Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 сакавіка 1999 г.


Жыве Беларусь!

Рэфэрат Міколы Іванова, чытаны на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Незалежнасьці, які адбыўся ў залі Славянскай Бібліятэкі ў Празе 20 сакавіка 1999 году

Нехта можа сказаць, што сёньня сабраліся мы ў сумны час, каб адзначыць 81-я ўгодкі абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Дзякуючы намаганьням чалавека, які сканцэнтраваў у сваіх руках амаль абсалютную ўладу, Беларусь паволі, але няўхільна страчвае сваю незалежнасьць, страчвае тое, што зь вялікімі цяжкасьцямі і часам насуперак агульнай хадзе гістарычных падзеяў заваявалі некалькі пакаленьняў беларусаў. Ніхто ня ведае, які будзе наступны крок Аляксандра Лукашэнкі, але ясна адно — ад яго можна чакаць усяго, нават цалкавітага паўторнага далучэньня Беларусі да Расеі і страты незалежнасьці.

Але паспрабуем задумацца на хвілінку цяпер, у гэтую складаную гадзіну: ці 81 год таму, калі група беларускіх незалежнікаў на ўвесь сьвет абвясьціла аб стварэньні Беларускай Народнай Рэспублікі, часы былі лягчэйшыя? Ці ў той час ворагаў беларушчыны было меньш, і былі яны не нагэтулькі жорсткія?

Мяркую што не. Сёньня, як бы ні наракалі на свой беларускі народ некаторыя яго лідэры, ідэя незалежніцтва ўкаранілася ў яго сьвядомасьці. І хоць даволі значная частка беларусаў да незалежніцтва ставіцца непрыхільна, яна усьведамляе магчымасьць незалежнага існаваньня беларускай нацыі.

У 1918 годзе сытуацыя была зусім іншая. Пасьля чарговага падзелу Беларусі лініяй нямецка-расейскага фронту і захопу Вільні немцамі перастала выходзіць адзіная беларуская газета «Наша ніва», а сам беларускі рух знаходзіўся ў заняпадзе. Здавалася, яшчэ адзін крок — і надзеі лепшых сыноў беларускага народу на адраджэньне нацыі ніколі не ажыцьцявяцца, што для беларусаў застанецца толькі адзін шлях: русыфікацыя і палянізацыя.

Год 1918-ты быў пераломны ня толькі ў гісторыі беларускага народу, але і ўсёй Усходняй і Цэнтральнай Эўропы. Нагадаю толькі: менавіта тады нарадзілася незалежная дзяржава чэхаў і славакаў. Зьявілася на мапе незалежная Вугоршчына, адрадзілася пасля 125 гадоў няволі сувэрэнная Польшча, зрабілі спробу, праўда, няўдалую нашы адвечныя суседзі ўкраінцы. Латышы, літоўцы і эстонцы змаглі пасмакаваць, што ж такое незалежнасьць. І не забыліся пра яе пазней, калі зноў апынуліся пад чужой камуністычнай акупацыяй.

У гэтым кароткім рэфэраце я не хацеў бы дэталёва прыгадваць храналёгію падзеяў 1918 году. Прысутным тут яна даволі добра вядомая. Хацелася б, затое, паставіць некалькі пытаньняў, адказаў на якія, як я мяркую, няма да сёньняшняга дня. Мяркую таксама, што кніжка «Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі», складальнікам якой зьяўляецца Сяргей Шупа, дапаможа ня толькі высьветліць некаторыя праблемы нашай нядаўняй гісторыі, але і адказаць на пытаньні, якія я хацеў бы паставіць у маім кароткім рэфэраце.

