў сталіцы. Блянкі на неперапісаных грамадзянаў потым запаўняліся завочна і так, як таго патрабавала начальства. Пашпартныя зьвесткі браліся з домакіраўніцтваў.

А шмат у якіх месцах падлікоўцы наогул не абыходзілі хаты жыхароў. «А навошта?» - сказаў ТБМаўцам старшыня сельсавету вёскі Кароткавічы, што ў Жлобінскім раёне на Гомельшчыне і дадаў, што ўсіх вяскоўцаў добра ведае і зьвесткі ў яго ёсьць. У выніку такой, з дазволу сказаць, дасьведчанасьці ў шмат якіх вёсках дайшло да абсурду. Так, састарэлым жыхарам вёскі Ўпірава Іванаўскага раёну роднаю запісалі мову, якую яны ніколі не вывучалі і на якой ніколі не размаўлялі. На пытаньне «Чаму?» — яны ж размаўляюць па-паляшуцку, а не па-расейску — падліковец адказала, што ёй так загадалі.

Загадвалі і ў вайсковых частках. Так, у хімроце вайсковага гарадку Печы, што пад Барысавам, капітан Трусаў заявіў салдатам, што іх родная мова — тая, на якой яны вучыліся ў школе. Пад пагрозай дысцыплінарнага пакараньня ніхто зь іх ня здолеў дамагчыся, каб роднаю запісвалі беларускую.

Не пыталіся пра моўную ідэнтыфікацыю ня толькі ў бяспраўных вайскоўцаў, але і ў нібыта вольных цывільных грамадзянаў. Менчукі Станіслаў Шчыпна, Яўгенія Шкрэткава, Ірына Гіль, гамяльчанка Алена Бусел, Галіна Аксючыц з Заслаўя ды многія іншыя паведамілі, што падлікоўцы не пыталіся ў іх, на якой мове яны размаўляюць дома, адразу запісваючы расейскую.

Расейскаю была й мова абсалютнай бальшыні самых падлікоўцаў, і беларускамоўныя адказы грамадзянаў яны ня ўпісвалі ў блянкі ў арыгінале, а перакладалі. На пытаньне, да прыкладу, сп. Дзергачова з Смаргоні — чаму так? — падліковец адказала, што ня ведае беларускай мовы. А беларускую мову сп. Усовіча з пасёлку Сосны падліковец нават абражала, перакрыўляючы прозьвішча.

Ня толькі асабіста падлікоўцы, але і дзяржава ў цэлым гэткімі мэтадамі правядзеньня перапісу выказала да сваіх грамадзянаў непавагу, лічыць Надзея Зьмітрачэнка зь Менску. І робіць дзяржава гэта наўмысна — каб дасягаць сваёй ідэалягічнай мэты — поўнай русыфікацыі Беларусі. Так ацэньвае праведзены перапіс Рада Таварыства Беларускай Мовы, якая на сваім апошнім паседжаньні прыняла з гэтай нагоды адмысловую заяву.

XS
SM
MD
LG