Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 сакавіка 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

26 сакавіка быў выкананы яшчэ адзін — дарэчы, ужо трынаццаты — пункт у каляндарным пляне асноўных мерапрыемстваў у падрыхтоўцы й правядзеньні выбараў у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь у 1999 годзе. Гэты пункт гучыць гэтак: збор подпісаў выбаршчыкаў аб вылучэньні кандыдатаў у прэзыдэнты.

Сёньня ўжо можна канстатаваць: выбарчыя штабы абодвух кандыдатаў у прэзыдэнты — Зянона Пазьняка і Міхаіла Чыгіра — з пастаўленай перад імі задачай справіліся. Неабходная колькасьць подпісаў выбаршчыкаў — 100 тысячаў — сабраная. Паводле зьвестак штабу лідэра Беларускага Народнага Фронту, у ягоную падтрымку маецца подпісаў больш, чым гэта патрэбна, але дакладную лічбу пакуль тут не называюць. І не таму, што з гэтага хочуць зрабіць нейкую незвычайную таямніцу. Усё значна прасьцей: у апошні дзень інтэнсіўнасьць прывозу падпісных лістоў значна ўзрасла, і таму зьмена лічбаў адбываецца літаральна праз кожныя 5-10 хвілінаў. Гэтыя абставіны вымушаюць штаб сп. Пазьняка перайсьці на звышінтэнсіўны рэжым працы. Праўда, добраахвотнікаў дапамагчы тут шмат, але справа ўсё ж настолькі сур'ёзная, што кіраўнік выбарчага штабу Сяргей Папкоў вырашыў дапусьціць да яе толькі тых, хто ўжо мае пэўны досьвед.

Выбарчы штаб Міхаіла Чыгіра раніцай 26 сакавіка наведаў прадстаўнік праваахоўчых ворганаў, які назваў сябе ўчастковым інспэктарам. Міліцыянт патлумачыў свой прыход так: маўляў, цікава, чаму гэта ў прыватную кватэру ідзе так многа людзей? Штаб Чыгіра і сапраўды разьмяшчаецца ўва ўзятай у арэнду трохпакаёўцы на вуліцы Максіма Танка. Пасьля размовы зь міліцыянтам кіраўніцтва штабу вырашыла не рызыкаваць — усе падпісныя лісты тэрмінова вывезьлі ў надзейнае сховішча. А ў кватэры засталіся дзяжурныя. У 16 гадзінаў, калі я туды тэлефанаваў, там ішла напружаная праца — прывозілі ўсё новыя й новыя падпісныя лісты. Геаграфія апошняй гадзіны перад тэлефанаваньнем была гэткая: Ашмяна, Бяроза, Менск, Горадня, Клецак.

Такім чынам, выбарчая кампанія падыйшла да свайго 14-га пункту — перадачы падпісных лістоў у камісіі па выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і праверкі сапраўднасьці подпісаў выбаршчыкаў на падпісных лістах. На гэтую працэдуру, згодна з законам, адведзена 10 дзён.

Што можа перашкодзіць прызнаньню падпіснога ліста сапраўдным? Адказ на гэтае пытаньне можна знайсьці ў Інструкцыі аб парадку вылучэньня кандыдатаў у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь. У ёй напісана: «Адказнасьць за сапраўднасьць дадзеных у падпісных лістах ускладаецца на сябра ініцыятыўнай групы, які праводзіў збор подпісаў. Падпісныя лісты, у якіх выяўленыя фіктыўныя подпісы, альбо подпісы таго самага выбаршчыка за двух і болей выбаршчыкаў, альбо подпісы грамадзянаў, якія не дасягнулі 18 гадоў, а таксама падпісныя лісты, якія не падпісаныя сябрам ініцыятыўнай групы, альбо на якіх няма адпаведных пячатак — лічацца несапраўднымі».

Вось гэтай справай, а менавіта — праверкай — і будуць цяпер займацца выбарчыя камісіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG