Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 сакавіка 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Бязьвізавы рэжым у дачыненьнях Беларусі зь некаторымі эўрапейскімі краінамі пераглядаецца суседзямі па меры іхнага руху да аб'яднанай Эўропы. Тым часам нават былыя савецкія рэспублікі, насуперак жаданьням Масквы, пачалі ўводзіць абмежаваньні на ўезд грамадзянаў зь іншых краінаў СНД. Так ці йнакш, грамадзянам Беларусі даводзіцца прызвычайвацца да новых рэаліяў сучаснага міжнароднага стану сваёй краіны.

Днямі агенцтва ПАП, а сьледам за ім і беларускія СМІ паведамілі, што Польшча зьбіраецца ўвесьці візавы рэжым у дачыненьні да 12 краінаў, у лік якіх уваходзяць акрамя Беларусі Расея, Украіна, шэраг іншых краінаў СНД, а таксама Куба, Балгарыя, Македонія і Румынія. І гэта адбудзецца не пазьней, як Польшча ўступіць у Эўрапейскі Зьвяз. Варта нагадаць, што тэрмін уступленьня гэтай краіны ў ЭЗ быў адсунуты летась прынамсі да 2002 году. Тым ня менш яшчэ на канцы 1997 году польскія ўлады ўвялі новыя правілы ўезду ў краіну для грамадзянаў Беларусі й Расеі з мэтай спыніць паток нелегальных эмігрантаў з краінаў трэцяга сьвету.

Праўда, пасьля ўвядзеньня турыстычных ваўчараў новага ўзору, у якіх указваецца ў прыватнасьці зарэзэрваваны гатэль, паездкі ў Польшчу на тэрмін да 10 дзён зноў перасталі быць праблемай для большасьці жыхароў Беларусі. Дастаткова заплаціць за ваўчар — цана яго залежыць ад турыстычнай фірмы — а таксама мець пры сабе замежную валюту з разьліку 100 злотых на суткі. Тыя, хто часта выяжджае ў службовыя камандыроўкі ў Польшчу, могуць аформіць візы праз консульства ў Беларусі за адносна невялікі кошт. Ёсьць яшчэ такая форма, як асабістае запрашэньне, але цяпер яно павінна быць спраўджанае ў ваяводзтве.

Дарэчы, адміністрацыя ваяводзтваў разам з службай бясьпекі дзяржавы, стала больш строга сачыць за захоўваньнем замежнікамі візавага рэжыму. Нядаўна мы ўжо паведамлялі пра тое, што разам з 14 расейскімі прадпрымальнікамі адмову ў працягненьні польскіх часовых візаў атрымаў і журналіст — грамадзянін Беларусі.

Што да Чэхіі, Славаччыны, Балгарыі і некаторых іншых краінаў былога «сацыялістычнага лягеру», зь якімі таксама існавала дамоўленасьць Савецкага Саюзу аб бязьвізавым рэжыме, яны зьбіраюцца найбліжэйшым часам перагледзець сваё заканадаўства, каб наблізіць яго да эўрапейскага. Праўда, пакуль што сюды візы для грамадзянаў Беларусі не патрабуюцца, таксама як і ваўчары. Але практыка паказвае, што беларускія памежнікі могуць з уласнай ініцыятывы запатрабаваць ад вас хоць якую-небудзь паперчыну аб мэтах вашай паездкі.

Парадаксальным чынам Югаславія, якая раней разглядалася ў Савецкім Саюзе як краіна хутчэй капіталістычная — ва ўсялякім выпадку туды трапіць было складаней, чымся ў іншыя «соцкраіны» — цяпер стала лёгкадаступнай для грамадзянаў Беларусі. каб трапіць у СРЮ, як і на Кубу — ня трэба ніякіх візаў, былі б грошы на білет.

Сярод першых, як вядома, увялі візавы рэжым суседнія зь Беларусьсю Літва й Латвія. У сувязі зь нядаўным падвышэньнем коштаў аднаразавых візаў — 20 даляраў, або 40 у выпадку паскоранага іхнага адкрыцьця — вялікіх чэргаў у амбасадах гэтых краінаў у Менску няма. Самыя вялікія чэргі заўсёды можна назіраць каля нямецкай амбасады. Яны ня зьменшыліся і пасьля пераезду нямецкіх дыпляматаў з цэнтру Менску ў Заводзкі раён. І гэта ня дзіўна, бо консульства ФРГ афармляе «шэнгенскія візы» пры выезьдзе беларускіх грамадзянаў ва ўсе краіны Эўразьвязу, якія ня маюць сваіх амбасадаў у Беларусі. Таму, каб своечасова аформіць візу на агульных падставах, трэба зьвяртацца ў нямецкую амбасаду загадзя — прынамсі за некалькі тыдняў. Як дарэчы і пры афармленьні агульнаграмадзянскага пашпарту з выязной візай у ворганах унутраных справаў Беларусі.

Цікава, што Закон аб іміграцыі ў Беларусь заахвочвае прыяжджаць у яе «вельмі заможных» людзей. Так, паводле закону, права на сталае жыхарства па-за чаргой мігуць атрымаць імігранты, гатовыя інвэставаць ня менш за 150 тысячаў даляраў ЗША ў эканоміку Беларусі. Уяўленьнямі пра заможнасьць эўрапейцаў, відаць, дыктаваліся і новыя кошты на ўязныя візы для замежнікаў. Так, напрыклад, у Брусэлі тым, хто жадае ўехаць у Беларусь звычайным парадкам, віза абыйдзецца ў 30 даляраў, паскораным — 100 даляраў. У выніку летась колькасьць замежнікаў, якія зьвярталіся ў беларускае консульства ў Бэльгіі па візы, скарацілася ў параўнаньні з 1997 годам з 4000 да 2000.

Ну а што да Туркмэніі, якая ўводзіць уязныя візы для грамадзянаў СНД ад чэрвеня сёлета, вялікай колькасьці ахвотнікаў наведаць гэтую краіну ў Беларусі не назіраецца. Верагодна таму, што палітычны пэйзаж абедзьвюх дзяржаваў ды ўзровень жыцьця ня надта розьняцца.

XS
SM
MD
LG