Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 сакавіка 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Некаторыя сьцьвярджаюць, што аб'яднаньне дэмакратычных сілаў Беларусі немагчымае з прычыны амабіцыяў некаторых лідараў. Выглядае, прыхільнікі гэтай тэорыі недалёкія ад ісьціны.

Кіраўнікі чатырох палітычных партыяў, а менавіта Сацыял-дэмакратычнай Грамады (спадар Шушкевіч), Нацыянальнай партыі (спадар Астапенка), Аграрнай партыі (спадар Лугін), Рэспубліканскай (спадар Арцюшэўскі), а таксама старшыня Беларускага жаночага руху "Адраджэньне Айчыны" спадарыня Ваніна выступілі з сумеснай заявай.

Як вядома, Кангрэс дэмакратычных сілаў Беларусі, што праходзіў напрыканцы студзеня, вырашыў стварыць Кансультацыйна - каардынацыйную раду. Але - цытую заяву пяцёх палітыкаў - "па-свойму ўспрынялі гэтае рашэньне Генадзь Карпенка і Мікола Статкевіч, якім даўно хочацца стаць лідарамі агульнарэспубліканскай структуры. Запрасіўшы апроч сябе на нараду Генадзя Быкава, Андрэя Саньнікава і Уладзімера Роўду, яны ўтварылі "кансультацыйна-каардынацыйную раду" пад сваім кіраўніцтвам, з правам вета ў кожнага з удзельнікаў нарады. Астатнім прапанавалі далучыцца да "рады".

На думку пяцёх узгаданых вышэй лідараў, такі ворган ня мае ніякага дачыненьня да рашэньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў, і ніяк ня можа ўплываць на дзеяньні палітычных партыяў.

Чаму ж тады яго стварылі? Адказ на пытаньне ёсьць у тэксьце заявы: "Рада патрэбная дзеля таго, каб выдаць сябе ў замежжы за лідараў беларускай апазыцыі. Што, дарэчы, рабілася імі (маюцца га ўвазе Карпенка і Статкевіч — У.Г.) і раней".

Напрыканцы заявы Кансультатыўна-каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў характарызуецца словамі "віртуальны ворган". А таксама сьцьвярджаецца, што праца па стварэньню сарпраўднай рады павінна быць праведзеная зноўку пад кіраўніцтвам Старшыні Вярхоўнага Савета Беларусі 13-га скліканьня Сямёна Шарэцкага.

Такім чынам, пазыцыя пяцёх дзеячоў вызначаная. Што ж тычыцца погляду на заяву сябраў ужо існуючай рады (дарэчы, назоў яе ўжо зьмяніўся і спрасьціўся — "каардынацыйная рада"), дык Генадзь Карпенка адзначыў толькі, што Станіслаў Шушкевіч ігнараваў усе арганізацыйныя паседжаньні па стварэньню рады. Ягоную сацыял-дэмакратычную Грамаду чамусьці прадстаўляў спадар Астапенка, які ўзначальвае Нацыянальную партыю. Таму рабіць такія заявы з боку Шушкевіча , на думку Карпенкі, проста непрыстойна.

Не справа журналіста вырашаць, хто мае большую рацыю ў гэтай спрэчцы. Але я асабіста чамусьці ўзгадаў сваю нядаўнюю размову з кіраўніком кансультатыўна-назіральнай місіі АБСЭ ў менску спадаром Вікам. З відавочнай крыўдай нямецкі дыплямат распавёў: "Вы ведаеце, з вашай апазыцыяй працаваць немагчыма. Кожны, хто прыходзіць да мяне, заяўляе, што менавіта ён галоўны ў апазыцыі, і ягоныя пляны самыя разумныя. Пакуль вашыя людзі ня вызначацца паміж сабою, ніякага станоўчага выніку яны не атрымаюць".

Магчыма, што гэта і сапраўды так.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG