Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сакавіка 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня ў Менску зь віны беларускага боку ледзь не сарвалася міжнародная канфэрэнцыя «Польшча ў НАТО», якую польская амбасада ладзіць для навукоўцаў эўрапейскіх краінаў, беларускіх палітыкаў і журналістаў. Арганізатарам канфэрэнцыі за 20 хвілінаў да яе пачатку было адмоўлена ў памяшканьні ў сьценах Беларускага Культурна-Асьветніцкага Цэнтру. Прычына адмовы так і не была патлумачаная.

Сёньня арганізатараў і ўдзельнікаў міжнароднай канфэрэнцыі «Польшча ў НАТО», а таксама прадстаўнікоў місіяў Літвы, Украіны, Балгарыі й Турцыі ў Беларусі, якія сабраліся раніцай ля ўваходу ў Беларускі Культурна-Асьветніцкі Цэнтар на вуліцы Кастрычніцкай, чакаў сюрпрыз. Супрацоўніца цэнтру абвесьціла, што канфэрэнцыя адмяняецца з той прычыны, што цэнтар ня можа прадаставіць свае плошчы пад гэтую сустрэчу. Прычынаў адмовы супрацоўніца не паведаміла. Дарэчы — і свайго прозьвішча таксама.

Ужо пазьней удалося высьветліць, што яе завуць Надзея Елісеева і яна працуе загадчыцай вучэбнага аддзелу цэнтру. Менавіта зь ёй арганізатары канфэрэнцыі вырашалі напярэдадні ўсе арганізацыйныя пытаньні. Тады без праблемаў была атрыманая згода на правядзеньне форуму ад дырэктара цэнтру, зарэзэрваваная канфэрэнц-заля, вырашаныя пытаньні з харчаваньнем удзельнікаў канфэрэнцыі ў тутэйшай кавярні. І вось раптам — без усялякіх тлумачэньняў былое пагадненьне было сарванае.

Распавядае ўдзельнік канфэрэнцыі, былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб:

(Грыб:) «Я прыйшоў сёньня на канфэрэнцыю, на якую мяне запрасілі ўжо даўно — афіцыйна, адкрыта. Сустракаюць прадстаўнікі гэтага офісу і кажуць, што тут канфэрэнцыі ня будзе, яна адмененая. Я пытаюся: чаму? Адмоўлена ў памяшканьні? — Не, яна адмененая, а чаму — мы ня ведаем. Ідзіце, кажуць, сюды ў канцэртную залю, там ёсьць прадстаўнікі польскай амбасады, мабыць яны вам нешта скажуць. А яны таксама нічога ня ведаюць».

Беларускі Культурна-Асьветніцкі Цэнтар падпарадкуецца адміністрацыі прэзыдэнта. У адміністрацыю прэзыдэнта сёньня, паводле словаў сакратаркі, раніцай паехаў дырэктар цэнтра Аляксандар Гундар, і за дзень ён так і не знайшоў магчымасьці патлумачыць журналістам прычыну адмовы ў памяшканьні арганізатарам канфэрэнцыі «Польшча ў НАТО». А ягоны намесьнік Міхаіл Гец, зь якім нарэшце ўдалося зьвязацца па тэлефоне, усяляк адхрышчваўся ад інцыдэнту. «Я за правядзеньне канфэрэнцыяў не адказваю, зьвяртайцеся да дырэктара», — паўтараў намесьнік дырэктара цэнтру Міхаіл Гец.

Польскі амбасадар Марыюш Машкевіч, выступаючы перад журналістамі, устрымваўся ад заяваў адносна дзеяньняў беларускіх уладаў і падкрэсьліў: «Польшча імкнецца размаўляць з усімі сваімі суседзямі на мове супрацоўніцтва».

На якой мове спрабуе размаўляць з Польшчай дый з сваімі грамадзянамі афіцыйны беларускі бок — удзельнікі канфэрэнцыі так і не зразумелі.

(Грыб:) «Калі б яны не баяліся — для іх усіх адчыненыя дзьверы. Ідзіце, сядайце разам, з апазыцыяй, палякамі, з натаўцамі, антынатаўцамі — вядзіце дыскусію!»

Спазьніўшыся на гадзіну, канфэрэнцыя «Польшча ў НАТО» ўсё ж пачалася. У залі для ўрачыстых прыёмаў польскай амбасады былі сабраныя ўсе крэслы, якія знайшліся ў будынку. І беларускім палітыкам, і журналістам, і навукоўцам з Польшчы, Беларусі, Чэхіі месцаў хапіла. Было куды пасадзіць і прадстаўнікоў беларускіх міністэрстваў Абароны і Замежных Справаў, якіх таксама запрасілі на канфэрэнцыю. Аднак ніхто зь іх на ёй так і не зьявіўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG