Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 сакавіка 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня пачынаецца аднадзённы візыт прэзыдэнта Беларусі ў Кіеў. Беларускія афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі падкрэсьліваюць, што ён будзе мець чыста эканамічны характар. Размова пойдзе аб даўгах, аб аўтамабільных зносінах, аб беларускім транзыце праз Адэсу. Наш матэрыял — пра палітычныя аспэкты візыту.

Украіна рыхтуецца да прэзыдэнцкіх выбараў, і таму безумоўна візыт беларускага кіраўніка мае выразны палітычны падтэкст. На мінулым тыдні Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла рашэньне аб далучэньні да Міжпарлямэнцкай Асамблеі СНД. Пэўны час таму сьпікер Вярхоўнай Рады Аляксандар Ткачэнка менавіта ў Менску выказаўся за далучэньне Ўкраіны да саюзу Беларусі й Расеі.

Палітычная барацьба ва Ўкраіне абвастраецца, і пытаньне дачыненьняў зь беларуска-расейскім саюзам — адна з галоўных тэмаў палітычных дэбатаў. Але Аляксандар Лукашэнка ніколі не абмяжоўваў сваю палітычную актыўнасьць Беларусьсю. Аб тым, як успрымае ўкраінскае грамадзтва сёньняшні візыт Лукашэнкі я папрасіў распавесьці майго кіеўскага калегу Ўладзімера Івахненку.

(Дракахруст:) Як украінскія палітычныя партыі ставяцца да сёньняшняга візыту беларускага прэзыдэнта, пра што ў сувязі з гэтым візытам пішуць украінскія газэты?

(Івахненка:) «Я хачу адзначыць, што зяа некалькі гадзінаў да візыту беларускага лідэра шэраг нацыянальна-дэмакратычных партыяў і маладзёвых арганізацыяў правялі каля беларускай амбасады акцыі пратэсту. Яны сярод іншага пратэстуюць супраць парушэньня правоў чалавека, а таксама супраць таго, што ў Беларусі перасьледуецца апазыцыйная прэса, і супраць роспуску канстытуцыйных ворганаў у вашай дзяржаве.

Што да парлямэнту, дык тут таксама няма адназначнай думкі наконт сытуацыі ў Беларусі. З аднаго боку, з «нацыянальным сходам» братаецца дэлегацыя Вярхоўнай Рады, якую ўзначальвае сьпікер парлямэнту Аляксандар Ткачэнка. А з другога богу — шэраг партыяў і фракцыяў украінскага парлямэнту адкрыта вітаюць намеры беларускай апазыцыі зваліць цяперашняга прэзыдэнта.

На ўзроўні афіцыйнай улады ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі ва Ўкраіне пануе поўная нявызначанасьць. З аднаго боку — вельмі асьцярожныя камэнтары, а з другога боку — досыць мяккая крытыка. Як адзначае ўкраінская прэса, ёсьць усе азнакі таго, што ўлада мае пэўную спакусу паўтарыць беларускі досьвед. Гэта асабліва заўважна ў эканоміцы, і тэндэнцыі да ізаляцыі, якія разьвіваліся ўжо некалькі гадоў, навбат былі агучаныя прэзыдэнтам як дзяржаўныя прыярытэты.

Праўда, хутчэй за ўсё, плёнам дачыненьняў з Лукашэнкам скарыстаецца ня Кучма, а сьпікер Ткачэнка, які верагодна таксама заявіць пра свой намер балятавацца ў кастрычніку сёлета на прэзыдэнцкіх выбарах. Для Ўкраіны, якая яшчэ пакуль дэкляруе сваю эўрапейскасьць, пераход на «беларускі шлях» будзе азначаць перадусім прызнаньне ва ўласнай, так сказаўшы, неадпаведнасьці. Таму фактар Лукашэнкі ва Ўкраіне — гэта своеасаблівы індыкатар, які паказвае ступень украінскай эвалюцыі або дэградацыі, і ягоны візыт дазволіць зрабіць чарговы замер гэтага ўзроўню. Так піша, прыкладам, сёньняшняя газэта «День»».

(Дракахруст:) З кім будзе сустракацца Лукашэнка і якія пытаньні будуць падчас гэтага візыту закранутыя?

(Івахненка:) «У праграме візыту — сустрэчы з прэзыдэнтам Кучмы, прычым у праграме тры сустрэчы, і зь сьпікерам Аляксандрам Ткачэнкам. Як пішуць афіцыйныя крыніцы, асноўная ўвага падчас тых перамоваў будзе нададзеная эканамічнаму супрацоўніцтву паміж Беларусьсю і Ўкраінай. Кіраўнікі абедзьвюх краінаў ужо пацьвердзілі сваю гатовасьць павялічыць сёлета тавараабмен да 2-2,5 мільярдаў даляраў, у тым ліку і за кошт паставак ва Ўкраіну беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі і мінэральных угнаеньняў».

(Дракахруст:) А ці чакаецца, што падчас гэтых перамоваў будуць закранутыя нейкія палітычныя пытаньні?

(Івахненка:) «Я думаю, што гэта так, і ў Кіеў Лукашэнка прыехаў ужо з адшліфаванай ідэяй славянскай інтэграцыі і будзе прапанаваць Украіне далучыцца да яго. А Леанід Кучма досыць актыўна выступае за пошук шляхоў канструктыўнага дыялёгу зь Беларусьсю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG