Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 сакавіка 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Ініцыятыўная група для збору подпісаў на карысьць рэгістрацыі Міхаіла Чыгіра кандыдатам у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь 24 сакавіка перадала першы стос падпісных лістоў у Цэнтральную Выбарчую Камісію.

24 сакавіка з выбарчага штабу Міхаіла Чыгіра ў Цэнтральную Камісію ў справе выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь перадалі першы стос падпісных лістоў. Гэта больш за 20 тысячаў подпісаў людзей, якія выказаліся за тое, каб былы кіраўнік ураду Беларусі быў зарэгістраваны ў якасьці прэтэндэнта на пасаду кіраўніка дзяржавы. Згодна з законам, гэтую акцыю можна было б пачаць у пятніцу, 26 сакавіка — менавіта з гэтага дня ЦэнтарВыбарКам і падначаленыя яму выбарчыя камісіі маюць права на працягу 10 дзён праверыць сабраныя подпісы. Але супрацоўнікі штабу Чыгіра вырашылі «апярэдзіць час». Рэч у тым, што неабходныя для рэгістрацыі 100 тысячаў галасоў каманда экс-прэм'ера ўжо мае. Пагатоў таго — апошнімі днямі колькасьць зьбіраных подпісаў павялічваецца, і калі, напрыклад, яшчэ напрыканцы мінулага тыдня ў штабе Чыгіра меркавалі мець да канца кампаніі каля 120 тысячаў подпісаў, дык зараз ёсьць падставы мець да 27 сакавіка 150 тысячаў, а можа нават і больш. Менавіта гэта вымусіла штаб экс-прэм'ера перайсьці, пачынаючы ад 24 сакавіка, на бесьперапынны рэжым працы на працягу 24 гадзінаў.

Паводле словаў Сяргея Папкова, кіраўніка выбарчага штабу Зянона Пазьняка, дзьве каманды — Чыгіра і Пазьняка — ідуць амаль на адным узроўні. Асабліва гэта бачна ў рэгіёнах. У сталіцы былы кіраўнік ураду, магчыма, мае пэўную перавагу, але ў тым, што на карысьць лідэра Беларускага Народнага Фронту будуць сабраныя 100 подпісаў, ніякага сумневу няма. У штабе Пазьняка не сьпяшаюцца перадаваць падпісныя лісты ў ЦэнтарВыбарКам. Тут вырашылі спачатку вельмі ўважліва праверыць кожны ліст самастойна, і толькі пасьля накіраваць іх у камісію Ганчара. Паводле словаў Сяргея Папкова, найбольш пасьпяхова йдзе збор подпісаў у Гарадзенскай і Берасьцейскай абласьцях, а таксама ў Менску. Што да Віцебскай, Гомельскай і Магілеўскай вобласьцяў, дык тут на выніках адбіваюцца карныя дзеяньні ўладаў.

Дарэчы, як паведамілі 24 сакавіка ў прэсавым цэнтры ЦэнтарВыбарКаму, Крычаўская раённая камісія амаль цалкам была выкліканая ў раённую пракуратуру. Адзін зь сяброў Круглянскай выбарчай камісіі быў папярэджаны— калі ён ня спыніць працу ў падрыхтоўцы выбараў, будзе праведзеная праверка ягонай гаспадарчай дзейнасьці, «а якое-небудзь парушэньне мы заўжды знойдзем» — папярэдзілі сябра камісіі.

XS
SM
MD
LG