Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 сакавіка 1999 г.


У Віцебску пачаўся судовы працэс над Уладзімерам Плешчанкам, старшынём Віцебскай рады БНФ "Выбар".
Ён абвінавачваецца ў выкраданьні 2 верасьня летась гіпсавага бюсту расейскага палкаводца Суворава.

Уладзімер Плешчанка знаходзіцца за кратамі ўжо больш як паўгады, ён лаўрэат нацыянальнай прэміі ў галіне правоў чалавека ў намінацыі "За асабістую мужнасьць".

Праводзіў судовае паседжаньне Аляксандар Абашын. Абвінавачваньне падтрымлівае пракурор спадар Паўлюкевіч. З боку абароны разам з адвакатам абвінавачванага Уладзімерам Шайкевічам будуць выступаць грамадзкія абаронцы ад "Вясны-96" спадары Бяляцкі і Стафановіч. Паколькі падсудны карыстаецца беларускай мовай, на паседжаньні прысутнічаў перакладчык. Напачатку было заяўлена хадайніцтва Уладзімера Плешчанкі, падтрыманае яго адвакатам, аб зьмяненьні меры стрыманьня і ягоным неадкладным вызваленьні з-пад варты пад час суда. Гэтае хадайніцтва было адхіленае. І Плешчанка, які ўжо адседзіў больш як паўгода, пакінуты пад вартай. Другі запыт, зьвязаны з допытам дадатковых сьведкаў, спадара Барыса Хамайды і Юрася Карпава, быў задаволены.

У агалошаным абвінавачвальным заключэньні сьцьвярджаецца, што ў ноч на 1 верасьня 1998 году спадар Уладзімер Плешчанка разам зь нявысьветленымі асобамі з хуліганскіх памкненьняў, выяўляючы дзёрзкасьць, зьбіў бюст, які зьяўляецца помнікам архітэктуры, і гэты бюст выкінуў непадалёку ў скверы.

Нагадаю, што пад час сьледства спадар Плешчанка катэгарычна адмаўляўся даваць якія-небудзь паказаньні. На судзе ён сваю віну катэгарычна не прызнаў. Аднак сказаў, што зайздросьціць чалавеку, які зьняў з пастамэнту бюст акупанта. Адносна сваёй прысутнасьці ў тую ноч непадалёку ад месца здарэньня, спадар Уладзімер патлумачыў, што займаўся шэраговай працай старшыні рады "Выбар", разам зь сябрамі рады распаўсюджваў улёткі, дзе насельніцтву даводзілася сутнасьць незаконнай сёньня ўлады ў Беларусі.

З мэтай высьвятленьня каштоўнасьці бюсту у якасьці сьведкі была дапытаная спадарыня Валянціна Кунцэвіч, супрацоўнік аддзелу культуры Віцебскага гарвыканкаму. Зь яе словаў вынікае, што гіпсавы бюст, усталяваны ў 1952 годзе, на дадзены момант зьяўляецца помнікам мясцовага значэньня, зьвязаным зь вядомым дзеячом гісторыі. Спадарыня Кунцэвіч прызнала, што вялікага духоўна-эстэтычнага значэньня з мастацкага боку ён не ўяўляе.

Затым быў дапытаны супрацоўнік РАУС Кастрычніцкага раёна падпалкоўнік Генадзь Заблоцкі. Фактычна, усё абвінавачваньне супраць Плешчанкі пабудаванае на ягоных паказаньнях. Тае начы Заблоцкі, па ягоных уласных словах, праходзіў па вуліцы Суворава, і ў поле ягонага зроку трапілі Уладзімер Плешчанка і Барыс Хамайда, даўнія знаёмыя па шматлікіх несанкцыянаваных пікетах. Уладзімер Плешчанка паклікаў спадара Заблоцкага, яны паразмаўлялі, і падпалкоўнік адвёў Хамайду і Плешчанку ў аддзяленьне, дзе іх, зафіксаваўшы, адпусьцілі. Тое, што бюсту няма на месцы, Заблоцкі заўважыў пазьней. Падпалкоўнік аргумэнтаваў свае падозраньні ў адносінах да спадара Плешчанкі тым, што колісь чуў, як на 25 сакавіка калёна дэманстрантаў, мінаючы бюст Суворава, крычала "Ганьба акупанту!". Ён таксама сьцьвярджае, што ў начы добра разгледзеў гумовыя боты на нагах у Плешчанкі і Хамайды, на якія зьверху былі выпушчаныя нагавіцы.

У справе фігуруе сьлед ад гумовага бота, які як быццам належыць спадару Уладзімеру, і гэтаксама знойдзены нейкі гузік ад мужчынскага пінжака.

Сёньня на судзе ішла размова пра тое, што вага бюсту - 315 кілаграмаў. Калі ўлічыць тое, што спадару Уладзімеру ўжо за 50 год, і што гэты чалавек перанёс інфаркт, дык зразумела, што падняць такую вагу яму немагчыма.

Паводле словаў Плешчанкі, у ягонай камэры ўтрымліваецца больш за дваццаць чалавек, па 2-3 чалавекі на адно месца. Сёньня Плешчанка заявіў, што ён належыць да тых людзей, якіх чым болей б'юць, тым болей яны знаходзяць у сабе сілы для супраціву.

Сабіна Радзько, Віцебск

XS
SM
MD
LG