Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 сакавіка 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня, прымаючы даверчыя лісты ад новага расейскага амбасадара Даўгова, прэзыдэнт Лукашэнка выказаў спадзяваньне, што Даўгоў стане апошнім амбасадарам Расеі ў Беларусі.

У сувязі з сваім стаўленьнем да ваеннай апэрацыі НАТО ў Югаславіі Беларусь і Расея апынуліся ў міжнароднай ізаляцыі. Учора на паседжаньні Раы Бясьпекі ААН прапанова Расеі асудзіць НАТО не атрымала падтрымкі. Гэты стан ізаляцыі можа падштурхнуць кіраўніцтва Беларусі й Расеі да паскарэньня інтэграцыйнага працэсу.

Сёньня, прымаючы даверчыя лісты ад новага расейскага амбасадара Вячаслава Даўгова, Лукашэнка выказаў спадзяваньне, што той будзе апошнім амбасадарам Расеі ў Беларусі. Паводле словаў прэзыдэнта, аб'яднаньне Беларусі й Расеі можа адбыцца ў найбліжэйшыя гады, і тады пасада амбасадара Расеі ў Беларусі будзе скасаваная. Прэзыдэнт сказаў: «Дай Бог, каб Вы сталі апошнім амбасадарам Расеі ў Беларусі, каб сталі звычайным дзяржаўным службоўцам. Спадзяюся, што так у хуткім часе й будзе». Ён дадаў, што хопіць жыць у камунальных кватэрах у адзіным агульным доме.

Пакуль гэтая інтэграцыя разьвіваецца ў рэчышчы змаганьня з НАТО. Учора прэзыдэнт Лукашэнка заявіў, што хоць Беларусь і не ініцыявала вяртаньне ядзернай зброі на сваю тэрыторыю, але гэтыя пляны могуць абмяркоўвацца. «Аднак рашэньне будуць прымаць ня Ельцын і Прымакоў, а я», - дадаў прэзыдэнт. Ён таксама паведаміў, што загадаў міністру абароны Чумакову абмеркаваць зь ягоным расейскім калегам Сяргеевым магчымасьці ваенных паставак Югаславіі. «Мы маем маральнае права на пастаўкі зброі ў Югаславію, бо НАТО сваёй агрэсіяй парушыла ўсе міжнародныя пагадненьні», - падкрэсьліў Аляксандар Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG