Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 сакавіка 1999 г.


Сяргей Астраўцоў, Гародня

Мясцовыя ўлады распачынаюць перасьлед бізнэсоўцаў, якія ўдзельнічаюць у кампаніі па выбарах прэзыдэнта.

Ленінскую пракуратуру Гародні наведаў па ейным выкліку сябра БНФ Рыгор Фарманян. У яго склалася ўражаньне, што ў пракуратуры карыстаюцца пратаколамі вылучэньня сябраў камісіяў, якія ў свой час былі перададзеныя Віктару Ганчару і, відавочна, канфіскаваныя міліцыяй пад час ягонага захопу . Памочнік пракурора сьвятлана Нанькевіч ня ведала, што потым, па ўнутрыпартыйных прычынах, Рыгору давялося адмовіцца ад удзелу ў камісіі. Хаця выкліканы ён быў менавіта як сябра камісіі.

"І што, - пацікавілася памочнік пракурора, — Вашыя погляды пасьля гэтага не зьмяніліся?". "Не, не зьмяніліся" - адказаў актывіст БНФ.

Пакуль пракуроры абмяжоўваюцца папярэджаньнем. А вось улады часам ідуць далей.

У Сьвіслачы, на мяжы з Польшчай, пракуратурай былі папярэджаныя шасьцёра сябраў камісіяў у справе выбараў прэзыдэнта. Што датычыць яе кіраўніка, прадпрымальніка Віктара Трышчановіча, дык улады зачынілі ягоную фірму "Электрапрамень". Бяз працы засталіся сем чалавек. На пасяджэньні райвыканкаму вёў рэй ягоны старшыня Анатоль Кузьма. Фармальная прычына наступная: першае паўгоддзе летась фірма мела страты. Але і аб сапраўднай прычыне Віктару таксама было сказана: за тое, што кіруе выбарчай камісіяй.

Балансавы кошт маёмасьці фірмы - тры мільярды беларускіх рублёў, а рэальны, калі яе прадаваць, можа быць удвая большым, лічыць Віктар Трышчановіч. Наўрад ці хто ў Сьвіслачы здольны яе набыць. Са стратамі таксама ня ўсё так проста: год назад самі раённыя ўлады загадалі яму зьвярнуць дзейнасьць. Маўляў, тэрыторыя, занятая пабудовамі фірмы, патрэбная для пабудовы рынку. Аднак нічога будаваць не сталі. Тады фірма аднавіла сваю дзейнасьць. Апошнія восем месяцаў мае прыбыткі, спраўна плоціць усе падаткі.

"У Сьвіслачы Вам навогул няма чаго рабіць" - заявілі прадпрымальніку на выканкаме, папярэдзіўшы, што нават прыватным прадпрымальнікам яго не зарэгіструюць.

XS
SM
MD
LG