Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 сакавіка 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць

Сёньня да канца працоўнага дня ў Менскай вобласьці, як, зрэшты, і ў іншых вобласьцях краіны, мясцовыя ўлады павінны зацьвердзіць створаныя ўчасткі па выбарах Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Як вядома, сябры акруговых камісіяў, сябры ініцыятыўных групаў Зянона Пазьняка ды Міхаіла Чыгіра ў рэгіёнах зьведваюць жорсткі перасьлед з боку сілавых структураў. Ці ёсьць сэнс у такой атмасфэры адкрыта працягваць выбарчую прэзыдэнцкую кампанію?

Вось што з гэтай нагоды сказаў мне Старшыня Менскай абласной камісіі ў справе выбараў Прэзыдэнта Вялянцін Баранаў:

(Баранаў:) "Выбарчыя ўчасткі ўзбуйненыя, згодна з пастановай Вярхоўнага Савета ад 22 лютага. Зараз гэтая праца зацвершаная, і калі існуючая ўлада не зацьвердзіць участкі, дык участкі будуць зацьверджаныя Менскай абласной камісіяй у справе выбараў Прэзыдэнта 16-га сакавіка. Усяго па вобласьці будзе зацьверджана 369 участкаў".

Як паведаміў Валянцін Баранаў, мясцовыя сілавыя структуры імкнуцца перашкодзіць выбарчай кампаніі.
Ужо дабраліся і да самае абласной камісіі. На днях афіцыйнае папярэджаньне наконт недапушчальнасьці "змовы ў мэтах захопу ўлады" атрымаў сабра камісіі з Салігорску шахцёр Мікола Зімін. Сёньня дзеля ўручэньня такога ж папярэджаньня пракуратура выклікае і намесьніка Старшыні абласной камісіі спадара Міхнаўца. Чакае судовага працэсу сябра ініцыятыўнай групы Міхаіла Чыгіра барысаўчанін Зьміцер Абрамовіч.

(Баранаў:) "Я думаю, што пераходзіць на кансьпэратыўнае становішча трэба тым, хто не выконвае Пастанову Вярхоўнага Савета, хто не выконвае Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь".

Што ж мяркуе з гэтай нагоды сам Міхаіл Чыгір? Тым больш ён, як вядома, ёсьць нараджэнцам Капыльскага раёну.

(Чыгір:) "Мы будзем выказваць пратэст з гэтай нагоды, будзем патрабаваць, каб былі спыненыя ўсе дзеяньні, якія накіраваныя супраць ініцыятыўных групаў Пазьняка і Чыгіра. Тыя людзі, якія ўдзельнічаюць у перасьледзе ініцыятыўных групаў, прыйдзе час, будуць адказваць".

(Карэспандэнт:) "Як вы расцэньваеце тое, што Управа КДБ па Менскай вобласьці пераўтварылася ў ворган з, так бы мовіць, не ўласьцівымі ёй функцыямі?".

(Чыгір:) "Гэта зроблена па ўказаньню нашага прэзыдэнта сёняшняга, я думаю, гэта вялікая памылка, і прыйдзе час, гэтая служба будзе расфармаваная".

Былы міністр унутраных справаў Юры Захаранка верыць у нейтралітэт сілавых структураў пад час правядзеньня выбараў. І больш таго:

(Захаранка:) "Мяркую, сваё слова яны скажуць, як толькі скончыцца прэзыдэнцкі тэрмін".

Паводле словаў сп.Захаранкі, у створаны ім Саюз беларускіх афіцэраў падалі заявы каля 2 000 чалавек. Так што прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі зыход у падпольле не пагражае.

XS
SM
MD
LG