Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 сакавіка 1999 г.


Інтэрвію з прэзыдэнтам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі сп-няй Івонкай Сурвілай

(Ціхановіч:) У сваім звароце да беларускага народу на 81-ыя ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі Вы асабліва падкрэсьліваеце небясьпеку інтэграцыі з Расеяй як шлях страты незалежнасьці. На якіх прыкладах, фактах ці наадварот — «антыпрыкладах» простаму грамадзяніну Беларусі, які фактычна ніколі не ўспрымаў сваю краіну незалежнай, адчуць каштоўнасьць таго — што ёсьць незалежнасьць? Чаму яе варта цаніць і мець?

(Сурвіла:) «Дазвольце мне перадусім прывітаць беларускі народ з нашым вялікім нацыянальным сьвятам, калі дзяды нашыя 25 сакавіка 1918 году абвесьцілі сьвету, што яны гаспадары на сваёй зямлі.

Што да Вашага пытаньня, дык ёсьць тысячы прычынаў дзеля якіх незалежнасьць кожны народ цэніць ды адзначае сваё Сьвята Незалежнасьці. У выпадку Беларусі хачу прыпомніць асабліва маткам нашай краіны аб Афганістане, дзе сыны іхныя паміралі за чужую імпэрыю. Каб наш край быў тады незалежным — гэтага ня сталася б. Між іншым, і цяпер, каб сп. Лукашэнка дбаў пра свой народ ды не стараўся за ўсякую цану дагадзіць Маскве — ня трэба было б жыць зь ім у страху, што вось зараз пашлюць іх ных сыноў змагацца за інтарэсы Югаславіі.

Каб бальшавікі не захапілі сілаю Беларускую Народную Рэспубліку ў 1918 годзе — не загінула б мільёну беларусаў у Сыбіры. А мільён нашых маладых хлапцоў у 60-я гады будаваў бы сваю Беларусь заміж асвойваць Сыбір. Мы да сёньня сталіся б заможнай краінай, падобнай да Даніі ці Швэйцарыі. Ня трэба было б выяжджаць нашым людзям за граніцу, каб зарабіць на хлеб. Каб Беларусь не была ў складзе Савецкага Саюзу — за Чарнобыльскую катастрофу атрымала б адшкадаваньне. Людзеі не паміралі б дзеля нястачы лекаў, лягчэй было б перажыць гэтае няшчасьце.

Беларускі народ працавіты й разумны. На жаль, праца ягоная йдзе на карысьць не самога сябе, а чужых, Масквы. Я бачу, як Канада ды іншыя краіны разьвіваюцца, ствараюць штораз лепшыя ўмовы жыцьця для сваіх грамадзянаў. Беларусь толькі зможа рабіць гэта, калі народ наш будзе гаспадаром у сваёй краіне, калі народ будзе жыць бяз страху ды ня думаць толькі аб тым, як пражыць да наступнага дня. У чужой імпэрыі ён заўсёды будзе другарадным.

Нарэшце, хачу, каб народ наш быў горды сваёй краінай, сваёй беларускасьцяй, каб чуўся роўным кожнага вольнага народу сьвету. Гэта таксама будзе магчымым толькі тады, калі ён будзе жыць у вольнай і незалежнай сваёй краіне».

(Ціхановіч:) Мы ведаем, што звычайна напярэдадні 25 сакавіка праводзіць свае паседжаньні Рада БНР. Якія пастановы Рада БНР на сваім апошнім паседжаньні прыняла адносна палітычнай сытуацыі ў Беларусі і ў прыватнасьці — якая пазыцыя Рады адносна прэзыдэнцкіх выбараў, абвешчаных Вярхоўным Саветам?

(Сурвіла:) «Рада ўважае, што выбары патрэбныя, паколькі гэтага вымагае Канстытуцыя Беларусі. Што да кандыдатаў — паколькі цяпер адбываецца перадвыбарчая кампанія, мы пакідаем гэтую справу выбаршчыкам. Але Рада БНР заўсёды падтрымоўвае кандыдатаў, якія стаяць за дэмакратычную незалежную Беларусь».

(Ціхановіч:) А як асабіста Вы плянуеце сустрэць дзень 25 Сакавіка?

(Сурвіла:) «У мінулую нядзелю я сьвяткавала 25 Сакавіка ў Нью-Ёрку, наступную нядзелю еду сьвяткаваць з нашым асяродкам у Таронта, а сам гэты дзень буду ў хаце разам зь сябрамі — будзем сьвяткаваць разам і запалім сьвечку памяці і надзеі, паставім яе разам зь беларускім сьцяжком на стале».

(Ціхановіч:) Ці можна сказаць, што гэта і Вашае пажаданьне або Вашая прапанова да ўсіх беларусаў — такім чынам адзначыць сваё сьвята?

(Сурвіла:) «Я б вельмі гэтага хацела, асабліва ў Беларусі. Каб кожны беларус паставіў сьцяжок у акне, каб бачылі іншыя — разам зь свечкай памяці і надзеі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG