Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 сакавіка 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня прэзыдэнт Лукашэнка выказаў салідарнасьць з пазыцыяй Расеі адносна вайсковай апэрацыі НАТО супраць Югаславіі.

Адпаведную заяву кіраўнік Беларусі зрабіў падчас сустрэчы з губэрнатарам Ніжагародзкай вобласьці Расеі Скляравым. Лукашэнка сказаў, што пазыцыя Беларусі адносна магчымай вайсковай апэрацыі НАТО ў Югаславіі застаецца нязьменная. Нанясеньне ўдараў па сувэрэннай краіне — гэта агрэсія з усімі наступствамі, якія вынікаюць з гэтага для агрэсара.

Беларускі прэзыдэнт выказаў поўную падтрымку паводзінам расейскага прэм'ера Яўгена Прымакова. Ён патлумачыў: «Гэтая пазыцыя заслугоўвае ўвагі як пазыцыя аднаго з кіраўнікоў буйной ядзернай дзяржавы. Я мяркую, што гэта і пазыцыя майго калегі Барыса Ельцына». Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што сёньня раніцай ён даў указаньне ўсім ведамствам Беларусі каардынаваць высілкі з адпаведнымі расейскімі ведамствамі ў выпрацоўцы захадаў у сувязі з сытуацыяй, якая склалася на Бальканах. Нарэшце прэзыдэнт выказаў намер вынесьці пытаньне аб стаўленьні да апэрацыі НАТО ў Югаславіі на разгляд саміту СНД, які пачынаецца 2 красавіка. На ягоную думку, гэта можа быць супольнай прапановай Беларусі й Расеі. Прэзыдэнт адзначыў, што няпроста будзе нават уключыць гэтае пытаньне ў парадак дня саміту, але, на ягоную думку, варта вызначыць пазыцыі і высьветліць «хто ёсьць хто ў СНД».

Варта адзначыць, што рэакцыя прэзыдэнта гэтым разам была адносна стрыманая ў параўнаньні зь ягонымі леташнімі заявамі. Тады ён абяцаў даць адпор «расперэзавшымся і абнаглевшым натавцам» і казаў аб тым, што Беларусь дасьць неабходную вайсковую дапамогу Югаславіі. Цяпер акцэнт быў зроблены на ўзгадненьні з Расеяй дзеяньняў у адказ. Дарэчы, генштаб Расеі, які засядаў усю мінулую ноч, выпрацаваў шэраг мерапрыемстваў, сярод якіх — разрыў дачыненьняў Расеі з НАТО, выхад Расеі з рэжыму эмбарга на пастачаньне зброі ня толькі ў Югаславію, але і ў Ірак, а таксама вяртаньне тактычнай ядзернай зброі ў Беларусь. Аднак прэзыдэнт Лукашэнка публічна ніяк не адрэагаваў на гэтую апошнюю прапанову.

Цікава, што беларуская тэлевізія, паведамляючы пра падзеі вакол Югаславіі, ані словам ня згадвала пра гэтыя прапановы расейскага генштабу, але цытавала заяву сьпікера ДзяржДумы Селязьнёва аб вайсковай дапамозе Югаславіі.

Некалькі тыдняў таму Аляксандар Лукашэнка падчас візыту ў Маскву сам прапаноўваў вярнуць расейскую ядзерную зброю ў Беларусь, але ў той самы дзень адмовіўся ад сваіх словаў і патлумачыў, што не дазволіць рабіць зь Беларусі «пудзіла» і «дубінку». Тады, відаць, пэўныя колы ў Расеі выкарысталі беларускага кіраўніка ў няўдзячнай ролі «пробнага шару». Гэтая роля яму не спадабалася, і таму цяпер, у іншых абставінах ён трымае паўзу, бо прапановы вайскоўцаў могуць быць розныя, але апошняе слова, рашэньне — за палітычным кіраўніцтвам, як у Расеі, гэтак і ў Беларусі. Высокапастаўлены беларускі вайсковец заявіў сёньня ў інтэрвію Інтэрфаксу, што ніякіх тэхнічных перашкодаў для вяртаньня тактычнай ядзернай зброі ў Беларусь няма. Але гэта пытаньне не вайскоўцаў, а вярхоўных галоўнакамандуючых.

Акцэнт, зроблены Лукашэнкам на ўзгадненьні пазыцыяў з Расеяй азначае, што ён чакае прапановаў Крамля.

XS
SM
MD
LG