Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 15 сакавіка 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ужо некалькі дзесяткаў тысячаў подпісаў сабралі 2730 сябраў ініцыятыўнай групы па вылучэньні Зянона Пазьняка кандыдатам у Прэзыдэнты. "Нягледзячы на ціск з боку ўладаў справа ідзе, мы ўпэўненыя, што да 25 сакавіка неабходныя 100 000 подпісаў зьбяром" - заявіў кіраўнік ініцыяіыўнай групы Сяргей Папкоў.

Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі сп.Папкоў ды іншыя прадстаўнікі БНФ распавялі журналістам, як праходзіць перадвыбарчая кампанія.

Як цяжкую, але ўжо даволі пасьпяховую вызначыў намесьнік Старшыні БНФ Сяргей Папкоў працу па збору подпісаў за Зянона Пазьняка.

Сяргей Папкоў паведаміў журналістам аб шматлікіх выпадках уціску на зборшчыкаў з боку ўлады. Штучныя перашкоды, створаныя ўладамі Цэнтральнай выбарчай камісіі, таксама адбіваюцца і на працы зборшчыкаў подпісаў. Аднак, нягледзячы на гэта, справа рухаецца наперад. Ініцыятыўная група канчаткова сфармаваная. У ёй удзельнічаюць 2 730 сябраў. Збор подпісаў ідзе актыўна, і тэмпы гэтай кампаніі дазваляюць спадзявацца на посьпех, лічыць сп.Папкоў.

У якасьці галоўнай высновы, зробленай па першых выніках збору подпісаў, ён адзначыў, што ідэя правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў знаходзіць падтрымку сярод простых людзей.

(Папкоў:) "Адчуваецца, што сёньня час патрабуе зьменаў. Паводле водгукаў, якія ідуць з раёнаў, адчуваецца, што людзі падпісваюцца і яны чакаюць зьменаў. Ёсьць у нас сябры ініцыятыўнай групы, якія сабралі ўжо па пяцьсот подпісаў".

Як прагучала далей на прэсавай канфэрэнцыі, не ў ва ўсіх раёнах Беларусі ўдалося сфармаваць групы па зборы подпісаў за Зянона Пазьняка. Сакратар управы БНФ Анатоль Крыварот. у прыватнасьці, паведаміў, што без такіх групаў засталіся пяць раёнаў Гомельскай вобласьці, па тры раёны у Менскай, Віцебскай і Магілеўскай вобласьцях. А вось на Берасьцейшчыне і Гарадзеншчыне паўсюль сфармаваныя такія групы.

Анатоль Крыварот, аднак, ня робіць з гэтага высновы аб хібах у працы мясцовых структураў БНФ. Паводле ягоных словаў, усе структуры БНФ адмабілізаваныя на перадвыбарчую кампанію. Акрамя 2 730 зборшчыкаў подпісаў, 1 300 "фронтаўцаў" працуюць у тэрытарыяльных выбарчых камісіях. "Справаў шмат, але нашыя людзі зь ёй спраўляюцца" - адзначыў сакратар Управы БНФ.

Падрабязна аб супрацьстаяньні выбарчых актывістаў і ўлады распавёў Алесь Бяляцкі. Паводле ягоных назіраньняў, улады ўжываюць супраць арганізатараў выбараў самыя разнастайныя меры ўзьдзеяньня. Шмат дзе сябраў выбарчых камісіяў выклікаюць у міліцыю і папярэджваюць. У Гомлі, да прыкладу, былі папярэджаныя 50 сябраў камісіяў. Выкарыстоўваюцца і іншыя мэтады. У пасёлку Сьвіслач была скасаваная фірма бізнесоўца Віктара Транчаловіча, які уваходзіць у склад адной з тэрытарыяльных камісіяў.

Асобнай увагі, на думку Бяляцкага, заслугоўвае кампанія супраць зборшчыкаў подпісаў. Ім звычайна інкрымінуецца артыкул 167, частка 3 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэньнях. "Віну" зборшчыкаў знаходзяць у той частцы гэтага артыкула, дзе сказана "...ды іншыя парушэньні". За невядомыя "іншыя парушэньні" ужо пакарана некаллькі дзесяткаў чалавек.

Між тым, па дадзеных, якія прагучалі на прэсавай канфэрэнцыі, ня ўсе міліцыянты ды суддзі даводзяць справу перасьледу да канца. Ужо ёсьць прыклад, калі ў Заводзкім судзе Менску справу супраць зборшчыкаў подпісаў прыпынілі.

Кіраўніцтва БНФ аптымістычна глядзіць на пэрспектывы выбарчай кампаніі.

(Папкоў:) "Гэты ўціск не прывядзе да зрыву выбарчай кампаніі. Нашыя людзі не запалоханыя. Яны будуць працаваць самааддана, і мы подпісы зьбяром. Гэты этап мы зробім, а наступны этап ужо будзе залежыць ад ЦВК, ад міжнароднай супольнасьці, ад групы АБСЭ".

XS
SM
MD
LG