Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сакавіка 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

На гэтым тыдні беларусы ва ўсім сьвеце адзначалі 81-я ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі. Кульмінацыяй сталася акцыя ў Менску. (Эфір 28 сакавіка).

Каля 10 тысячаў — паводле арганізатараў — выйшла сёньня на акцыю апазыцыі, каб адзначыць 81-я ўгодкі БНР. «Няхай жыве Незалежная Беларусь!» — пад гэтым лёзунгам часоў БНР Беларускі Народны Фронт арганізаваў шэсьце ад пляцу Якуба Коласа да месца правядзеньня мітынгу — Опэрнага тэатру. Моладзь складае значную частку калёны, на чале якой — харугвы БНР.

Кіраўнік спартовага аддзелу Маладога Фронту Сяржук Масковіч паведаміў нашаму радыё, што ўчора падчас футбольнага мачу Беларусь-Швэйцарыя было затрымана каля 20 чалавек, што трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі.

(Масковіч:) «Напрыканцы другога тайму гульні мы паднялі бел-чырвона-белыя сьцягі. Да нас кінуліся супрацоўнікі міліцыі, вайскоўцы. Зноў усчалася бойка. Лёталі ў паветры галаўныя ўборы міліцыянтаў. Людзей зноў выцягнулі, зноў моцна зьбілі».

Падчас шэсьця моладзь несла жалезнага двухгаловага арла — уніз галовамі — які быў урачыста ўтоплены ў рацэ Сьвіслач.

Хоць мітынг і быў прысьвечаны БНР, аднак выступоўцы ў большай ступені засяроджвалі ўвагу на прэзыдэнцкіх выбарах 16 траўня. Прэзыдэнт Рады БНР Івонка Сурвіла і старшыня БНФ Зянон Пазьняк даслалі свае віншаваньні з-за мяжы. Выканаўца абавязкаў старшыні БНФ Лявон Баршчэўскі паведаміў:

(Баршчэўскі:) «Днямі закончыўся збор подпісаў за кандыдатаў у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь. Такіх подпісаў нашмат больш за 100 тысячаў. І гэта ва ўмовах запалохваньня, ва ўмовах арыштаў, ва ўмовах цкаваньня ў сродках масавай інфармацыі. Я думаю, што акцыя збору подпісаў паказала ў першую чаргу Маскве, што ў Беларусі многія сотні й тысячы людзей, якія ня згодныя, каб аддаць Бацькаўшчыну ў чужое ярмо».

Намесьнік старшыні Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі Анатоль Лябедзька заявіў, што 2 красавіка — на «дзень яднаньня Беларусі й Расеі» — пададзеная заяўка на антымілітарысцкую акцыю.

(Лябедзька:) «У Беларусі ўзьнімаецца антыэўрапейская, антыамэрыканская істэрыя. Выкарыстоўваючы сытуацыю на Бальканах, Лукашэнка можа пайсьці на зьнішчэньне сувэрэнітэту і незалежнасьці. Мы павінны сказаць «Не» ядзерным авантурыстам, «Так» — бязьядзернай Беларусі...»

Рэзалюцыя мітынгу, як паведаміў Вінцук Вячорка, даволі кароткая:

(Вячорка:) «Мы гнеўна асуджаем спробы маскоўскіх імпэрыялістаў разьмясьціць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі. Хай ведаюць крамлёўскія ястрабы і іхны менскі халуй, што шматпакутная беларуская зямля будзе гарэць у іх пад нагамі».

Масавасьць сёньняшняй акцыі — найбуйнейшай за апошні час — дае ўяўленьне пра тое, якою будзе сёлетняя Беларуская Вясна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG