Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сакавіка 1999 г.


Сабіна Радзько, Віцебск

Сёньня над шашой Віцебск-Смаленск залунаў бел-чырвона-белы сьцяг, які на вышыню 35 мэтраў узьняў Мірон.

Сёньня, 22 сакавіка — 135-тыя ўгодкі сумнай падзеі. У гэты дзень у 1864 годзе ў Вільні быў пакараны сьмерцю кіраўнік вызвольнага паўстаньня Кастусь Каліноўскі. Мірон вырашыў ушанаваць яго памяць, а разам з тым і нагадаць сёньняшняму рэжыму ўрокі гісторыі.

21 сакавіка, як гэта было ўжо неаднойчы, над шашой Віцебск--Смаленск, пры ўезьдзе ў Лёзна, залунаў бел-чырвона-белы сьцяг. Сьцяг узьняты на 35-мэтровай вышыні, на апоры лініі электраперадачаў напругай у 35 тысячаў вольтаў.

З крыніцаў вартых даверу было паведамлена, што да сьцяга прымацаваная цыдулка — на той выпадак, калі ўладныя структуры ўсё ж аддадуць загад зьняць сьцяг з апоры. Ейны зьмест гэткі: «Наяўнасьць палітвязьняў на маёй радзіме лішні раз пацьвярджае антыбеларускі курс рэжыму. Свабоду Ўладзімеру Плешчанку!»

Нагадаю, што на гэты момант старшыня Рады «Выбар» Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» Ўладзімер Плешчанка ўтрымваецца ў віцебскім сьледчым ізалятары ў сувязі з абвінавачаньнем у дэмантажы бюста Суворава, адказнасьць за які адразу па зьдзяйсьненьні ўзяў на сябе Мірон.

На судовым паседжаньні 16 сакавіка судзьдзя Аляксандар Абашык настойліва задаваў сп. Уладзімеру пытаньне — ці не зьяўляецца той Міронам. Плешчанка адказаў, што, на жаль, ня мае здольнасьцяў Мірона. Але, здаецца, найлепшым адказам на ўсе пытаньні такога кшталту дае сам Мірон сваімі ўчынкамі, якія патрабуюць вялікай сьмеласьці, спрыту і абачлівасьці.

XS
SM
MD
LG