Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сакавіка 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня Цэнтральная Выбарчая Камісія абвесьціла, што 31 сакавіка ў Менску адбудзецца рэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты. Старшыня ЦВК заявіў нашаму радыё, што сабраная колькасьць подпісаў дазваляе казаць пра тое, што цырымонія рэгістрацыі адбудзецца.

31 сакавіка а 14-тай гадзіне ў гатэлі «Кастрычніцкі» павінна распачацца ўрачыстая цырымонія рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты, і менавіта з гэтага моманту Зянон Пазьняк і Міхаіл Чыгір фармальна ўступяць у перадвыбарчую прэзыдэнцкую барацьбу.

На цырымонію запрошаныя прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу, кіраўнікі місіяў АБСЭ і ААН. Прысутнасьць прадстаўнікоў заходніх структураў павінна, паводле ідэі арганізатараў, сьведчыць пра міжнароднае прызнаньне выбарчай кампаніі. Віктар Ганчар лічыць, што прадстаўнікі заходніх структураў прыйдуць. Але, як паведамілі нашаму радыё ў прадстаўніцтве АБСЭ ў Менску, запрашэньне там пакуль не атрымалі.

На цырымонію рэгістрацыі кандыдатаў запрошаны і Аляксандар Лукашэнка. Матывуючы запрашэньне прэзыдэнта Лукашэнкі, старшыня ЦВБК Ганчар заявіў:

(Ганчар:) «Нашая задача — арганізацыйная праца, а ня нейкія там правакацыі. Таму мы запрасілі першую асобу краіны, бо на сёньняшні дзень — гэта дзейны прэзыдэнт. Іншая справа — што з улікам тых парушэньняў Канстытуцыі, якія ўжо былі дапушчаныя прэзыдэнтам, была трошкі скарэктаваная форма звароту да яго, і ў адпаведным лісьце, які таксама быў яму дасланы два дні таму, я і зьвярнуўся да яго як да дзейнага прэзыдэнта, тэрмін паўнамоцтваў якога выцякае 20 ліпеня 1999 году».

Да рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты засталося 9 дзён. На працягу гэтага тэрміну будзе выпрабоўвацца нэрвовы стан прэзыдэнцкай адміністрацыі. Зьвесткі пра затрыманьне зборшчыкаў подпісаў зьяўляюцца штодня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG