Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сакавіка 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У Кіраўску працягваецца працэс над Васілём Старавойтавым, якога ўлады абвінавачваюць у крадзяжы дзяржаўнай маёмасьці, хабарніцтве ды іншых злачынствах. Між тым Васіль Старавойтаў дагэтуль не прызнае сябе вінаватым і бясконца зьвяртаецца да суду й міліцыянтаў з пытаньнем: «Скажыце, за што мяне судзяць?»

Нечакана запаволіўся судовы працэс у Кіраўску, дзе ад канца лістапада мінулага году судзяць былога старшыню акцыйнага таварыства «Расьсьвет» Васіля Старавойтава. Вось ужо два тыдні йдзе агалошваньне матэрыялаў справы з адначасным апытаньнем сьведкаў, і паводле прагнозаў на гэта спартэбіцца яшчэ ня менш за тыдзень.

Між тым кіраўская судзьдзя Надзея Чмара, якая старшынюе на працэсе, раней не выключала, што судовае расьсьледаваньне завершыцца да 20 сакавіка, а на пачатку красавікажо будзе абвешчаны прысуд. Адставаньне ад гэтага графіку, на думку адвакаткі Старавойтава Веры Страмкоўскай, тлумачыцца паводзінамі сьведкаў зь Менску й Бабруйску.

Калі ў якасьці сьведкаў выступалі калгасьнікі з «Расьсьвету», працэс рухаўся значна хутчэй, яўка была 100%-ная, аналізуе паводзіны сьведкаў Вера Страмкоўская. Што, на ейную думку, паўплывала на сьведкаў? Адвакатка не выключае, што сьледчаму ўдалося запалохаць тых, хто жыве ў Мышкавічах, бо супраць калгасьнікаў куды больш мэтадаў узьдзеяньня. А вось з гарадзкімі сьведкамі працаваць цяжэй. У прыватнасьці, некаторыя адказныя асобы зь Менскага трактарнага заводу, дзе быццам бы за хабар кіраўніцтва «Расьсьвету» танна купляла трактары, у суд зьяўляцца не сьпяшаюцца. Гэтыя сьведкі абралі за лепшае спаыслацца на розныя аб'ектыўныя прычыны, каб толькі не прыяжджаць у Кіраўск.

У выніку працэс згубіў ужо больш за тыдзень, заўважае Страмкоўская. Аднак у гэтых умовах яе турбуе зусім ня тое, што згублены час. Калі сьведка не зьяўляецца ў суд, судзьдзя можа прыняць рашэньне задаволіцца ягонымі пісьмовымі паказаньнямі, што раней ён даваў сьледчаму. Адвакат Страмкоўская ў гэтай сувязі заўважае: «На сьледзтве чалавек у пэўных абставінах можа сказаць тое, чаго не паўторыць у судзе. Такіх выпадкаў дастаткова. Я не выключаю, што многім сьведкам у справе Старавойтава сорамна зьяўляцца ў суд і публічна ў твар Васілю Старавойтаву паўтараць свае ранейшыя паказаньні супраць яго».

Паводле Страмкоўскай, судзьдзі таксама не выключаюць зьмены ў паказаньнях, і таму ня вельмі настойваюць на яўцы некаторых сьведкаў у суд. Зьдзіўленьне Страмкоўскай, напрыклад, выклікае тое, што дагэтуль ня быў апытаны былы міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў, які, згодна з матэрыяламі справы, атрымаў ад Старавойтава хабар у выглядзе мэблевага гарнітуру.

Цяпер судзьдзя Чмара кажа, што «мы можам абыйсьціся і без таго, каб заслухаць Лявонава ў судзе». Між тым у пачатку працэсу суд прыняў спэцыяльнае рашэньне — абавязкова прывесьці Лявонава на працэс. Дзіўная супярэчнасьць, падкрэсьлівае адвакат.

Сёньня, каб праверыць гэтае цьверджаньне, я спэцыяльна патэлефанаваў да судзьдзі Надзеі Чмары. Судзьдзя пацьвердзіла, што дакладна ня ведае, ці будзе выкліканы Лявонаў у суд — увогуле будзе ён выкліканы, ці безь яго абыйдуцца. «Патэлефануйце ў сераду», - параіла Надзея Чмара.

Адвакат Страмкоўская ня ведае, у чым дакладна прычына гэтай нявызначанасьці. Яна прапануе выбар паміж двума варыянтамі — альбо судзьдзя не жадае, каб журналісты прысутнічалі на допыце былога міністра сельскай гаспадаркі Лявонава, альбо ўлады ня ўпэўненыя, што і Лявонаў і Старавойтаў пацьвердзяць факт хабару.

На гэтым тыдні гэтая дылема павінна вырашыцца, сьцьвярджае Страмкоўская. Тым часам не праходзіць дня, каб Васіль Старавойтаў з клеткі, дзе ён сядзіць ад пачатку працэсу, не пытаўся ў судзьдзяў і міліцыянтаў: «Скажыце, за што мяне судзяць?»

XS
SM
MD
LG