Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 сакавіка 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту ЗША правялі перамовы зь беларускай апазыцыяй у Менску.

З боку беларускай апазыцыі на сустрэчы з прадстаўнікамі ЗША прысутнічалі: Лявон Баршчэўскі, Віктар Ганчар, Генадзь Карпенка, Андрэй Саньнікаў, Міхаіл Чыгір, Сямён Шарэцкі і Станіслаў Шушкевіч.

Адразу адзначу дзве важныя акалічнасьці. Першае: сьпіс удзельнікаў прыводжу ў алфабэтным парадку. Другое: прадстаўнікоў ЗША больш за ўсё цікавіла пытаньне: ці ёсьць у беларускай апазыцыі адзінства, ці могуць ейныя лідэры дзеля посьпеху агульнай справы адкінуць свае амбіцыі?

У гэтым сэнсе Станіслаў Шушкевіч выказаў меркаваньне, што найбольш эфэктыўным было б яднаньне вакол легітымнага Вярхоўнага Савета Беларусі Х111 скліканьня на чале зь Сямёнам Шарэцкім.

Іншы падыход у Генадзя Карпенкі. Ён бачыць стрыжань еднасьці ў Каардынацыйнай радзе, якую стварыў Кангрэс дэмакратычных сілаў.

Лявон Баршчэўскі выказаў думку пра тое, што ўвогуле існуюць розныя ўзроўні еднасьці. Напрыклад, партыйны ўзровень ня можа быць самым высокім, паколькі розныя партыі, нават дэмакратычнага накірунку, маюць розныя статутныя мэты.

Але ўсе пагадзіліся: існуюць дзьве рэчы: сувэрэнітэт Беларусі і барацьба з дыктатурай Лукашэнкі, на плятформе якіх і аб'ядноўваецца сёньня дэмакратычная апазыцыя.

Беларускі бок, у сваю чаргу, цікавілі два галоўныя пытаньні. Першае - ці разумеюць у Злучаных Штатах, што амэрыканскія крэдыты Расеі ўскосна падкармліваюць рэжым Лукашэнкі? Суразмоўцы паведамілі, што так, разумеюць. І таму выдзяленьне чарговага крэдыту МВФ Расеі будзе шчыльна ўвязвацца з пазыцыяй Масквы па беларускіх праблемах. І другое, што надзвычай важна было пачуць апазыцыі: гэта адносіны Злучаных Штатаў да Аляксандра Лукашэнкі пасьля 20 ліпеня, калі скончацца 5 год ягонага прэзыдэнцкага праўленьня. Суразмоўцы далі зразумець: у ЗША пра гэтую праблему добра памятаюць, і з боку ўладаў гэтай краіны могуць быць самыя жорсткія падыходы.

Разглядалася і праблема пачатку перамоваў паміж апазыцыяй і афіцыйнымі ўладамі Беларусі. Мае крыніцы інфармацыі папрасілі гэтае пытаньне не асьвятляць. Адзінае магу толькі дадаць: у той жа дзень, калі адбылася сустрэча, старшыня камісіі па міжнародных справах ВС Х111 скліканьня Анатоль Лябедзька, які выступаў на паседжаньні Палітычнай рады АГП, распавёў свае ўласныя назіраньні. На ягоную думку сёньня сярод апазыцыі, існуюць тры падыходы да перамоваў. Першы: перамовы з Лукашэнкам на любых умовах. Другі: перамовы, але пры выкананьні ўладамі шэрагу папярэдніх умоваў. І, нарэшце, трэці - ніякіх перамоваў з Лукашэнкам.

XS
SM
MD
LG