Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 16 сакавіка 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня пасьля некалькіх дзён перапынку аднавілася судовае паседжаньне, на якім разглядаецца справа былога старшыні акцыянэрнага таварыства "Расьсвет" Васіля Старавойтава.

За тры з паловай месяцы працэсу разгледзеныя восем зь дзесяці эпізодаў, што складаюць абвінавачваньні Старавойтаву. Суд набліжаецца да апошняга эпізоду, зьвязанага з быццам бы меўшым месца хабарам міністру сельскай гаспадаркі Васілю Лявонаву ў выглядзе мэблевага гарнітуру.

Пракуратура сьцьвярджае, што Васіль Старавойтаў, перадаўшы ў карыстаньне Лявонаву гэты гарнітур, даваў менавіта хабар. Старавойтаў дагэтуль не пагаджаўся з такім вызначэньнем. На сьледстве ён сьцьвярджаў, што, даючы загад адпусьціць гарнітур са складу "расьсветаўскага" мэблевага цэху, спадзяваўся, што міністр за мэблю разьлічыцца.

Якія паказаньні дасьць Старавойтаў па дадзеным эпізодзе зараз - магчыма, будзе вядома ўжо на гэтым тыдні. Але прозьвішча былога міністра Лявонава ўжо і зараз гучыць у судовай залі. У прыватнасьці, сёньня пад час апытаньня сьведкаў прагучала, што Лявонаў неаднаразова атрымоўваў у гаспадарцы мяса, за якое не разьлічваўся. Васіль Старавойтаў, даючы па гэтых фактах тлумачэньні, ня выключыў, што такое магло быць. Старавойтаў пагадзіўся з тым меркаваньнем рэвізораў, што справаздачнасьць у гаспадарцы ў апошнія гады стала весьціся зь некаторымі парушэньнямі. "Віну за гэтыя парушэньні я зь сябе не складаю" — заявіў Старавойтаў у судзе.

Між тым, на думку адвакатаў, шмат недахопаў і супадзеньняў ня толькі ў справаздачнасьці "Расьсвету", але і ў рэвізыйным акце, які аказаўся ў падмурку абвінавачваньня. Адвакат Вера Страмкоўская ўзгадвае паказаньні на судзе кіраўніка групы рэвізораў Уладзімера Падрабінкіна, зь якіх вынікае, што агульны акт быў складзены чыста арыфметычна, з актаў рэвізіяў розных падразьдзяленьняў "Расьсвета", бяз праверкі іх дакладнасьці. У выніку на паперы з гаспадаркай адбыліся дзіўныя пераўтварэньні. Згодна з актам рэвізіі, у "Расьсвета" паменьшала на пяць трактараў, і нават ня быў улічаны самалёт, які шмат гадоў выкарыстоўваўся на апрацоўцы "расьсветаўскіх" палеткаў. Між тым гэты самалёт даўно стаіць на балансе гаспадаркі. Адвакат зьдзіўляецца такой, так бы мовіць, уважлівасьці рэвізораў і заяўляе, што ёсьць падстава сумнявацца ў сусе стратаў, быццам бы нанесенай гаспадарцы дзейнасьцю Старавойтава і ягоных падначаленых. Рэвізоры гэтыя страты вызначылі ў 206 тысячаў даляраў.

Паводле адваката, пасьля рэвізіі 'жо зьніклі некалькі папак з дакумэнтамі. Гэта, па словах Страмкоўскай, рэвізор Падрабінкін прызнаў у судзе. "Дык як можна верыць гэтым лічбам?" - задаецца пытаньнем адваката.

Страмкоўская называе яшчэ адну важную праблему, дагэтуль ня вырашаную ў судзе. Справа ў тым, што калгас "Расьсвет" не выставіў грамадзкі зыск Васілю Старавойтаву і ягоным намесьнікам Юстратаву і Шапавалаву. Названая толькі агульная сума гэтага зыску - чатыры мільярды рублёў. Аднак няма падрабязнага абгрунтаваньня гэтай сумы. Між тым, бяз абгрунтаваньня суд ня здолее вызначыць сапраўдную суму прэтэнзіяў. А ў такім выпадку будзе немагчымая амністыя васілю Старавойтаву, на якую ён спадзяецца.

Як бачым, у тым, што суд прызнае Старавойтава вінаватым па некаторых пунктах абвінавачваньня, адвакат ужо не сумняецца.

Адвакат Вера Страмкоўскае паведамляе, што Старавойтаў па-ранейшаму хворы, ён кашляе, але трымаецца. Цікава, што некаторыя з судовых народных засядальнікаў, не хаваючыся, сьпяць пад час працэсу.

Хутка дойдзе да моманту, калі Старавойтаву давядзецца даваць паказаньні ў дачыненьні да Лявонава — а ўсё вядзецца на тое, каб ён даў паказаньні менавіта супраць Лявонава. У такі момант, на думку адваката, у Старавойтава могуць не стрываць нэрвы, і ён можа і крычаць у клетцы, як гэта ўжо было, і нешта можа здарыцца з сэрцам. Адвакат не выключае ўсё, што заўгодна.

Прывозу Лявонава на суд чакаюць у любы момант. Суддзя хавае інфармацыю пра гэта і на ўсе пытаньні адвакатаў нічога не адказвае. Адвакат лічыць, што гэта робіцца наўмысна - каб было менш сьведкаў таго, як са Старавойтава выцягваюцца паказаньні.

XS
SM
MD
LG