Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 сакавіка 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Мар'іна Горка

У Мар'інай Горцы, дзе, як вядома, сёньня месьціцца цімала розных вайсковых частак і аб'ектаў, з трывогай сочаць за рэакцыяй расейскага й беларускага кіраўніцтва на падзеі ў Югаславіі.

Учора й сёньня многія мар'інагорцы літаральна кожную вольную хвіліну праводзілі каля сваіх тэлевізараў і радыёпрыймачоў, каб пачуць пра тое, як разгортваюцца ваенныя дзеяньні ў Югаславіі. тэлевізары былі выстаўленыя нават у кавярнях, крамах ды іншых грамадзкіх мейсцах. Як паведаміў мне старшыня мясцовай Рады БНФ Алесь Васьковіч, насельнікі райцэнтру, асабліва мікрараёну дысьлякаванай тут Іркуцка-Пінскай дывізіі, дзе жывуць у асноўным сем'і вайскоўцаў, вельмі баяцца вяртаньня ракетаў зь ядзернымі боегалоўкамі на дасюль не зьліквікадавыя беларускія стартавыя пляцоўкі, хоць бальшыня мар'інагорцаў перажывае за сэрбаў.

Актывісты выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі, якая ў рэгіёне заканчвае свой чарговы этап, таксама пачалі тлумачыць усю патэнцыйную небясьпеку гэткіх памкненьняў Аляксандра Лукашэнкі. Народнафронтаўцы, як паведамляе Алесь Васьковіч, зьвяртаюць увагу землякоў на наступныя фактары, каб тыя здолелі супрацьстаяць хлусьлівай расейскай і беларускай афіцыйнай прапагандзе. Гаворыць Алесь Васьковіч:

(Васьковіч:) «У той час, калі забівалі альбанцаў у Косаве, дык ніякай рэакцыі не было. Заклікалі да перамоваў, але фактычна нічога не рабілася. А як пачалі бамбаваць сэрбаў, дык адразу ўсім стала іх шкада. Даўно вядома, што Беларусь зьяўляецца сатэлітам Расеі, пазыцыя Лукашэнкі — гэта пазыцыя Расеі. Гэта правакаваньне новай гонкі ўзбраеньняў. Фактычна Беларусь становіца закладніцай Расеі — калі будзе ўведзеная ядзерная зброя ў Беларусь».

Па мікрараёне Іркуцка-Пінскай дывізіі ходзяць упартыя чуткі аб яе прывядзеньні ў поўную баявую гатовасьць.

XS
SM
MD
LG