Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 сакавіка 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Усясьветны банк ня мае намеру аднаўляць крэдытаваньне эканомікі Беларусі. Такое аднаўленьне магчымае толькі пры зьмене яе эканамічнага курсу і ажыцьцяўленьня ў краіне рынкавых пераўтварэньняў.

Місія Усясьветнага банку ў складзе рэгіянальнага дырэктара Поля Сігельбаўма і выканаўчага дырэктара Рут Бахмаер наведала Беларусь на гэтым тыдні з мэтаю ўдакладненьня стратэгіі супрацоўніцтва з афіцыйным Менскам.

Нагадаю, што з 1994 году гэтае супрацоўніцтва знаходзілася на ўзроўні перамоваў аб умовах фінансавай падтрымкі банкам беларускіх эканамічных праграмаў. Пры гэтым, нягледзячы на жаданьне бакоў дамовіцца аб такіх умовах, перамовы ўвесь час скончваліся беспасьпяхова. Вось ужо пяць гадоў міжнародны фінансавы магнат адмаўляе Менску ў прадастаўленьні крэдытаў на эканамічныя праекты каманды Аляксандра Лукашэнкі.

Усясьветны банк лічыць, што крэдытаваньне беларускай эканомікі беспэрспектыўнае. Цяперашні прыезд місіі ня выявіў прадметных зьменаў ва ўзаемадачыненьнях бакоў.

На прэсавай канфэрэнцыі спадар Сігельбаўм паведаміў журналістам, што яшчэ не насьпеў час для новага павароту ў партнэрстве з Беларусьсю. Беларусь, на ягоную думку, выканала вельмі малы аб'ём рэформаў, неабходных для аднаўленьня зьнешняга крэдытаваньня.

Місіяй адзначаная як станоўчая пазыцыя Менску па пераглядзе ім сваёй валютнай палітыкі. Пры гэтым банк цяперашнюю лібералізацыю валютнага рынку лічыць недастатковаю. Ураду патрэбна актывізаваць намаганьні ў накірунку лібералізацыі фінансавай сыстэмы краіны.

Місія крытычна ацаніла сыстэму коштаўтварэньня ў краіне. Пры такой сыстэме, паводле прадстаўнікоў Усясьветнага банку, Беларусь па-ранейшаму будзе мець цяжкасьці ў сваіх зьнешнеэканамічных зносінах. Танныя беларускія тавары, як і раней, будуць вымывацца з гандлю і накіроўвацца ў Расею, што не адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі.

Спадарыня Рут Бахмаер паведаміла на прэсавай канфэрэнцыі, што, нягледзячы на захаваньне супярэчнасьцяў зь Беларусьсю, Сусьветны банк мае намер павялічыць ёй ужо сёлета аказаньне тэхнічнае дапамогі. Асаблівая ўвага, як вынікае зь цяперашняга вызыту місіі, будзе зьвернутая на разьвіцьцё эканамічнай адукацыі насельніцтва краіны.

Яшчэ адзін вынік знаходжаньня ў Менску місіі Усясьветнага банку - ініцыятыва вярнуць ягонаму прадстаўніцтву ў Беларусі ранейшы высокі статус. Праз некалькі месяцаў у Менск вернецца на сталую тут працу замежны кіраўнік прадстаўніцтва.

З гэтага вынікае, што міжнародная фінансавая арганізацыя ня лічыць Беларусь эканамічна беспэрспэктыўнай краінай, а спадзяецца на блізкія і, галоўнае, здаровыя перамены ў ёй.

XS
SM
MD
LG