Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 сакавіка 1999 г.


27 сакавіка - апошні дзень, калі падпісныя лісты на карысьць кандыдатаў у Прэзыдэнты павінныя быць перададзеныя ў Цэнтравыбаркам. Зь якімі ж вынікамі падыходзяць да гэтага міні-фінішу групы падтрымкі Міхаіла Чыгіра і Зянона Пазьняка?

У штаб-кватэры кандыдата ў Прэзыдэнты Міхаіла Чыгіра, што месьціцца па вуліцы Максіма Танка ў Менску, мне паведамілі наступнае. Ужо ў панядзелак 15 сакавіка тут налічылі 50 000 подпісаў грамадзянаў, якія выказаліся за тое, каб былы прэм'ер-міністр быў зарэгістраваны ў якасьці кандыдата ў Прэзыдэнты. І кожны дзень гэты сьпіс значна павялічваецца. паводле словаў супрацоўніцы штабу Валянціны Сьвяцкай ў яе, напрыклад, няма сумненьняў, што патрэбная колькасьць галасоў (а гэта, нагадаем, 100 000 подпісаў) - будзе сабраная своечасова.

Праўда, у апошнія дні афіцыйныя ўлады значна ўзмацнілі ціск на добраахвотнікаў-зборшчыкаў. Але ж гэтыя перашкоды, у большасьці выпадкаў, уплываюць на людзей зусім інакш, чым спадзяваліся супрацоўнікі праваахоўчых ворганаў.

Вось толькі адзін прыклад. 11 сакавіка ў Барысаве супрацоўнікі міністэрства ўнутраных справаў затрымалі Зьміцера Абрамовіча, які зьбіраў подпісы на карысьць Міхаіла Чыгіра. Пасьля папераджальнай размовы спадара Абрамовіча міліцыянты адпусьцілі, і ён працягнуў удзел у арганізацыі прэзыдэнцкіх выбараў. 17 сакавіка Абрамовіча зноўку затрымалі, на гэты раз - ужо супрацоўнікі іншай сілавой структуры - КГБ. Спадара Абрамовіча зноўку папярэдзілі, але на гэты раз - што яго могуць асудзіць па арт.61 Крымінальнага Кодэксу - "захоп улады". Пра ўсё гэта Зьміцер паведаміў па тэлефоне з Барысаву. Ён таксама дадаў, што будзе, як і раней, зьбіраць подпісы ў падтрымку Міхаіла Чыгіра.

Дарэчы, Менская вобласьць пакуль лідыруе ў сьпісе тых, хто падтрымлівае былога кіраўніка ўраду Беларусі. Асабліва пасьпяхова зьбіраюць подпісы ў Капылі, Клецку, Вілейцы ды іншых мейсцах.

Ва Управе БНФ пакуль яшчэ не падлічылі ўсе падпісныя лісты. Але кіраўнік ініцыятыўнай групы па збору подпісаў на карысьць Зянона Пазьняка, намесьнік Старшыні БНФ спадар Сяргей Папкоў упэўнены: неабходныя для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах 100 000 подпісаў будуць сабраныя. Дарэчы, ініцыятыўная група ў падтрымку спадара Пазьняка налічвае 2 700 чалавек. Праўда, разьмеркаваньне іх рознае. Напрыклад, цалкам сфармаваныя групы ў Берасьцейскай, Гарадзенскай, Менскай абласьцях, а вось у частцы раёевў Магілеўскай і Віцебскай такія групы не сфармаваныя, і збор подпісаў тут вядуць адмыслова накіраваныя актывісты БНФ.

Дарэчы, пэўныя факты даюць падставы дзеля таго, каб выказаць думку: за абодвух кандыдатаў у Прэзыдэнты, Зянона Пазьняка і Міхаіла Чыгіра, будзе сабраная прыкладна аднолькавая колькасьць подпісаў.

Напрыклад, у Бабруйску па стану на 15 сакавіка у падтрымку Пазьняка было аддадзена 4 288 галасоў. А за Чыгіра - 4 241. Як бачыце, розьніцы амаль няма.

Уладзімер Глод, Менск

XS
SM
MD
LG