Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 25 сакавіка 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

Упершыню за сваю 50-гадовую гісторыю ваенна-палітычны абарончы саюз НАТО пачаў правядзеньне вайсковай наступальнай апэрацыі супроць сувэрэннай краіны — Югаславіі. Ракетнаму абстрэлу і бамбардаваньню з паветра падвергліся ваенныя аб'екты 7 югаслаўскіх гарадоў у Сэрбіі, Чарнагорыі, Косаве і Ваяводзіне. Ёсьць ахвяры як сярод югаслаўскіх вайскоўцаў, так і сярод цывільнага насельніцтва.

Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан у спэцыяльнай тэлепрамове перад амэрыканскім народам гэтак ахарактарызаваў прычыны ваеннай акцыі:

(Клінтан:) «Мы і нашыя натаўскія саюзьнікі пастановілі пачаць гэтую апэрацыю толькі пасьля неаднаразовых і настойлівых высілкаў мірным шляхам вырашыць косаўскі крызыс. Аднак прэзыдэнт Мілошавіч, які на працягу апошніх дзесяці гадоў распачынаў жудасныя войны супроць Харватыі і Босніі, зноў абраў шлях агрэсіі, а ня міру. Ён не стрымаў свайго ўласнага абяцаньня прыпыніць жорсткія рэпрэсіі ў Косаве. Ён адмовіўся ад збалянсаванага і справядлівага мірнага пагадненьня, зь якім мужна пагадзіліся косаўскія альбанцы. Замест міру, ягоныя войскі ўзмацнілі свае атакі, пачалі паліць вёскі косаўскіх альбанцаў і забіваць цывільнае насельніцтва».

З тэлевізійнай прамовай перад сваім народам выступіў і прэзыдэнт Югаславіі Слабадан Мілошавіч:

(Мілошавіч:) «Цяпер барацьба ідзе за свабоду усёй нашай краіны. А Косава — гэта толькі дзьверы, празь якія замежныя войскі хочуць увайсьці ў наш дом і забраць нашу свабоду».

На ваенных мапах НАТА знаходзіцца прыблізна 60 цэляў, па якіх былі нанесеныя і будуць наносіцца пазьней бомбавыя і ракетныя ўдары. Гэта перадусім аэрадромы, самалётныя ангары, батарэі супроцьпаветранай абароны, радарныя ўстаноўкі, арсэналы, сховішчы боепрыпасаў, ваенныя фабрыкі, казармы югаслаўскай арміі ды іншыя вайсковыя аб'екты. У сваёй прамове перад амэрыканскім народам прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан падкрэсьліў, што ваенная апэрацыя ажыцьцяўляецца выключна супроць вайсковых цэляў, і армія НАТО будзе рабіць усё магчымае, каб пазьбегнуць стратаў сярод цывільнага насельніцтва.

(Клінтан:) «Наша місія ясная: мы хочам паказаць сур'ёзнасьць нашых намераў, каб сэрбскія лідэры зразумелі цану свайго агрэсіўнага курсу, каб прыпыніць крывавую агрэсію супроць безабароннага мірнага насельніцтва ў Косаве, а таксама, калі гэта будзе неабходна, падарваць сэрбскі ваенны патэнцыял, каб яго нельга было выкарыстаць супроць народу Косава. Карацей кажучы: калі прэзыдэнт Мілошавіч ня хоча міру, мы абмяжуем яго магчымасьці весьці вайну».

Яшчэ больш выразна акрэсьліў мэты ваеннай апэрацыі войскаў НАТО супроць Югаславіі міністар абароны ЗША Вільям Коўэн.

(Коэн:) «Ваенная мэта нашых дзеяньняў — прыпыніць карныя апэрацыі супроць косаўскага народу і зьменшыць здольнасьць югаслаўскай арміі працягваць свае апэрацыі. Я хачу выказацца ясна: мы атакуем ваенную інфраструктуру, якую прэзыдэнт Мілошавіч і ягоная армія выкарыстоўваюць дзеля таго, каб забіваць безабаронных людзей. Войскі НАТО не ваююць з народамі Югаславіі, яны наносяць удары па вайсковых частках, адказных за масавыя забойствы і генацыд у Косаве».

Ракетны абстрэл ваенных аб'ектаў Югаславіі пачаўся а 9 гадзіне вечара паводле менскага часу. Першыя ракеты тыпу Тамагаўк трапілі ў цэлі на ваеннай базе ў прыгарадзе сталіцы Косава Прышціны. Пазьней ангельская авіяцыя з дапамогай самалётаў "Тарнада" пачала бамбардаваньне складоў боепрысаў каля Прышціны, якімі карыстаецца сэрбская міліцыя, адказная за забойствы мірных жыхароў у розных рэгіёнах Косава.

Як паведамляюць заходнія карэспандэнты з Прышціны, амаль усю ноч над горадам быў агонь ад шматлікіх пажараў.

Сярод першачарговых цэляў ваенных удараў НАТО знаходзіліся ваенныя базы каля горада Нові Сад у аўтаномным краі Сэрбіі Ваяводзіне, дзе значная частка насельніцтва — вугорцы, а таксама аэрадром сталіцы Чарнагорыі Падгорыцы. Атака на вайсковыя цэлі ў Чарнагорыі крыху неспадзяваная, таму што кіраўніцтва гэтай рэспублікі, якая з разам з Сэрбіяй уваходзіць у склад Югаславіі, рабіла ўсё магчымае, каб адмежавацца ад сэрбскай палітыкі ў Косаве і такім чынам пазьбегнуць ваенных удараў НАТО. Прэм'ер-міністар Чарнагорыі Браявіч нават заявіў:

(Браявіч:) «Чарнагорскія ўлады ўсведамляюць пагрозу для грамадзкага міру ў краіне. У сувязі з гэтым чарнагорскія цывільныя ўлады вырашылі не дазволіць выкарыстоўваць нашую тэрыторыю для войскаў, у тым ліку і для югаслаўскай арміі. Мы хочам пазьбегнуць пагрозы для міру, стабільнасьці і дзяржаўнасьці нашай рэспублікі».

Кіраўніцтва НАТО ўсьведамляе пагрозу пашырэньня вайны на ўвесь бальканскі паўвостраў. Сярод найбольш чорных сцэнараў далейшага разгортваньня падзеяў ёсьць і такі, што сэрбы пачнуць больш актыўна праводзіць палітыку спаленай зямлі ў Косаве і ў выніку амаль усё альбанскае насельніцтва гэтай правінцыі ператворыцца ва ўцекачоў, якія ў сваю чаргу дэстабілізуюць памежныя з Югаславіяй краіны. Перш за ўсё Македонію, якая мае сваю альбанскую меньшасьць. Гэта амаль 30% насельніцтва краіны.

Датычыць гэта таксама Балгарыі, Румыніі і Альбаніі. У сувязі з гэтым НАТО дало пісьмовыя гарантыі ўрадам Альбаніі, Балгарыі, Македоніі, Славеніі і Румыніі. Генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Ксавьер Саляна ў сваім лісце сьцьвярджае, што кожнае парушэньне сувэрэнітэту гэтых краінаў сустрэне адпаведны жорсткі адказ з боку НАТО. Раней амбасадары гэтых краінаў былі закліканыя ў МЗС Югаславіі і папярэджаныя, што супрацоўніцтва з НАТО будзе разглядацца як непасрэдны ўдзел у агрэсіі і сустрэнецца з адпаведным адказам югаслаўскага боку.

Прыгадаю, што прэм'ер-міністар Македоніі, дзе знаходзіцца амаль 12 тысячаў жаўнераў НАТО, Любчо Георгіеўскі заявіў, што ягоны ўрад ніколі не дазволіць, каб з тэрыторыі краіны праводзілася наземная апэрацыя НАТО супроць Югаславіі.

Улады Югаславіі робяць таксама ўсё магчымае, каб ізаляваць сваё насельніцтва ад міжнароднай інфармацыі і стварыць у краіне атмасфэру адзінства перад "агрэсіяй". Акрамя забароны вяшчаньня адзінай незалежнай радыёстанцыі ў Бялградзе сэрбскія ўлады на некалькі гадзінаў арыштавалі прыблізна З0 замежных журналістаў, якія фатаграфавалі вынікі бамбардаваньня. Пазьней бальшыня журналістаў была звольненая, але некаторыя пазбаўленыя акрэдытацыі і высланыя з краіны.

Міжнародная рэакцыя на апошнія бальканскія падзеі даволі розная. Урады краінаў НАТО выказваюць адзінства ў сваёй рашучасьці да канца правесьці вайсковую апэрацыю супроць Югаславіі і такім чынам вырашыць косаўскі крызыс. Аб гэтым сьведчаць вынікі саміту краінаў Эўрапейскага Саюзу, які адбываецца цяпер у Бэрліне. Практычна ніхто з удзельнікаў гэтага саміту ня выступіў з асуджэньнем палітыкі НАТО ў Косаве. Толькі ўрад Аўстрыі, нэўтральнай краіны, якая ўваходзіць у склад ЭС, паведаміў, што ён зачыняе паветраную прастору сваёй краіны для самалётаў НАТО, таму што ваенныя дзеяньні супроць Югаславіі ажыцьцяўляюцца бяз санкцыі Рады Бяспекі ААН.

Затое з вострай крытыкай ваенных дзеяньняў НАТО выступіла Расея. Прэзыдэнт Барыс Ельцын прыпыніў усе праграмы супрацоўніцтва з НАТО і адклікаў з Брусэлю расейскага амбасадара. У выступленьні ў расейскай тэлевізіі Ельцын абвінаваціў ЗША ў парушэньні Хартыі ААН, а таксама ў тым, што НАТО хоча ўвайсьці ў ХХІ стагодзьдзе ў якасьці сусьветнага жандара. На спэцыяльна скліканым экстрэным пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН Расею падтрымала КНР, якая таксама запатрабавала неадкладнага прыпыненьня ваеннай апэрацыі НАТО.

Прэсавы сакратар Ватыкану назваў апэрацыю НАТО супроць Югаславіі «паразай чалавечнасьц», а Папа Ян Павел ІІ маліўся сёньня за аднаўленьне міру на Бальканах.

Міру, зразумела, хочуць і тыя, хто сёньня праводзіць налёты на сэрбскія ваенныя аб'екты, і тыя, хто іх бароняць. Вось толькі разуменьне гэтага міру ў іх неаднолькавае.

XS
SM
MD
LG