Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 сакавіка 1999 г.


Незалежная арганізацыя са Злучаных Штатаў сьцьвярджае, што толькі некалькі з краінаў усходняй Эўропы і былога Савецкага Саюзу забясьпечвалі якую-кольвек істотную абарону журналістам і незалежнай прэсе ў 1998 годзе. Гэткая выснова зьмяшчаецца ў штогадовай справаздачаы Камітэту Абароны Журналістаў, якая выйшла пад назовам «Напады на Прэсу». Гэты агляд быў заплянаваны для распаўсюджаньня сёньня. Камітэт зьяўляецца прыватнай некамэрцыйнай групай дзеля спрыяньня свабодзе прэсы ў цэлым сьвеце, а таксама абароны журналістаў.

Згодна з справаздачай, сярод найгоршых парушальнікаў правоў прэсы ў рэгіёне былі Азэрбайджан, Беларусь, Босьнія, Харватыя, Югаславія, Грузія, Казахстан, Расея, Таджыкістан і Узбэкістан.

Усе гэтыя краіны разглядаюцца ў дакумэнце ў сувязі з практыкай цэнзуры альбо ўвядзеньнем ці захаваньнем заканадаўства, скіраванага на абмежаваньне СМІ. Дакумэнт таксама абвінавачвае шмат якія з гэтых краінаў у дзяржаўным санкцыянаваньні арыштаў, цкаваньня, зьбіцьця, затрыманьня, закладаньня бомбаў, а таксама ўжываньня нарматыўнага і фінансавага ціску ў якасьці сродкаў запалохваньня журналістаў.

Агляд вылучыў Югаславію і Беларусь як найгоршых парушальнікаў свабоды прэсы ў рэгіёне ў 1998 годзе.

Эн Купэр, выканаўчы дырэктар Камітэту Абароны Журналістаў, сказала ў інтэрвію для Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, што агулам тое, наколькі мала свабоды прэсы існуе цяпер ва Ўсходняй Эўропе і былым Савецкім Саюзе, вельмі расчароўвае.

Купэр гаворыць: «Некалькі гадоў таму мы меркававлі што існуюць добрыя пэрспэктывы. Са сканчэньнем камунізму мы бачылі зьяўленьне незалежнай прэсы шмат у якіх месцах. Але цяпер мы ёсьць сьведкамі таго, як шмат якія кіраўнікі распраўляюцца зь ёй, і нідзе яны ня робяць гэтага мацней як у Беларусі і Югаславіі. Гэта два найцяжэйшыя выпадкі ў рэгіёне на гэты час».

У дачыненьні да Югаславіі агляд сьцьвярджае, што ў 1998 годзе вайна ў Косаве выклікала новую хвалю рэпрэсіяў сэрбскага ўраду супраць незалежных СМІ, якія «наважваліся супярэчыць рыторыцы нянавісьці і нацыяналістычнай палітыцы рэжыму прэзыдэнта Слабадана Мілошавіча».

Дакумаэнт таксама гаворыць, што ў верасьні, калі НАТО пагражала Бялграду паветранымі ўдарамі, прымушаючы Мілошавіча адклікаць свае сілы з Косава, сэрбскі ўрад адказаў помстай незалежным журналістам.

Як тлумачыць агляд, «шэраг урадавых заяваў у пачатку кастрычніка абвінавачвалі незалежных журналістаў у шпіянажы , а 5 кастрычніка сэрбскі міністар інфармацыі загадаў незалежным станцыям спыніць рэтрансляцыю Голасу Амэрыкі і іншых замежных станцыяў».

Дакумэнт гаворыць, што Мілошавіч працягваў цкаваць незалежную прэсу праз узмацненьне адміністратыўнага кантролю, уводзіў празьмерныя штрафы для парушальнікаў законаў пра СМІ і пазбаўляў асноўных журналісцкіх правоў тых, хто абвінавачваўся ў парушэньнях.

Беларусь таксама зазнала моцную крытыку. Згодна з дакумэнтам, у 1998 годзе прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка узмацніў «і гэтак ужо цяжкія» абмежаваньні на СМІ.

Як тлумацыцца, «пры здушаным прадпрымальніцтве, затрыманьнях актывістаў апазыцыі, абмежаваньнях незалежных СМІ, праўленьне Лукашэнкі ў савецкім стылі працягвае мець катастрафічны ўплыў на эканамічнае і палітычнае жыцьцё Беларусі».

Дакумэнт згадвае забарону Лукашэнкі на распаўсюджаньне афіцыйных дакумэнтаў у незалежных СМІ, ці зьмяшчэньне дзяржаўнымі структурамі аб'яваў у недзяржаўных СМІ.

У траўні Камітэт прызнаў Лукашэнку адным з 10 найгоршых «ворагаў прэсы» ў сьвеце, другі год запар.

Далей агляд пералічае найгалаўнейшыя праблемы і небясьпекі, зь якімі сутыкаюцца незалежныя журналісты ў Азэрбайджане, Босьніі, Харватыі, Грузіі, краінах былой савецкай цэнтральнай Азіі і Расеі. Тымчасам, пазытыўнай адзнакі заслужылі Чэхія і Вугоршчына.

Дакумэнт робіць выснову, што на канец 1998 году прынамсі 118 журналістаў былі ў зьняволеньні ў 25 краінах, а 24 журналіста ў 17 краінах былі забітыя на працягу года на знак помсты за іхнія матэрыялы.

XS
SM
MD
LG