Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 сакавіка 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Былы падпалкоўнік КДБ, а зараз актывіст Беларускага Гэльсінскага камітэту Валеры Костка зьвярнуўся з "адкрытым лістом" да супрацоўнікаў спэцслужбаў і сілавых ведамстваў. Ён заклікаў іх добра падумаць, перш чым выконваць загады свайго кіраўніцтва, якія будуць супярэчыць законам і міжнародным абавязацельствам Беларусі. Што гэта могуць быць за загады?

Актывіст Беларускага Гэльсінскага Камітэту Валеры Костка не хавае, што працаваў раней у КДБ і даслужыўся там да званьня падпалкоўніка. Але сышоў з камітэту па палітычных матывах. Не ўпершыню спадар Костка зьвяртаецца да гэбістаў, міліцыянтаў і вайскоўцаў з "адкрытым лістом". Раней гэта было ў 1991 годзе, пад час путчу ГКЧП. Тады маёр КДБ Костка заклікаў сваіх калегаў не выконваць злачынныя загады, накіраваныя на ўмацаваньне камуністычнай хунты. Прайшло восем гадоў, і ўжо ў якасьці праваабаронцы Костка зноў узяўся за пяро. Аўтар звароту адказаў на пытаньні радыё "Свабода".

(Карэспандэнт:) Тэкст Вашага звароту адрасаваны да афіцэраў КДБ, міністэрства ўнутраных справаў, міністэрства абароны. Чым патлумачыць, што менавіта зараз вы выйшлі з гэтым зваротам?

(Костка:) "Усе гэтыя людзі пастаўленыя ў вельмі цяжкае становішча. Яны вымушаныя выбіраць паміж загадамі вышэйшага кіраўніцтва і выкананьнем законаў. Я хачу нагадаць, што Беларусь далучылася да міжнароднага пакту аб палітычных і грамадзянскіх правох, і мае калегі павінны кіравацца тымі законамі, якія прынятыя на міжнародным узроўні".

(Карэспандэнт:) А што, у Вас ёсьць зьвесткі, што можа дайсьці да нейкіх незаконных дзеяньняў з боку сілавых структураў?.

(Костка:) "У тым, што зьвязана з выбарамі Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, прызначаных на 16 травеня, у дзеяньнях спэцслужбаў і праваахоўчых ворганаў ужо зараз назіраюцца канкрэтныя факты парушэньня правоў чалавека".

(Карэспандэнт:) Вы - чалавек дасьведчаны ў тых мэтадах, якія выкарыстоўваюцца спэцслужбамі. Што Вы можаце спрагназаваць, якія могуць быць прынятыя дзеяньні супраць выбараў?.

(Костка:) "Улады, безумоўна, будуць выкарыстоўваць сілавыя структуры - пракуратуру, МУС, КГБ і, магчыма, армію дзеля таго, каб захаваць сваю ўладу на больш доўгі тэрмін. Мы можам чакаць указаў ці дэкрэтаў прэзыдэнта аб "супрацьдзеяньні палітычнаму экстрэмізму", аб стварэньні так званых штабоў закрытага характару пры мінюсце, каб рабіць пэўныя ацэнкі і аказваць праз праваахоўныя ворганы сілавы ўплыў на лідараў апазыцыі, на актывістаў. Будуць аддадзеныя загады па супрацьдзеяньню апазыцыйным сілам па выдзяленьню ім памяшканьняў, сувязі. КДБ будзе пастаўленая задача на дыскрыдытацыю лідараў апазыцыі, палітычных рухаў".

(Карэспандэнт:) У нас ёсьць закон аб КДБ, які рэглямэнтуе дзейнасьць гэтай арганізацыі. Як, на Вашую думку, выконваецца гэты закон?.

(Костка:) "Законаў у нас багата, але ў дзяржаве - беззаконьне. Менавіта гэта дазваляе Лукашэнку выкарыстоўваць спэцслужбы не па прамым прызначэньні, і тое, што спэцслужбы удзельнічаюць у ўнутрыпалітычнай барацьбе — гэта ненармальна. Спэцслужбы падстаўляюцца, іх галоўная мэта - разведка і контрразведка, а ўсе ўнутранныя пытаньні - гэта ня іх задачы. І тое, што зараз ствараюцца спэцыяльныя групы, якія адсочваюць становішча ў палітычных партыях, прафсаюзных ды маладзёвых арганізацыях і працоўных калектывах - гэта і ёсьць выкарыстаньне іх не па прызначэньню".

XS
SM
MD
LG