Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 сакавіка 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Ад 18 да 22 сакавіка ў Фінляндыі знаходзілася група беларускіх палітыкаў. Яны ўдзельнічалі як назіральнікі ў парлямэнцкіх выбарах, што праводзіліся ў краіне Суомі. Пасьля іхнага вяртаньня на бацькаўшчыну наш менскі карэспандэнт падрыхтаваў інфармацыю пра іхныя ўражаньні.

Цікава адзначыць, што ў якасьці назіральнікаў у Фінляндыю былі запрошаныя толькі прадстаўнікі «краінаў трэцяга сьвету» і краінаў СНД. Чаму так — зразумела. Менавіта яны павінны былі і назіраць за выбарамі, і самае галоўнае — вучыцца як іх трэба праводзіць.

Дэлегацыя Беларусі была самая буйная — ажно шэсьць асобаў. З афіцыйнага боку — старшыня вышэйшай палаты «нацыянальнага сходу» Шыпук, старшыня ЦэнтарВыбарКаму Ярмошына, кіраўнік камісіі «палаты прадстаўнікоў» Красуцкі. Зь неафіцыйнага — сябры Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня Карпенка і Домаш, старшыня Беларускага Гельсынкскага Камітэту Процька.

Тэлевізія ўвесь час вяла непасрэдныя рэпартажы з участкаў. Назіральнікі — як замежныя, так і мясцовыя ад партыяў — мелі свабодны доступ да любога сябра камісіі. У 20 гадзінаў галасаваньне скончылася, а ўжо празь дзьве з паловай гадзіны краіна ведала канчатковыя вынікі выбарчай кампаніі.

На жаль — і ў гэтым сышліся ўсе назіральнікі зь Беларусі — у нашай краіне такое ў бліжэйшы час немагчымае.

Беларускія назіральнікі былі прынятыя ў парлямэнце і Міністэрстве Замежных Справаў. Гутаркі мелі вельмі вялікае значэньне, перш за ўсё таму, што Фінляндыя, пачынаючы ад 1 ліпеня сёлета, будзе старшыняваць у Эўразьвязе. Таму прадстаўнікі краіны Суомі так уважліва адсочваюць абстаноўку ў розных дзяржавах Эўропы, у прыватнасьці ў Беларусі. Гэта й дало падставы кіраўніку дэпартамэнту краінаў Усходняй Эўропы зьнешнепалітычнага ведамства Фінляндыі сп. Нюбэргу адзначыць, што «Беларусі належыць зрабіць яшчэ значныя крокі на шляху сапраўднай дэмакратыі».

Паездка ў складзе адной дэлегацыі разам з афіцыйнымі асобамі была неадназначна ўспрынятая ў дэмакратычным лягеры. Ведаю, што напрыклад і Генадзь Карпенка вагаўся — ехаць альбо не. А што ён думае цяпер з гэтай нагоды?

(Карпенка:) «Мы сустрэліся з многімі прадстаўнікамі зь іншых краінаў, размаўлялі пра стан дэмакратыі ў сваіх краінах. У першую чаргу мы даводзілі свой пункт погляду — як праходзяць дэмакратычныя зьмены ў нашых краінах. Таму першае, як мы выкарысталі гэтую паездку — мы давялі да ўсіх прадстаўнікоў становішча ў Беларісу, становішча вакол прэзыдэнцкіх выбараў, і я думаю, што гэта добрая нагода, якая выдалася нам і была цалкам выкарыстаная».

(Глод:) Кажуць, што вам удалося сустрэцца з Васілём Быкавым?

(Карпенка:) «Ён разумее што адбываецца сёньня ў Беларусі. Выйсьця яшчэ давядзецца шукаць не адзін месяц, а можа — не адзін год. Але ён безумоўна разумее, што гэтае выйсьце будзе. Сёньня Васіль Уладзімеравіч працуе над шматлікімі творамі. Галоўная тэма — тое, што ён нам пачытаў — ягоны сатырычны погляд на інтэграцыю».

XS
SM
MD
LG