Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 сакавіка 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Да чарговых угодкаў БНР Мірон вывесіў у цэнтры Менску бел-чырвона-белы сьцяг.

Самай значнай акцыяй на 81-ыя ўгодкі з моманту абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі ў Менску стала акцыя няўлоўнага Мірона. Бел-чырвона-белы сьцяг быў сёньня ўначы вывешаны на скрыжаваньні цэнтральнага менскага праспэкту Скарыны і вуліцы Варвашэні, у раёне Круглай плошчы. Беларускі сьцяг прымацаваны да даху шматпавярховага дома.

На 14 гадзінаў паводле менскага часу бел-чырвона-белы сьцяг яшчэ лунаў у цэнтры Менску.

Сёньня, на Дзень Волі, у менскай сядзібе Беларускага Народнага Фронту ўвечары ў поўным выглядзе адчыніцца выстава мастакоў творчай суполкі «Пагоня». Сёлета афіцыйныя ўлады не дазволілі мастакам прымеркаваць адкрыцьцё выставы да Дня Волі, і творы ўжо дэманстраваліся ў менскім Палацы Мастацтваў. У сядзібе БНФ будуць экспанавацца творы, якія былі сёлета забароненыя на афіцыйнай выставе.

А ўвечары ў менскім клюбе «Акварыюм» беларуская моладзь адзначыць Дзень Волі рок-акцыяй «Вольныя Танцы». Падчас «Вольных Танцаў» будзе прэзэнтавацца новы кампакт-дыск беларускіх рок-гуртоў.

А кульмінацыяй сьвяткаваньня з нагоды чарговых угодкаў БНР у Менску стане акцыя апазыцыі ў нядзелю.

XS
SM
MD
LG