Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 сакавіка 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

23 сакавіка завяршыўся візыт у Менск місіі Міжнароднага Валютнага Фонду. На працягу двух тыдняў госьці з Вашынгтону займаліся выпрацоўкай рэкамэндацыяў для ўраду Беларусі ў справе сацыяльнай абароны насельніцтва ў сёньняшніх эканамічных умовах у краіне.

Як паведамілі нашаму радыё ў менскім прадстаўніцтве МВФ, місія фонду падрыхтавала адмысловую справаздачу паводле вынікаў сваёй экспэртызы сацыяльнага стану беларускага насельніцтва і магчымых мэханізмаў яго адаптацыі да цяперашніх эканамічных працэсаў. Праведзенае дасьледаваньне спэцыялісты вядучага фінансавага інстытуту сьвету перад ад'ездам, накіравалі ва ўрад Беларусі. Пры гэтым пяцёра прадстаўнікоў фонду на чале з адказным супрацоўнікам бюджэтна-падатковага ўпраўленьня МВФ сп. Гуптам, якія аналізавалі беларускія справы, ня сталі агалошваць сваіх ацэнак і рэкамэндацыяў камандзе Аляксандра Лукашэнкі. Трэба меркаваць, гэта было ўмовай беларускага кіраўніцтва, якому належыць ініцыятыва звароту ў Міжнародны Валютны Фонд з просьбай правесьці згаданую экспэртызу і даць парады цяперашнім уладам у рамках тэхнічнай дапамогі Беларусі.

Найперш беларускі бок цікавілі парады, зьвязаныя з сацыяльнымі наступствамі лібэралізацыі ў краіне цэнаў і абменнага курсу беларускага рубля. Варта зазначыць, што міжнародны досьвед МВФ і высокая кваліфікацыя ягоных чыноўнікаў, як засьведчана практыкай, дазваляюць атрымаць на гэты конт сапраўды каштоўныя рэкамэндацыі. З другога боку, беларуская просьба да МВФ падзяліцца досьведам іншых краінаў у вырашэньні пытаньняў сацыяльнай абароны насельніцтва ў складаных эканамічных умовах, здаецца, адпавядала інтарэсам і самой міжнароднай фінансавай арганізацыі. Рэч у тым, што фонд вырашае цяпер складанае для сябе пытаньне — аказаць Беларусі фінансавую дапамогу ў форме кампэнсацыйнага крэдыту альбо не. І 100 мільёнаў даляраў — валютная вага такой дапамогі — як лічаць назіральнікі, вельмі вартая таго, каб больш грунтоўна ацаніць сёньняшнюю беларускую сытуацыю ды не памыліцца на заключным этапе вызначэньня лёсу крэдыту. Таму відавочна, што экспэртыза сёньняшняга становішча ў Беларусі замежнымі экспэртамі рабілася ня толькі для ейнага ўраду.

У вашынгтонскай сядзібе фонду безумоўна застаецца адкрытым пытаньне — ці не акажуцца выкінутымі на вецер гэтыя 100 мільёнаў даляраў, калі МВФ наважыцца выдзеліць іх сёньняшняй Беларусі. Зрэшты, паводле афіцыйных тлумачэньняў бакоў, цяперашняя місія МВФ на чале з сп. Гуптам нібыта ня мела мэтавых установак, непасрэдна зьвязаных з крэдытным пытаньнем. Аднак відавочна і другое — у сярэдзіне сакавіка, паводле агучаных раней плянаў, павінна была прыехаць у Менск «крэдытная» місія фонду на чале з сталым удзельнікам перамоваў сп. Томасам Вулфам. Між тым, місія Вулфа, як вядома, не прыехала. Ейны візыт у Беларусь чамусьці быў адкладзены на канец гэтага месяца. Але й гэта ня ўсё. Як заявілі мне сёньня ў менскім прадстаўніцтве МВФ, парушаецца і згаданы плян. Абвешчаны на сакавік візыт у беларускую сталіцу сп. Вулфа і ягонай каманды ў справах выдзяленьня Беларусі кампэнсацыйнага крэдыту зноў адкладваецца. Гэтым разам на няпэўны тэрмін.

XS
SM
MD
LG