Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 сакавіка 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Плян аб'яднаньня Беларусі й Расеі набывае канкрэтныя абрысы. Падрыхтаваны праект новай саюзнай дамовы. Тым часам прэзыдэнт Ельцын прызначыў прэм'ера Прымакова галоўным адказным за інтэграцыю.

У канцы мінулага году, пасьля падпісаньня дэклярацыі аб далейшым яднаньні, прэзыдэнты Лукашэнка і Ельцын прызначылі сустаршынямі «рабочай групы па выпрацоўцы інтэграцыйных дакумэнтаў» кіраўнікоў сваіх адміністрацыяў — адпаведна Мясьніковіча і Бардзюжу. У межах гэтай групы былі створаныя камісіі па пэўных накірунках. Камісію «па выпрацоўцы дамовы аб аб'яднаньні» зь беларускага боку ўзначаліў старшыня камісіі міжнародных справаў «палаты прадстаўнікоў» Аляксандар Козыр.

Учора, выступаючы ў праграме «Падзея» беларускай тэлевізіі, сп. Козыр паведаміў, што праект новай саюзнай дамовы ўжо падрыхтаваны і бліжэйшым часам будзе разгледжаны адміністрацыямі прэзыдэнтаў абедзьвюх краінаў.

Паводле словаў сп. Козыра, праект прадугледжвае ўтварэньне саюзнага дзьвюхпалатнага парлямэнту, верхняя палата якога будзе фармавацца нацыянальнымі заканадаўчымі ворганамі ў парытэтным парадку, а ніжняя — абірацца насельніцтвам абедзьвюх краінаў. Пра паўнамоцтвы гэтага воргану беларускі суаўтар праекту нічога не казаў. Ён толькі падкрэсьліў, што аб фэдэрацыі ня можа быць і гаворкі. Ён дадаў, што не выключае стварэньня адзінай дзяржавы, але ў далёкай пэрспэктыве.

Гэта падаецца крыху дзіўным. У дэклярацыі, падпісанай прэзыдэнтамі летась у сьнежні, гаворыцца пра тое, што адзіная дзяржава будзе ўтвораная ўжо ў 1999 годзе. Ці гэтая пэрспэктыва падаецца сп. Козыру надта далёкай, ці — што хутчэй за ўсё — першапачатковыя пляны былі крыху скарэктаваныя. Цікава чаму? Магчыма, таму, што, як паведаміў Аляксандар Козыр, праект не прадугледжвае ўсталяваньня ніякай пасады прэзыдэнта саюзу. Ён сказаў: «Размова йдзе аб саюзе дзьвюх сувэрэнных дзяржаваў, кожную зь якіх узначальвае прэзыдэнт. Ставіць над імі яшчэ трэцяга прэзыдэнта, надаўшы яму высокія паўнамоцтвы і высокую легітымнасьць — гэта ствараць такі «бэрмудзкі трохкутнік», у якім могуць пагарэць вельмі добрыя справы».

Сп. Козыр сьціпла заўважыў, што некаторыя расейскія й беларускія палітыкі выказваліся за ўвядзеньне пасады прэзыдэнта, але ў рэшце рэшт ад гэтай ідэі адмовіліся. Беларускіх прыхільнікаў гэтага пляну ўсё ж такі варта было назваць. Гэта — Аляксандар Лукашэнка. Некалькі тыдняў таму, падчас візыту ў Удмурцію беларускі лідэр тлумачыў, што варта было б усенародна абраць моцнага прэзыдэнта саюзу. Але ў праекце Лукашэнкава мара, як бачым, адлюстраваньня не знайшла. Наўрад ці ягоны беларускі суаўтар сп. Козыр з сваёй ініцыятывы паставіў крыж на прэзыдэнцкіх разьліках. Але ёсьць іншы, расейскі бок, якому Лукашэнкавы пляны, відаць прыйшліся недаспадобы. А ў адказ рэзка зьменшылася прага да аб'яднаньня беларускага інтэгратара, і таму зараз сп. Козыр загаварыў пра стварэньне адзінай дзяржавы як пра далёкую пэрспэктыву.

Сьведчаньнем таго, што адмова ад агульнага прэзыдэнцтва сыходзіць з Масквы, зьяўляецца артыкул уплывовага расейскага праўрадавага палітоляга Сяргея Караганава, які быў надрукаваны пэўны час таму ў «Независимой Газете». Ён выказаўся за тое, каб фармаваньне ворганаў улады саюзу Беларусі й Расеі наагул адбылося пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі. Лёгіка зразумелая: трэба спачатку падзяліць уладу ў Расеі, а пасьля весьці размову аб уладзе з Лукашэнкам. Але падаецца, што якраз тады беларускі прэзыдэнт атрымае даволі маленькі кавалак улады.

Варта адзначыць, што неўзабаве пасьля зьяўленьня артыкулу Караганава, Ельцын сваім распараджэньнем перадаў паўнамоцтвы агульнага кіраваньня інтэграцыйным працэсам прэм'еру Прымакову. Погляды Прымакова на аб'яднаньне вядомыя, але варта ўлічваць і ягоныя палітычныя інтарэсы. У тым, што сп. Козыр трапна назваў «бэрмудзкім трохкутнікам», зацікаўлены Лукашэнка і часткова Ельцын, які ўжо ня можа балятавацца ў прэзыдэнты Расеі, але, магчыма, хацеў бы працягнуць сваё палітычнае даўгалецьце. Але навошта гэтая сумнеўная «палітычная геамэтрыя» Прымакову, які мае рэальныя шанцы стаць прэзыдэнтам Расеі і не зацікаўлены ў зьяўленьні дадатковых канкурэнтаў, хай нават яны й называюць сябе ягонымі вучнямі.

І вось вынік — пасады прэзыдэнта саюзу ў праекце саюзнай дамовы няма. Лукашэнку патлумачылі, што за Беларусь ён хоча замнога.

Вяртаючыся да вобразу сп. Козыра, можна сказаць, што на «бэрмудзкі трохкутнік» падобны сам працэс інтэграцыі наагул, але гульцы, спрабуючы перахітрыць адзін аднаго, не залятаюць туды надта далёка.

XS
SM
MD
LG