Пачну ад сьнежня 1917 году, калі ў Менску адбыўся Першы Ўсебеларускі Кангрэс з ягонымі амаль дзьвюма тысячамі ўдзельнікаў. Мала хто сярод сёньняшніх гісторыкаў і публіцыстаў не згаджаецца з тым, што гэта быў першы і вельмі істотны крок да незалежнасьці. Кангрэс яшчэ дзейнічаў нібы зачараваны кастрычніцкім пераваротам у Маскве. І хоць ідэя незалежнасьці на ім дамінавала, але была гэта незалежнасьць, утвораная пад уплывам унікальных посьпехаў бальшавікоў, якія, ня маючы падтрымкі большасьці насельніцтва Расейскай імпэрыі, здолелі з такой лёгкасьцю захапіць уладу ў свае рукі. У галоўнай рэзалюцыі Кангрэсу чытаем:

«Дзеля ратаваньня Беларусі, абароны яе ад пагрозы адарваньня ад Расейскай Фэдэрацыйнай Дэмакратычнай Рэспублікі Кангрэс прыймае пастанову: неадкладна ўтварыць са свайго складу Вярхоўны ворган краёвай улады — Усебеларускі зьезд Саветаў сялянскіх, жаўнерскіх, і рабочых дэпутатаў».

Што б там ні гаварылі, які б ні быў далейшы шлях беларускіх адраджэнцаў, арганізатараў зьезду, але гэтая пастанова як бы жыўцом сьпісаная з так званых «першых дэкрэтаў савецкай улады», так добра вядомых кожнаму, хто вывучаў гісторыю ў савецкай школе. Дарэчы, нельга адмовіць таго, што дакумэнты гэтыя падрыхтаваныя былі надзвычай умела і спраўна, і не без падставаў спрыялі ўмацаваньню бальшавіцкай улады. Ленін і ягонае атачэньне, як тыя спраўныя лекары-псыхолягі, націснулі на самы балючы нэрв свайго народу і далі яму якраз тое, што ён хацеў. І няважна было тое, што гэта была пустая рыторыка, за якой не было нічога канкрэтнага. Пераможцаў, як гаворыцца, ня судзяць.

Ідэя ж цалкавітай незалежнасьці Беларусі нарадзілася ня ў Менску, дзе размовы сярод адраджэнцаў ішлі галоўным чынам толькі аб абмежаванай аўтаноміі, а ў Вільні, там дзе ў варунках нямецкай акупацыі былыя «нашаніўцы» адчулі палітычную каньюктуру дзеля сапраўднай незалежнасьці Беларусі.

І тут патрэбнае адно вельмі істотнае выясненьне. Першая нямецкая акупацыя 1915-1918 гадоў зусім не нагадвала тую другую фашыстоўскую часоў Другой сусьветнай вайны. Немцы бясспрэчна хацелі аслабленьня Расейскай імпэрыі, бясспрэчна хацелі яны павелічэньня тэрыторыі сваёй імпэрыі, але абсалютна не былі зацікаўленыя ў стварэньні паміж Нямеччынай і Расеяй нейкіх новых моцных дзяржаваў. Немцы былі праціўнікамі адраджэньня моцнай польскай дзяржавы, хоць яшчэ ў 1915 годзе нямецкі кайзэр і аўстравугорскі імпэратар прынялі супольную дэклярацыю аб магчымасці і неабходнасьці адраджэньня Польшчы. І таму аб'ектыўна Нямеччына спрыяла беларускім нацыянальным інтарэсам, так як яна спрыяла інтарэсам Украіны, Літвы, Латвіі і іншых малых краінаў. Калі будучы кіраўнік польскай дзяржавы Юзэф Пілсудзкі, які ў той час, падчас першай сусьветнай вайны, узначальваў польскія легіёны, што ваявалі на нямецкім баку супроць Расеі, зразумеў гэта, зразумеў, што моцная Польшча для немцаў непрымальная, ён заклікаў сваіх жаўнераў да бунту і нават да пераходу на бок Расеі. Бунт гэты немцы здушылі амаль у зародку, а самога Пілсудзкага, нягледзячы на ягоныя заслугі, пасадзілі ў астрог, дзе ён і знаходзіўся, пакуль сама Нямеччына не прайграла вайну.

Вось гэтую спрыяльную беларусам палітычную каньюнктуру добра зразумелі віленскія нашаніўцы і пачалі, нягледзячы на даволі нізкі стан нацыянальнай сьвядомасьці беларускага народу, працу, накіраваную на абвяшчэньне беларускай незалежнасьці. Браты Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі, Аляксандр Уласаў, Браніслаў Тарашкевіч і іншыя стаялі ля вытокаў нараджэньня ідэі беларускай незалежнасьці. Менавіта яны спрычыніліся да стварэньня ўпершыню ў гісторыі каля сотні беларускіх пачатковых школаў у Вільні. Дзякуючы іх намаганьням зьявілася беларуская гімназія ў Вільні. Менавіта яны прынеслі ў беларускі рух ідэю магчымасьці незалежнасьці, якая б абапіралася галоўным чынам на ўласныя сілы.

Бясспрэчна, што адным з галоўных фактараў, якія прывялі да абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі 25 сакавіка 1918 году, быў крызыс у нямецка-бальшавіцкіх дачыненьнях, адмова тагачаснага бальшавіцкага народнага камісара замежных справаў Льва Троцкага падпісаць мірнае пагадненьне ў Берасьці. Вынік — акупацыя амаль усёй тэрыторыі Беларусі нямецкай арміяй.

І вось цяпер я хацеў бы зьвярнуць вашую ўвагу на адну, здавалася б, неверагодную рэч: дзіўная гэта была першая нямецкая акупацыя. Па вуліцах Менску хадзілі ў сваіх мундзірах, са сваімі баявымі ўзнагародамі афіцэры і жаўнеры былога расейскага войска, немцы не распусьцілі цывільную адміністрацыю акупаваных раёнаў, не забаранілі нават дзейнасьць бальшыні палітычных партыяў, у Менску па ранейшаму працавала гарадзкая Дума. Больш таго, немцы ня толькі дазволілі правядзеньне выбараў у мясцовае самакіраваньне на акупаванай тэрыторыі, але нямецкая армія нават гарантавала бясьпеку падчас іх правядзеньня. У беларускай гісторыяграфіі зусім не дасьледаванае пытаньне аб тым, што немцы так ніколі да канца і не прызналі БНР, але разам з тым яны перадалі ў кампэтэнцыю Рады БНР гандаль, прамысловасьць, сацыяльную апеку, асьвету і культуру. Праўда, разам з Радай БНР усімі вышэйпералічанымі пытаньнямі займаліся мясцовыя Думы і земствы. Паўсюдна ў зоне нямецкай акупацыі фармаваліся мясцовыя беларускія рады. Усё гэта абвяргае сьцьверджаньні былой савецкай гісторыяграфіі, што абвешчаная 25 сакавіка 1918 году БНР была толькі вынікам прапагандысцкага акту групы беларускіх адраджэнцаў і што ніякай рэальнай улады яна ня мела.

БНР была ня толькі рэальнасьцю ўнутранага жыцьця Беларусі, але і важным фактарам міжнароднай палітыкі. Можна доўга разважаць на тэму: што прымусіла бальшавікоў разыграць беларускую карту, але бясспрэчна галоўнае — абвяшчэньне БССР было выклікана, а дакладней кажучы, было адказам бальшавікоў на стварэньне БНР.

Гісторыя абвяшчэньня БНР — гэта таксама гісторыя абвяшчэньня 3 устаўных граматаў, трох галоўных дакумэнтаў беларускага незалежніцтва. 21 лютага (ня ўсе ведаюць, што быў гэта дзень выключны), калі бальшавікі ў паніцы пакінулі Менск, а немцы яшчэ ў яго не ўвайшлі, і ўся ўлада знаходзілася ў Менску ў руках Беларускай Рады Ўсебеларускага кангрэсу. Менавіта Рада ўтварыла першы ўрад (Народны Сакратарыят) Беларусі. Быў ён урадам часовым, створаным спэцыяльна дзеля таго, каб правесьці ўсеагульныя дэмакратычныя выбары ў свабодны беларускі парлямэнт — Устаноўчы Сойм. Выбараў гэтых чакае Беларусь да сёньняшняга дня.

