Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 сакавіка 1999 г.


Сёньня стала вядома, што ўначы ў чацьвер у аўтамабільнай катастрофе загінуў лідэр Народнага Руху Ўкраіны Вячаслаў Чарнавіл.

Зянон Пазьняк (Нью-Ёрк):

«Гэта найвялікшае няшчасьце для Ўкраіны, бо загінуў вялікі ўкраінец, вялікі сын Украіны. Гэта вельмі вялікае няшчасьце, бо Чарнавіл быў ідэйным кіраўніком у Руху. Ён быў лідэрам і ідэйным кіраўніком. А ўсё моцнае тое, што трымаецца на духу і на ідэі. Усё астатняе — гэта марната. І вось у такі адказны час гэтага чалавека няма.

Я гаварыў з украінцамі, тэлефанаваў сябрам, і галоўнае што трэба — у чым яны перакананыя — зараз аб'яднацца вакол тых ідэяў, якія Чарнавіл усёў у Рух, увёў ва ўкраінскую палітыку. А гэта перш за ўсё — украінская нацыянальная ідэя.

Павінна быць вольная незалежная Ўкраіна, павінна быць дэмакратычная Ўкраіна, павінна быць эўрапейская Ўкраіна, сяброўка вольнай незалежнай Беларусі. У гэтым была нашая агульная палітыка і агульныя палітычныя перакананьні.

Я вельмі ўражаны тым, што адбылося, хачу выказаць свае глыбокія спачуваньні ўсяму ўкраінскаму народу, Руху Ўкраіны і асабіста жонцы Вячаслава Атэне Васілеўне. Мы ўсе разам павінны аб'яднацца, каб захаваць свабоду й незалежнасьць сваіх краінаў — і Беларусі, і Ўкраіны.

Вечная памяць пра Вячаслава будзе заўсёды і застанецца ва ўкраінскай гісторыі. А зараз ягоная сьмерць — гэтая трагічная сьмерць — павінна аб'яднаць на барацьбу».

Сяргей Навумчык (Прага):

«Упершыню я сустрэўся з Чарнавілам ў 1990 годзе — Вячаслаў Максімавіч быў у Беларусі, і тое, што робіцца ў нашай краіне, заўсёды браў блізка да сэрца. Ён заўсёды вітаў зьезды Беларускага Народнага Фронту, мы часта спатыкаліся зь ім і ў Кіеве, і ў іншых краінах.

З асабістых жа спатканьняў з Вячаславам Максімавічам засталося адчуваньне тактоўнасьці і надзвычайнай чалавечай цеплыні.

Пасьля прагрозы арышту ў 1996 годзе мы зь Зянонам Пазьняком былі вымушаныя пакінуць Беларусь і нейкі час правесьці ў Кіеве. У апошні сакавіцкі дзень ён запрасіў нас з жонкай да сябе, і калі мы ўвайшліі ў пакой, ён адкаркаваў бутэльку шампанскага. «За гадавіну вашага вясельля», - ўзьняў келіх Вячаслаў Масксімавіч, а ў мяне самога, прызнаюся, нават у думках не было адзначаць тую гадавіну ў такі момант.

Цяпер я ўжо магу сказаць, што выезд Пазьняка зь Беларусі вясной 1996 году быў арганізаваны Чарнавілам.

Сёньня ранішняе пасяджэньне ўкраінскага парлямэнту пачалося з хвіліны маўчаньня ў памяць Вячаслава Чарнавіла. Імя Чарнавіла, нароўні зь імёнамі ягоных паплечнікаў Васіля Стуса ды Івана Сьвітлічнага, ў 60-ыя гады ўвасабляла ідэю волі і дэмакратыі ў тагачасным савецкім грамадзтве.

Камуністы ацэньвалі Чарнавіла адпаведна маштабу ягонай асобы — за свае перакананьні ён правёў пятнаццаць гадоў у савецкіх турмах і лягерах.

У палітыцы Чарнавіл кіраваўся выключна інтарэсамі незалежнасьці сваёй краіны, і дзеля гэтага мог пайсьць на крокі, якія лічацца нестандартнымі. Ён доўгі час прадстаўляў Украіну ў Радзе Эўропы ў Страсбуры і меў багаты вопыт дыпляматычных перамоваў, быў здольны ісьці на кампрамісы — але ў залі Вярхоўнай Рады Ўкраіны мог заблякаваць мікрафон у сьпікера парлямэнту, калі лічыў гэта патрэбным. Прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма заявіў сёньня, што пры розным стаўленьні да Чарнавіла розных асобаў ніхто ня здолее паставіць пад сумнеў ягоную ролю ва ўмацаваньні незалежнай Украіны.

Сёньня лідэры Народнага Руху Ўкраіны выказалі спадзяваньне, што РУХ аб'яднаецца, і гэтае аб'яднаньне будзе найлепшым помнікам Вячаславу Максімавічу Чарнавілу».

XS
SM
MD
LG