Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сакавіка 1999 г.


Мікола Ваўранюк, Беласток

Яшчэ да 5 красавіка ў прэстыжнай варшаўскай галерэі «Захэнта» можна паглядзець выставу вядомага беларускага мастака зь Беласточчыны Лявона Тарасэвіча. Выстава займае сем вялікіх заляў галерэі і зьяўляецца аглядам творчасьці мастака ад часоў вучобы ў Варшаўскай мастацкай акадэміі да сёньняшняга часу.

Лявона Тарасэвіча лічаць адным з найбольш цікавых мастакоў Польшчы. Нарадзіўся ён у 1957 годзе у Валілах-Станцыі, за 40 кілямэтраў на ўсход аб Беластоку. Вучыўся ў мастацкім ліцэі ў Супрасьлі і ў мастацкай акадэміі ў Варшаве, дзе і пачаў сваю вялікую кар'еру. Меў свае індывідуальныя выставы ва ўсіх найлепшых галерэях Польшчы, а таксама Швэцыі, Нямеччыны, Вугоршчыны, Ізраілю, Беларусі, Прыбалтыкі, паказваў карціны ў Бэрліне й Вэнэцыі, Лёндане, Нью-Ёрку, Сан Паўлё ў Бразыліі, а таксама падчас алімпіяды ў Сэуле.

Лявон Тарасэвіч жыве й творыць у роднай ваколіцы, дзе на патрэбы моду й майстэрні адаптаваў старую апусьцелую школу. Маляваньне зь мінулага году спалучае з прафэсурай у мастацкай акадэміі ў Варшаве. Вядомы таксама ў беларускім грамадзкім жыцьці Беласточчыны. Нейкі час узначальваў гмінны аддзел Беларускага Дэмакратычнага Аб'яднаньня ў Гарадку. У 80-я гады рабіў мастацкую апрацоўку студэнцкага часапісу «Сустрэчы», затым шмат малюнкаў і шаржаў зьмясьціў у тыднёвіку «Ніва». Цяпер зрабіў графічную апрацоўку польска-беларускага месячніка «Czasopis» і заснаваў месячнік у сваёй гміне — «Гарадоцкія Навіны». Стварыў таксама рок-гурт «Брага», якому піша тэксты.

Лявон Тарасэвіч у сьвеце найбольш вядомы як пэйзажыст. Малюе алеем на палатне. Але таксама сам арганізуе сабе прастору выставачных заляў. Часта прыкрывае фарбай сьцены і калёны ў адведзеных яму пад выставы памяшканьнях. Крытыкі мастацтва параўноўваюць гэта з тым, што рабілі калісьці ў сьвятынях аўтары фрэсак.

Апошнім часам Лявон Тарасэвіч усё больш набліжаецца да манумэнтальнага мастацтва — стварае карціны, якія маюць па некалькі мэтраў ушыркі і ўвышкі. Але малюе і невялікія квадраты, якія так насычаныя колерамі, што здаецца — як быццам бы фарба пералівалася за берагі карціны.

Найбольш характэрнымі элемэнтамі ягоных пэйзажаў зьяўляюцца зааранае поле, лес, уквечаны луг, птушкі. Некаторыя карціны выразна інсьпіраваныя ягонымі экзатычнымі падарожжамі.

У часе адкрыцьця выставы здарыўся палітычны скандал. Лявон Тарасэвіч сказаў журналісту Польскага Прэсавага Агенцтва, што «Салідарнасьць» на Беласточчыне ў 80-я гады была нацыяналістычная і варожа ставілася да беларусаў, а нават хацела вывезьці іх зь Беласточчыны. Словы Тарасэвіча працытавалі беластоцкія газэты. Абураныя дзеячы «Салідарнасьці» аспрэчвалі гэтыя абвінавачаньні.

У штодзёнцы «Kurjer Poranny» выказваньні Лявона Тарасэвіча пракамэнтаваў беларускі дзеяч і гісторык Алег Латышонак, які ў 80-я гады за падпольнае выдавецтва праседзеў 8 месяцаў у турме: «Прадузятасьці і часта крыўдныя стэрэатыпы паўтарае народ, але так не павінен гаварыць чалавек адукаваны і на дадатак вядомы. Беларусаў зь Беласточчыны плянавала вывезьці не «Салідарнасьць», а камуністычная ўлада — пад канец 40-х гадоў».

Парадаксальна — гэты скандал, які пачаўся пры нагодзе мастацкай выставы, можа мець палітычны эпілёг. Ён можа спрычыніцца да таго, што Алег Латышонак стане падляскім віцэ-ваяводам. «Салідарнасьць», якая кіруе ў Беластоку, доўга баранілася перад націскамі Варшавым каб адным з намесьнікаў падляскага ваяводы быў беларус. Але цяпер, здаецца, пагодзіцца на Алега Латышонка — хоць бы таму, каб даказаць сваю талерантнасьць да нацыянальных меншасьцяў.

XS
SM
MD
LG