На чале часовага ўраду Беларусі стаў Язэп Варонка. У склад яго ўвайшлі: Яфім Бялевіч — міністар юстыцыі, Янка Серада — міністар эканомікі, Тамаш Грыб — міністар вясковай гаспадаркі, Пятро Крэчэўскі — міністар дзяржаўнага кантролю і Кастусь Езавітаў — міністар вайсковых справаў. Дзеля гістарычнай справядлівасьці прыгадаем, што беларускія атрады, якія падтрымлівалі Народны Сакратарыят Беларусі, вымушаныя былі весьці баі з часткамі польскага войска з корпусу пад камандаваньнем генэрала Доўбар-Мусьніцкага, якія таксама намагаліся ператварыць Менск у цэнтар «крэсавай Польшчы».

Гісторыя (сапраўдная) БНР яшчэ чакае свайго ўніклівага дасьледніка. Кніга Сяргея Шупы, якая зьяўляецца адной з нагодаў нашых сёньняшніх урачыстасьцяў, — значны крок у гэтым кірунку. Гісторыя гэтая адбывалася ў надзвычай драматычных акалічнасьцях. На зьмену першаму ўраду БНР прыйшоў другі, пазьней трэці. Нельга заплюшчваць вочы на тое, што зьмены ўрадаў адбываліся на фоне бурлівага палітычнага жыцьця, калі дзеячы зь лягеру незалежнікаў абвінавачвалі адзін аднаго ў розных сьмяротных грахах, і абураныя пераходзілі ў іншы палітычны лягер. Але ці можам мы сёньня абвінавачваць тых беларускіх адраджэнцаў, якія перайшлі ў бальшавіцкі лягер? Ці меў рацыю Антон Луцкевіч, чацьверты па чарзе прэм'ер-міністар БНР, калі пад канец 1918 году накіраваўся ў Маскву шукаць зразуменьня там і дапамогі для беларускай справы? Ці мела рацыю Палута Бадунова, калі атрымала ад бальшавікоў грашовую падтрымку для партыі беларускіх эсэраў? Ці мелі рацыю Цішка Гартны, Аляксандар Чарвякоў, Язэп Дыла, Фабіян Шантыр і іншыя адраджэнцы, хто паверыў бальшавікам і пазьней заплаціў за гэта сваім жыцьцём?

Але паспрабуем на хвілінку ўявіць сябе на месцы гэтых людзей. Немцы дазволілі абмежаванае існаваньне БНР на малой тэрыторыі (прыблізна палова сёньняшняй Менскай вобласьці). Усё Палесьсе і поўдзень Беларусі былі перададзеныя Ўкраіне, і там адбывалася паскораная ўкраінізацыя. Вільня была пад кантролем літоўскай Тарыбы. Уся тэрыторыя па-за лініяй расейска-нямецкіх акопаў 1915 году была пад нямецкай ваеннай адміністрацыяй і вяліся перамовы з Тарыбай аб перадачы Гарадзеншчыны і Наваградчыны Літве.

Бальшавікі ж абвесьцілі сваю БССР на вялізнай тэрыторыі — амаль 280 тыс. кв. км. — з насельніцтвам у 15 млн. чалавек. Ніколі ў сваёй найноўшай гісторыі Беларусь не была такая вялікая. Ня так проста было разгледзець у дзеяньнях партыі Леніна на беларускай глебе вытанчаную палітычную і сацыяльную дэмагогію. Таму я лічу, што сьвята 25 сакавіка — гэта таксама сьвята тых, хто тады і нават пазьней у 20-я гады памыляўся. Гэта таксама сьвята Цішкі Гартнага, Максіма Гарэцкага, Браніслава Тарашкевіча, Ігната Дварчаніна, Язэпа Дылы, Аляксандра Чарвякова, Язэпа Бурбіса і іншых.

І на заканчэньне гэтага кароткага рэфэрату я прыгадаю словы Трэцяй устаўной граматы: «Цяпер мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці, якое гвалтам накінулі расейскія цары на наш вольны і незалежны край. Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай».

XS
SM
MD
LG