Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 сакавіка 1999 г.


РАДА БЕЛАРУСКАЕ НАРОДНАЕ РЭСПУБЛІКІ
ПРЭЗЫДЫЮМ

ЗВАРОТ ДА БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ

Дарагія суродзічы!

Зноў чорная хмара вісіць над Беларусьсю. Зноў, так як і Чарнобыльская, надыйшла яна з Усходу. У надзеі на лепшую долю некаторыя гатовы зноў яднаць свой лёс з сваім адвечным захопнікам, бо ім кажуць, што народ наш няжыцьцяздольны.

81 год таму нашыя дзяды абвясьцілі сьвету, што яны ЁСЬЦЬ жыцьцяздольныя і што ЯНЫ гаспадары на сваёй зямлі. Сёньня мы адзначаем гэты вялікі дзень — калі народ наш здабыў права «людзьмі звацца» і людзьмі быць.

У гэты памятны дзень я хацела-б, каб кожны з нас задумаўся над тым, што ён можа зрабіць, каб не дапусьціць да паноўнага гвалту над беларускім народам. Як не дапусьціць, каб народ наш праспаў апошнюю магчымасьць выратавацца ад новай няволі — інтэграцыі ў расейскую імпэрыю — якая яму пагражае ў гэтым 1999 годзе.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ўжо 80 гадоў змагаецца за вольную і незалежную Беларусь. У вялікай меры дзякуючы гэтаму змаганьню мы яшчэ існуем як нацыя. Але толькі беларускі народ можа вырашыць сваю будучыню, вырашыць ці ён хоча жыць у сваёй вольнай і незалежнай дзяржаве, ці ў расейскай правінцыі. Калі гэтага не зразумее — зноў прачнецца ў няволі. І, як кажа наш вялікі пісьменьнік Васіль Быкаў, «той раз — назаўжды». Масква больш ня выпусьціць нас з сваіх кіпцюроў, і трэба будзе ў «крывавых муках» ізноў здабываць страчаную людзкую годнасьць. На што мы можам ужо не здабыцца.

Дарагія суродзічы, на пасадзе прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь сёньня ня «свой чалавек», як некаторым з Вас думаецца, а маскоўскі калябарант, які працуе выключна на карысьць імпэрыі. Месяц пасьля таго, як кляўся ў сваім навагоднім пасланьні, што незалежнасьць Рэспублікі Беларусь — «рэч сьвятая», 12 лютага ўжо гаварыў аб зьмене Канстытуцыі, аб патрэбе магутнага прэзыдэнта ў новай аб'еднанай расейска-беларускай дзяржаве, аб велізарным ваенным патэнцыяле такой дзяржавы.

Дарагія мае сёстры-беларускі, зьвяртаюся да Вас, бо так як і Вы бесканечна люблю наш край, наш беларускі народ. Няўжо Вы дазволіце, каб Вашыя сыны і ўнукі зноў паміралі за чужую імпэрыю? Яшчэ не запозна сказаць Лукашэнку ды яго маскоўскім паплечнікам: годзе ўжо нас абдурваць! Мы хочам жыць у нашай уласнай дзяржаве, бяз страху, бяз войнаў, жыць дружна з нашымі суседзямі, гандляваць зь імі, але адначасна быць гаспадарамі на сваёй зямлі. Мы хочам жыць у дэмакратычнай і незалежнай Беларусі.

Дарагія суродзічы, прашу і заклікаю Вас, разбудзецеся, пакуль не запозна. Не дапусьцеце да ліквідацыі нашай дзяржавы! Ад Вас залежыць будучыня Вашых дзетак, Вашых унукаў. Не пакіньце ім у спадчыне забраны, паняволены край заміж вольнай, заможнай і гордай Бацькаўшчыны. Разам мы яе адбудуем, вылечым ад ейных боляў. Але толькі Вы можаце не дапусьціць, каб яна загінула.

ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

Івонка Сурвілла
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

25 Сакавіка 1999 г.

XS
SM
MD
LG