Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 сакавіка 1999 г.


Марыя Усьціновіч, Магілеў

Вестка пра зьняцьцё з пасады губэрнатара Магілеўшчыны Аляксандра Кулічкова надта не зьбянтэжыла мясцовую вэртыкаль і блізкіх да ўлады людзей. Кадравая палітыка прэзыдэнта настолькі непрадказальная, лічаць назіральнікі, што зьдзіўляцца тут няма чаму.

У прынцыпе чуткі наконт вызваленьня старшыні магілеўскага аблвыканкаму зьяўляліся кожны раз, як Аляксандар Лукашэнка прыяжджаў у вобласьць ці Аляксандар Кулічкоў ехаў у сталіцу з справаздачай. Вайна паміж губэрнатарам і прэзыдээнцкім бокам — маецца на ўвазе Дзяржкантроль і галоўны інспэктар па кадрах рэгіёну ад адміністрацыі прэзыдэнта Тамара Белкіна — цягнулася некалькі гадоў. Яна пачалася яшчэ за часы Яўгена Мікалуцкага, які два гады таму на прэзыдэнцкай нарадзе ў Дрыбіне патрабаваў зьняцьця з пасады старшыні райвыканкаму Сяргея Дземідзенкі і абураўся заступніцтвам за таго з боку губэрнатара.

Кулічкоў і Белкіна, якая пасьля забойства галоўнага кантралёра ў вобласьці стала асноўнай дзейнай асобай супрацьстаяньня, так і ня здолелі мірна высьветліць — хто тут мае больш улады, хто галоўны. Іх непрыязныя дачыненьні былі бачныя ўсім. Прыхільнікі пазыцыі Кулічкова называлі галоўнага інспэктара па кадрах «яркай прадстаўніцай ваяўнічага дылетантызму», але на баку Тамары Белкінай былі сродкі масавай інфармацыі — абласная газэта «Магілеўскія Ведамасьці» і абласное тэлерадыёаб'яднаньне, кіраўніцтва якіх стала на ейны бок і занялося крытыкай Кулічкова. Нават самыя дробныя промахі кіраўніка абласной вэртыкалі шырока асьвятляліся для прэзыдэнта і народных масаў, асабліва калі гэтыя промахі датычылі Мсьціслаўскага раёну — бацькаўшчыны Аляксандра Кулічкова, дзе на станцыі Ходасы (гэта плямгас імя Тэльмана) жыве ягоная маці.

Мсьціслаўскі раён яшчэ задоўга да прызначэньня на пасаду губэрнатара Магілеўшчыны Аляксандра Кулічкова, частка працоўнага жыцьця якога прайшла якраз у горадзе Бабруйску, лічыць адным з так сказаўшы «мафіёзных». Мяжа з Расеяй давала глебу для росквіту бізнэсу, а больш чым прыстойныя прыбыткі прымушалі дзейных асобаў шукаць людзей пры ўладзе, якія б заплюшчвалі вочы на парушэньні інструкцыяў і законаў. Напэўна, не бясплатна.

Нейкія падрабязнасьці ў новай «мсьціслаўскай справе» праваахоўчыя ворганы ў Магілеве паведаміць адмаўляюцца, мабыць — «у неафіцыйным парадку». Тым больш, што ўсе арыштаваныя — гэта старшыня Мсьціслаўскага райвыканкаму, ягоны сын, былы старшыня райвыканкаму, а цяпер вядомы камэрсант Аляксандар Пятроўскі, былы пракурор раёну, а таксама старшыня калгасу «Савецкая Беларусь» Мсьціслаўскага раёну — знаходзяцца ў Менску.

Вядома, што ўсё пачалося з апошняй асобы. Старшыня калгасу Мікалай Гарбаты прадаў 35 кароваў, якія былі знойдзеныя на закінутай ферме на расейскім баку. Сыгнал у мсьціслаўскую міліцыю паступіў з Хіславіцкага раёну Смаленскай вобласьці. Не заўважыць яго не маглі і пайшлі «капаць» далей. На адной з нарадаў у Магілеве таксама ўчора зьняты з пасады першы намесьнік Кулічкова кіраўнік аблсяльгасхарчу Уладзімер Адашкевіч сказаў, што знойдзенае ў доме Гарбатага ня йдзе ні ў якае параўнаньне нават з Старавойтавым. Потым знайшлася і фармулёўка — «патураньне з боку ўладаў». І гэта праўда, што Кулічкоў заўсёды абараняў ад усялякіх нападаў кіраўніка Мсьціслаўскага раёну Сяргея Дземідзенку. Днямі ён нават уручыў гэтаму раёну нейкі пераходны сьцяг за нейкія перамогі ў працы. Гэта праўда, што Кулічкоў — хросны бацька сына Дземідзенкі, таму нездарма ў Магілеве лічаць, што непрыемнасьці ў былога губэрнатара яшчэ толькі пачынаюцца. І ставяцца да гэтага ў калідорах улады па-рознаму. Каму Кулічкоў перашкаджаў, а для каго быў дарагім чалавекам.

Так, ён — адукаваны чалавек зь інтэлігентнымі паводзінамі і, напэўна, ня самы вялікі цемрашал. Але ў тым самым часе — тыповы вэртыкальнік, які ні на ёту не адыходзіў ад прэзыдэнцкай палітыкі, прыхільнік усяго дзяржаўнага, які проста не выносіць слова «прыватнік». Але ўсё ж народ сёньня ў грамадзкім транспарце й чэргах не выказвае вялікае злараднасьці з нагоды выкрыцьця яшчэ аднаго чыноўніка. Па-першае, у Магілеўскай вобласьці ўжо стаміліся ад гучных справаў, а па-другое — людзі гавораць, што ніводзін нават самы дрэнны чалавек і губэрнатар не заслужыў таго, каб яго перад камэрамі ледзь ня высьпяткамі выстаўлялі з нарады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG