Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 сакавіка 1999 г.


Пяці беларускім журналістам адмоўлена ў падаўжэньні візаў у знаходжаньні на тэрыторыі Польшчы. Пра гэта паведаміў польскі часопіс "Wprost". У артыкуле сьцьвярджаецца, што як мінімум адзін зь іх трапіў пад падазрэньне ў зборы інфармацыі на карысьць спэцслужбаў Беларусі.

У публікацыі, падрыхтаванай трыма польскімі журналістамі, аналізуецца факт адмовы ў падоўжаньні візаў пятнаццаці расейскім бізнесоўцам, якія карысталіся гэіак званай "картай пабытовай".

Пачынаецца, аднак, артыкул з наступнага паведамленьня: "Цягам апошніх тыдняў ваяводы і супрацоўнікі міністэрства ўнутраных справаў адмовілі ў падаўжэньні візаў пяці беларускім журналістам". Імёны гэтых журналістаў, а таксама выданьні, якія яны прадстаўляюць, не названыя.

Між тым, у публікацыі гаворыцца, што як мінімум аднаго з грамадзянаў Беларусі польская служба бясьпекі дзяржавы падазрае ў спробе пранікнуць у польскія палітычныя колы з мэтай збору інфармацыі на карысьць спэцслужбаў сваёй краіны.

Варта адзначыць, што часовыя візы для замежнікаў, якія знаходзяцца ў Польшчы ў службовых справах, выдаюцца ваяводствамі на тэрмін 6 месяцаў, пасьля чаго могуць працягвацца яшчэ на паўгода. Пасьля гэтага трэба афармляць так званую "карту сталага побыту", іншымі словамі - від на жыхарства. Шмат хто з расейскіх бізнесоўцаў, якія гадамі жалі ў Польшчы, парушалі гэтае правіла, але ўлады да часу не зьвярталі на гэіа асаблівай увагі.

Аднак польская Служба бясьпекі, ад якой залежыць дазвол на выдачу доўгатэрміновых візаў, апошнім часам заняла рашучую пазыцыю. Згодна зь існуючай міжнароднай практыкай, рашэньні ворганаў унутраных справаў той або іншай краіны адносна знаходжаньня замежных грамадзягаў на ейнай тэрыторыі, прымаецца канфедэнцыйна, без тлумачэньня матываў і падрабязнасьцяў з боку дыпляматычных місіяў.

Са свайго боку, аднак, расейскае МЗС выказала ўжо афіцыйны пратэст з нагоды дэпартацыі групы расейскіх бізнесоўцаў. МЗС Беларусі пакуль захоўвае маўчаньне.

Удалося даведацца імя толькі аднаго зь пяці беларускіх журналістаў — гэта карэспандэнт "Нацыянальнай эканамічнай газэты" Віталь Скабелка.

Ці мае гісторыя зь візамі чыста працэдурны характар, ці ў ёй існуе і палітычная афарбоўка? Сваё меркаваньне на гэты конт выказаў у тэлефоннай размове літаратар Сямён Букчын, які працуе зараз у Варшаве. Трэба падкрэсьліць, што яго рашэньне польскіх уладаў не тычыцца.

(Букчын:) "Я такі прыклад прывяду: у дзень, калі Польшча ўступала ў НАТА, былі мітынгі і антынатаўскі, і ў падтрымку НАТА. Каля амбасады амэрыканскай былі дзве групы моладзі - адна дэмакратычная, скажам так, другая - прыхільнікі сацыялістычнай партыі. Адны крычалі "НАТА - так!", а другія "НАТА - не!". А потым з боку дэмакратаў панеслася ў бок сацыялістаў: "Лукашэнка - вашым Богам, Лукашэнка - вашым панам!". Беларусь і яе прэзыдэнт ў сьвядомасьці польскай грамадзкасьці існуюць як своеасаблівы ўнутраны фактар, і фактар адмоўны. З другога боку, я думаю, што польскі ўрад патрабуе ад пэўных міністэрстваў нейкіх мераў у сувязі з уваходжаньнем Польшчы ў НАТА, у сувязі з тым, што Польшча рыхтуецца да ўступленьня ў Эўрапейскі Саюз.Я размаўляў тэлефанічна з Скабелкам, і ён паведаміў, што ён якраз адзін з тых пяці, каму запрапанавана пакінуць краіну".

Сямён Букчын дадаў таксама, што, паводле ягоных зьвестак, Віталь Скабелка жыве ў Польшчы ўжо чатырнаццаць гадоў, і толькі чатыры апошнія гады працуе ў якасьці карэспандэнта. Ён афіцыйна акрэдытаваны пры польскім МЗС. Аднак рашэньне аб высылцы прымалася ня гэтым ведамствам, а Службай бясьпекі. Рашэньне, якое не падлягае апэляцыі. Акрамя таго, як удалося высьветліць, ня ўсе журналісты зь Беларусі, што працуюць у Польшчы, акрэдытаваныя пры МЗС менавіта як прадстаўнікі беларускіх СМІ. Да прыкладу, карэспандэнт "Советской Белоруссіі" у Варшаве Бурак з'яўляецца адначасова карэспандэнтам расейскай "Незавісімой газеты" у краінах Усходняй Эўропы.

З другога боку, некаторыя з акрэдытаваных журналістаў ніколі не надрукавалі аніводнага радка.

Віталь Тарас, Менск.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG