Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 сакавіка 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня беларуская апазыцыя на супольнай прэсавай канфэрэнцыі заявіла свой агульны і катэгарычны пратэст з нагоды магчымага вяртаньня ў Беларусь расейскай ядзернай зброі. У прэсавай канфэрэнцыі бралі ўдзел лідэры найбуйнейшых дэмакратычных партыяў Беларусі, былыя й цяперашнія сьпікеры парлямэнту, а таксама прадстаўнікі дэмакратычных прафсаюзаў. Беларускі Народны Фронт выступіў з асобнай заявай, у якой заклікаў урады ЗША і Вялікай Брытаніі гарантаваць нэўтралітэт Беларусі.

Агульнай пазыцыі адносна бамбардаваньня войскамі НАТО Югаславіі ў беларускай апазыцыі няма. Беларускія дэмакратычныя сілы цалкам згодныя ў адным — косаўскі канфлікт не павінен і ня можа быць выкарыстаны Расеяй для вяртаньня ядзернай зброі ў Беларусь.

Міністар абароны Расеі Сяргееў заявіў пра магчымасьць вяртаньня ядзернай зброі ў Беларусь. Сьпікер Вярхоўнага Савету Сямён Шарэцкі на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі яму адказаў:

(Шарэцкі:) «Гэта паводле якога яшчэ там права? Гэта брутальнае, нахабнае ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Беларусі, у Канстытуцыі якой дакладна прапісана, што Беларусь імкнецца быць нэўтральнай бязьядзернай дзяржавай. Ці ня ёсьць гэта падтрымка нашаму дыктатару, які ўзурпаваў уладу і дзеля пашырэньня свайго панаваньня марыць пра вяртаньне ядзернай зброі на тэрыторыю Беларусі».

У агульнай заяве, падпісанай лідэрамі найбуйнейшых дэмакратычных партыяў і сьпікерамі, дыпляматычна адзначаецца, што дэмакратычныя сілы заўсёды выступалі за негвалтоўнае вырашэньне канфліктаў — як унутраных, так і міжнародных — і, на вялікі жаль, не былі выкарыстаныя ў належнай ступені дыпляматычныя захады для неваеннага вырашэньня косаўскага канфлікту.

Канстатацыйная частка заявы даволі грувасткая, але сэнс яе зводзіцца да таго, што Расея распальвае агрэсіўныя настроі ў грамадзтве і спрыяе ўзмацненьню напружанасьці на кантынэнце. Ваенныя дзеяньні ў Косаве, гаворыцца ў заяве, ня могуць служыць ні нагодай, ні прычынай для разнузданай імпэрскай кампаніі разьмяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Усе спробы разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай ядзернай зброі называюцца ў заяве «грубым умяшаньнем ва ўнутраныя справы Беларусі».

Дэмакратычныя сілы Беларусі патрабуюць ад Расеі спыніць ядзерны шантаж Беларусі і выконваць свае міжнародныя абавязкі. У заяве нагадваецца, што Расея разам з ЗША і Вялікабрытаніяй падпісала ў 1994 годзе гарантыі бязьядзернага статусу Беларусі, яе бясьпекі і сувэрэнітэту.

Беларускі Народны Фронт у асобнай заяве дае больш жорсткія характарыстыкі сытуацыі. Спробы вярнуць расейскую ядзерную зброю БНФ называе намерамі акупаваць Беларусь. Выканаўца абавязкаў старшыні БНФ Лявон Баршчэўскі агучыў на прэсавай канфэрэнцыі зварот да ўрадаў ЗША і Вялікабрытаніі:

(Баршчэўскі:) «Мы зьвяртаемся да ўрадаў ЗША і Вялікабрытаніі з заклікам ужыць усе магчымасьці для абароны незалежнасьці, нэўтралітэту і міжнародна замацаванага бязьядзернага статусу Беларусі ад замахаў Расеі».

На пытаньне нашага радыё — у чым гэтыя магчымасьці ЗША і Вялікабрытаніі могуць выявіцца, Лявон Баршчэўскі адказаў, што ўрады гэтых заходніх краінаў павінны зрабіць асобныя заявы, у якіх пацьвердзяць гарантыі для Беларусі.

Усе выступы лідэраў беларускай апазыцыі на прэсавай канфэрэнцыі падсумаваў віцэ-прэзыдэнт Кангрэсу Дэмакратычных Прафсаюзаў Віктар Івашкевіч, які заявіў: «Беларусам не патрэбныя расейскія ракеты. Беларусам патрэбныя нямецкія заробкі».

XS
SM
MD
LG