Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 сакавіка 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь накіравала папярэджаньні за ўдзел у прэзыдэнцкай кампаніі БНФ "Адраджэньне", Аб'яднанай грамадзянскай партыі і Беларускаму Гэльсінскаму камітэту.

Паведамленьне Мінюсту пра папярэджаньне з'явілася ўчора. У ім тры арганізацыі - праваабарончы цэнтр і дзве партыі - былі абвінавачаныя ва ўдзеле ў прэзыдэнцкіх выбарах, што афіцыйныя юрыстыя разглядаюць як "змову ў мэтах зьвяржэньня існуючага ладу". Горкая іранія палягае ў тым, што мінюст накіраваў свае лісты ў гадавіну той самай Канстытуцыі, якую ахвяры папярэджаньняў адстойваюць.

Да апошняга часу ўлады не спрабавалі ліквідаваць уплывовыя партыі. Тым больш, яны не зьнішчалі праваабарончыя арганізацыі. Сьвет добра памятае, як у 70-я гады савецкія ўлады нішчылі Гэльсінскія групы ў Маскве, на Украіне і ў Грузіі. Але цяпер улады вырашылі зьліквідаваць рэшткі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

Цікава адзначыць, што Гэльсінскі камітэт атрымаў папярэджаньне толькі сёньня. У ім, у прыватнасьці, гаворыцца, што 12 лютага ўпамяшканьні Гомельскага аддзелу БГК былі знойдзеныя 14 000 плякатаў, якія заклікаюць, як сказана, "да правядзеньня антыканстытуцыйных мерапрыемстваў у выглядзе так званых прэзыдэнцкіх выбараў". Мінюст разглядае гэта як парушэньне заканадаўства і статуту арганізацыі і паведамляе, што пры паўторным, на працягу году, парушэньню заканадаўства і статуту, можа быць пастаўлена пытаньне аб ліквідацыі Гэльсінскага камітэту.

Я папрасіў пракамэнтаваць гэтае рашэньне старшыню БГК Тацьцяну Процьку:

(Процька:) "Мы будзем абскарджваць гэта ў судзе. З той прычыны, што яны знайшлі чатырнаццаць тысячаў плякатаў, папярэджаньне не павінна быць вынесенае. Калі б мы распаўсюджвалі — гэта адно, але калі мы захоўвалі - гэта другое. Я так думаю, што БГК - арганізацыя, у якой зараз канцэнтруецца найважнейшая пазыцыя міжнародных суадносінаў Беларусі зь іншымі дзяржавамі, а менавіта сытуацыя з правамі чалавека. Відаць, ужо дапякло кіраўніцтва, калі ставяць наш камітэт у адзін шэраг з Грамадзянскай партыяй і Беларускім Народным Фронтам "Адраджэньне". Мы будзем працаваць іак, як працавалі нашыя папярэднікі ў 76-77 годзе, і яшчэ зробімся дысыдэнтамі, да гэтага ідзе. У "папярэджаньні" ёсьць і пра тое, што нашыя рэгіянальныя структуры не пастаўленыя ў мясцовых выкаyаўчых камітэтах у месячны тэрмін з дня апублікаваньня дэкрэту прэзыдэнта. Мы зьвярнуліся ў выканаўчыя камітэты з такой просьбай, паставіць іх на ўлік, і нам адмовілі. Не знайшлі б улёткі - дык за гэта вынесьлі б папярэджаньне".

БНФ тэкст папярэджаньня не атрымаў да гэтуль. Але адзін з кіраўнікоў партыі, Анатоль Крыварот, выклаў у інтэрвью радыё "Свабода" пазыцыю па гэтым пытаньні.

(Крыварот:) "Мы дзейнічаем як арганізацыя ў рамках закону, у рамках Канстытуцыі 1994 году, і нас гэтае папярэджаньне зьдзіўляе. Што да самога папярэджаньня, дык мы ставімся да яго спакойна — яно ня першае. Мы працуем, як і працавалі раней".

(Карэспандэнт:) "А ці не выключаеце Вы, што, як сказана ў гэтым паведамленьні міністэрства юстыцыі, што на падставе гэтага папярэджаньня, іншых папярэджаньняў Фронт можа быць не перарэгістраваны?".

(Крыварот:) "Гэта працэс не юрыдычны, а палітычны, і рашэньне будзе прымацца не юрыдычнае, зразумела. Таму адно, два папярэджаньні, тры, - яны будуць разглядацца не ў палітычным аспэкце, а з пункту гледжаньня палітычнай мэтазгоднасьці перарэгістрацыі Фронту".

(Вядучы:) Юры, яшчэ да пачатку кампаніі многія, нават самі яе ініцыятары, выказваліся наконт таго, што найбольшы палітычны эфэкт апазыцыя атрымае ў тым выпадку, калі ўлады пачнуць душыць выбарчую кампанію. З твайго пункту погляду, чаму ўлады абралі менавіта такую тактыку паводзінаў, якая, відавочна, стварае найбольшы палітычны эфэкт для апазыцыі?.

(Дракахруст:) "Сапраўды, такое магло б быць, і шмат хто выказваўся за тое, што ўлада будзе паводзіць сабе інакш. Больш таго, на першы погляд здавалася, што паколькі сапраўды набліжаецца тэрмін сканчэньня легітымных прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў, дык улада будзе сабе паводзіць больш стрымана. Але ўлада кіруецца лёгікай дыктатураў, нават на такім казачным узроўні. Бо чым менш адзеньня застаецца на каралі, тым больш моцна душаць тых, хто можа крыкнуць, што кароль голы. А калі ўжо крычаць гэта ў голас, дык у іх інстынктыўная рэакцыя нават супраць сваіх інтарэсаў".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG